Вольга Гапеева
Вольга ГАПЕЕВА (нар. 1982, Мінск) — беларуская пісьменніца.
Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт (2004), спецыяльнасць — замежныя мовы і літаратура — англійская і нямецкая, трэцяя — французская. Ступень магістра (лінгвістыка, 2005, МДЛУ), ступень магістра па Гендэрных даследаваннях (2007, EHU-International, Вільнюс, Літва). Навучаецца ў аспірантуры Лінгвістычнага універсітэта (параўнальная лінгвістыка). Курыруе замежныя праекты (пераклады) і займаецца прамоўцыяй беларускай літаратуры за мяжой (выдавецтва «Логвінаў»).
Піша паэзію, прозу, драматургію. Даследуе феномен цялесных мадыфікацый і самапашкоджанняў, а таксама займаецца гендэрнай праблематыкай у культуры і літаратуры. Публікуецца з 1999 у перыёдыцы і анталогіях. Аўтар кніг «Рэканструкцыя неба» (паэзія, проза, драма; 2003), «Няголены ранак» (паэзія; 2008). П'еса В. Гапеевай «Калекцыянэр» была пастаўлена у рамках фестывалю «Тры дні» (серыя прэзентацый кніг выдавецтва «Логвінаў») у Музеі гісторыі беларускай літаратуры (Удзел у пастаноўцы прымала Вальжына Морт). У кастрычніку 2006 у рамках ХІ міжнароднага тэатральнага фестывалю «Кonfrontacje Teatralne» (Люблін, Польшча) п'еса «Калекцыянэр» была прадстаўлена у праекце «Dramat Nieobecny» на чытаннях беларускай драматургіі. У 1999—2006 публікавалася ў літаратурных часопісах «ARCHE», «Маладосць», «Крыніца», «Першацвет» (Беларусь), «Blesok» (Македонія), «Die Horen» (Германія). Перакладае з і на замежныя мовы (англійская, нямецкая, украінская, македонская). Куратар, перакладчык і аўтар анталогіі «Лінія Фронту» (2003) (зборнік беларускіх і нямецкіх тэкстаў) і «Лінія Фронту — 2» (2007), адна з перакладчыкаў зборніка нямецкай паэзіі «У танцы ліхтароў» (Im Lichtertanz) (2004), а таксама кнігі Р. Барадуліна «Ксты» (Ksty) (пераклад на англ., 2006). Творы Вольга Гапеевай перакладаліся на англійскую, нямецкую, польскую, македонскую, чэшскую мовы.
Прадстаўляла Беларусь на круглым стале «Скрыжаваньне літаратуры: Усход і Захад» у рамках 20-га міжнароднага фестывалю (Славенія, Віленіца, 2005); на міжнароднай канферэнцыі «Літаратура без межаў», прысвечанай перакладу славянскіх літаратур краінаў нечленаў ЕС (Чэхія, Прага, 2006); на фестывалі «Die Macht der Sprache» (Берлін, 2007) у дыскусіі, прысвечанай тэме «Muttersprache. Vaterland»
[правіць] Бібліяграфія
- Гапеева В. Рэканструкцыя неба. — Мн.: Логвінаў, 2003. — 142 с.
- Гапеева В. Няголены ранак. — Мн.: Логвінаў, 2008. — 65 с.
[правіць] у анталогіях і зборніках
- «Лінія Фронту — 2» Анталёгія Нямецкіх і Беларускіх Тэкстаў. — Мінск: Логвінаў, 2007.
- «Лінія Фронту». Анталёгія Нямецкіх і Беларускіх Тэкстаў. — Мінск: Логвінаў, 2003. — 240 с.
- «Краса і сіла». Анталёгія Беларускай паэзіі 20 ст. Складальнік М.Скобла.; Рэд. А. Пашкевіч. — Мінск: Лімарыус, 2003. — 880 с.
- «Верш на Свабоду». Анталёгія паэзіі. Радыё Свабода, 2002. — 464 с.
- «Анталогія маладога верша». Мінск: Ураджай, 2001. — 351 с.
[правіць] Літаратура
- Гапеева Вольга // Выдавецтва «Галіяфы»: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com
