Востраў Брач
| Брач Brač |
|
| Каардынаты: | |
| Акваторыя | Адрыятычнае мора |
| Краіна | |
| Плошча | 396 км² |
| Насельніцтва | 14 434 чал. |
| Шчыльнасць насельніцтва | 36,449 чал./км² |
Брач (харв.: Brač) — востраў у Адрыятычным моры. Уваходзіць у склад Харватыі. Плошча - 396 км². Насельніцтва - 14434 чал. (2011 г.).
Змест |
Геаграфія і прырода [правіць]
Брач - трэці па плошчы востраў Далмацыі. Ад кантынента аддзелены Брачскім пралівам. Складзены пераважна вапнякамі. Найвышэйшы пункт - Відава гара (778 м). Сталых вадацёкаў няма. Для забеспячэння вострава пітной вадой у 1970 г. з кантынента быў працягнуты вадаправод.
Клімат міжземнаморскі ўмераны. Для яго характэрныя цёплае доўгае лета і кароткая мяккая зіма. Сярэдняя тэмпература ўлетку каля 24° C, узімку каля 14° C. Сонца ззяе 2700 гадзін на працягу года. Колькасць ападкаў адрозніваецца ў залежнасці ад раёну. На поўначы яна не перавышае 720 мм у год, на паўднёвых перадгор'ях дасягае 1420 мм у год. Снежныя ападкі здараюцца рэдка, не болей за 2 дні на працягу года. Летні вецер містраль зніжае спякоту.
Флора і фаўна Брача значна зменены чалавекам. Яшчэ ў пачатку эпохі сярэднявечча яго пакрывалі густыя лясы, насялялі алені і мноства птушак. Мяркуюць, што назва вострава ў перакладзе са старажытнай ілірыйскай мовы значыць "Аленевы". У нашы дні пераважаюць другасныя насаджэнні — хмызняковыя, хвоі, шмат кветак. Шостая частка Брача прыдатная для вядзення сельскай гаспадаркі.
Гісторыя [правіць]
Першыя людзі сучаснага тыпу з'явіліся на Брачы ў познім палеаліце. У бронзавым - жалезным вяках яго насялялі ілірыйцы, заваяваныя ў I ст. да н. э. рымлянамі. На востраве здабывалі вапняк і мармур. У V - VII стст. на Брачы сяліліся бежанцы з кантыненту, у тым ліку славяне.
У 1268 - 1420 гг. востраў пераходзіў ва ўласнасць то Венецыі, то Венгрыі, то Босніі. У выніку трапіў пад кантроль Венецыі. Мясцовае насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і ловам рыбы. Вельмі важнае значэнне мелі вырошчванне вінаграду і кабатажнае суднаходства. Сярод астравіцян асабліва вылучаліся выхадцы з Босніі, якія служылі ў арміі і на флоце.
У 1797 г. Брач быў далучаны да Аўстрыйскай імперыі. У 1918 г. - да Югаславіі. У кан. XIX - сяр. XX ст. развівалася эміграцыя ў іншыя краіны. Часткова гэта было звязана з перанаселенасцю (насельніцтва ў некаторы час перавышала 20 тыс. чал.), часткова - са згубай вінаграднікаў з-за хваробаў.
У 1941 - 1944 гг. Брач быў акупаваны італьянскімі і нямецкімі войскамі. Мясцовае насельніцтва арганізавала партызанскую барацьбу супраць захопнікаў.
У 1991 г. увайшоў у склад незалежнай Харватыі.
Эканоміка [правіць]
Частка мясцовага насельніцтва займаецца сельскай гаспадаркай, вырошчвае вінаград, аліўкавае дрэва, садавіну. Паселішчы Мілн і Пасціра спецыялізуюцца на лове рыбы. У Супетары і Суціване існуюць прамысловыя прадпрыемствы па пераапрацоўке прыроднага каменю і вытворчасці пластмас. Аднак большасць уцягнута ў абслугоўванне турыстаў, якіх вабяць пляжы каля мястэчка Бол. У вёсцы Шкрып працуе музейна-этнаграфічны цэнтр.
Рэгулярная марская паромная пераправа злучае Брач з горадам Спліт, працуе аэрапорт.