Востраў Ніас

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ніас
Tano Niha, Nias
Nias Topography.png
Каардынаты: Каардынаты: 1°06′00″ пн. ш. 97°32′00″ у. д. / 1.1° пн. ш. 97.533333° у. д. (G) (O) (Я)1°06′00″ пн. ш. 97°32′00″ у. д. / 1.1° пн. ш. 97.533333° у. д. (G) (O) (Я)
Акваторыя Індыйскі акіян
Краіна Flag of Indonesia.svg Інданезія
Ніас (Інданезія)
Ніас
Ніас
Плошча 5 121,3 км²
Насельніцтва 756 762 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 147,768 чал./км²
Выгляд з космасу
Commons-logo.svgНіас на Вікісховішчы 


Ні́ас або Нія́с[1] (індан.: Nias, на мове ніасцаў Tano Niha, літаральна "зямля людзей"[2]) — востраў у Індыйскім акіяне. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча - 5121,3 км². Насельніцтва (2010 г.) - 756 762 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Ніас — самы буйны востраў Інданезіі на захад ад Суматры. Даўжыня — каля 125 км, шырыня — каля 40 км. Сфарміраваны ў выніку субдукцыі (напаўзання акіянічных пліт, гл. Тэктоніка пліт). Знаходзіцца ў зоне сейсмічнай актыўнасці. Моцна пацярпеў пад час землетрасенняў 2004 г. і 2005 г.

Берагі нізкія, часам забалочаныя. Вылучаюцца шырокія пясчаныя пляжы, асабліва характэрныя для поўдня. Цэнтральная частка і поўдзень вострава ўзгорыстыя (да 886 м). Шмат рэк.

Клімат экватарыяльны вільготны. З красавіка да кастрычніка цягнецца сезон мусонаў, з лістапада да сакавіка - адносна сухі сезон, які суправаджаецца сталымі вятрамі, але найбольшай моцы вецер дасягае ў міжсезонне, асабліва ў кастрычніку. Усяго налічваецца 270 дажджлівых дзён. На працягу года тэмпературы вагаюцца ад 20 да 36°C.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

На Ніасе захаваліся мангравыя і шыракалістыя лясы. Апошнія растуць пераважна на ўзгорках. Частка гаспадарчых зямель занята плантацыямі какосавай пальмы (27 445 га) і гевеі (26 262 га), сярод якіх сустракаецца нямала дзікарослых дрэў.

Багатая калісьці фаўна была ў вялікай ступені страчана ў выніку дзейнасці чалавека. Значныя праблемы ўзнікаюць з-за шырока распаўсюджаных малярыі і шаленства.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Правадыр з Ніаса, мал. 1866 г.

Дакладны час засялення Ніаса не вядомы. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што продкі ніасцаў з'явіліся каля 12 тыс. гадоў таму, калі востраў быў злучаны з Суматрай сухапутным мостам. Але некаторыя аўтары мяркуюць, што засяленне магло адбыцца значна раней - каля 55 тыс. гадоў таму. Гэта часткова пацвярджаецца генетычнымі даследаваннямі, якія праводзіліся ў 20022003 гг., хаця і не абвяргае тэорыю аб пазнейшых перасяленцах з Суматры і, магчыма, Індыі.

У адноснай ізаляцыі абарыгены Ніаса стварылі арыгінальную мегалітычную культуру. Яны займаліся сельскай гаспадаркай, паляваннем і збіральніцтвам. Да прыходу еўрапейцаў вылучыўся пласт спадчынных правадыроў, якія вялі паміж сабою войны.

У персідскіх пісьмовых крыніцах звесткі пра Ніас з'явіліся ў IX ст. З XV ст. востраў наведвалі гандляры рабамі з Паўночнай Суматры, якія заснавалі на паўночным усходзе вострава невялікі гандлёвы цэнтр.

У 1857 г. Ніас быў намінальна далучаны да валоданняў Нідэрландаў. Аднак рэчаісны каланіяльны кантроль быў усталяваны толькі ў 1906 г. У 1865 г. на Ніасе высадзіліся нямецкія місіянеры, якія садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства, спыненню ўзаемных войнаў і гандлю рабамі. Каля 1915 г. сярод астравіцян узмацніўся апакаліпсічны рух.

У 1945 г. Ніас увайшоў у склад Інданезіі.

Узбярэжныя раёны моцна пацярпелі ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года.

Сацыяльна-эканамічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Ніас падзяляецца на некалькі адміністрацыйных адзінак. Галоўным паселішчам і эканамічным цэнтрам з'яўляецца горад Гунунгсітолі на паўночным усходзе. Большасць насельніцтва вострава — карэнныя ніасцы, таксама жывуць кітайцы, выхадцы з Паўночнай Суматры і Явы.

Мясцовая эканоміка абапіраецца на сельскую гаспадарку, экспарт сыравіны для гумавай і харчовай прамысловасці. На поўдні вострава размешчана некалькі курортаў, якія абслугоўваюць турыстаў — прыхільнікаў сёрфінгу.

Пасля цунамі 26 снежня 2004 года сацыяльнае становішча застаецца напружаным. Назіраецца міграцыя мясцовых насельнікаў у Джакарту і іншыя правінцыі Інданезіі.

Зноскі

  1. БЭ, Т.7
  2. Beatty A. Society and exchange in Nias. - Oxford: Clarendon Press, New York: Oxford University Press, 1992

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]