Піткэрн (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Піткэрн)
Піткэрн
мясц. дыял. Pitkern, англ. Pitcairn
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча4,6 км²
Найвышэйшы пункт347 м
Насельніцтва67 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва14,57 чал./км²
Размяшчэнне
25°04′00″ пд. ш. 130°06′00″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Піткэрн
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
РэгіёнБрытанскія заморскія тэрыторыі
Піткэрн (востраў) (Ціхі акіян)
Піткэрн
Піткэрн
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Востраў Пі́ткэрн (на мясцовым дыялекце Pitkern Ailen, англ. Pitcairn Island) — востраў на поўдні Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад брытанскай заморскай тэрыторыі астравы Піткэрн. Плошча сушы — 4,6 км². Насельніцтва — 67 чал. (2011 г.). Адзіны населены пункт — Адамстаўн.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першымі насельнікамі былі палінезійцы, якія трапілі сюды ў прамежку часу паміж XI ст. і XV ст. Але да прыходу еўрапейцаў яны пакінулі востраў. У канцы XVIII ст. захоўваліся толькі рэшткі іх паселішча.

Адкрыты 3 ліпеня 1767 г. камандай брытанскага судна «Ластаўка» на чале з капітанам Філіпам Картэрэтам. Названы ў гонар матроса Роберта Піткэрна, які першым убачыў востраў на гарызонце.

23 студзеня 1790 г. на Піткэрне з’явіліся мяцежныя матросы з судна «Баўнці». Разам з захопленымі ў палон таіцянцамі, 6 мужчынамі і 11 жанчынамі (адна з іх мела немаўля), яны заснавалі земляробчую калонію. У 1800 г. у жывых застаўся толькі адзін мужчына-брытанец Джон Адамс. Ён прыняў на сябе адказнасць за ўсіх жанчын і дзяцей, арганізаваў навучанне дзяцей чытанню і прапаведаваў сярод каланістаў хрысціянства. Нягледзячы на ізаляванасць і наяўнасць толькі аднаго дарослага мужчыны, абшчына здолела існаваць далей.

У лютым 1808 г. Піткэрн і яго калонія былі зноў адкрыты амерыканскім гандлёвым караблём «Тапаз» на чале з капітанам Мэйх’ю Фолджэрам.

30 лістапада 1838 г. Піткэрн быў афіцыйна ўключаны ў склад Вялікабрытаніі. Зараз яго насяляюць 67 чал., нашчадкі мяцежнікаў з «Баўнці» і таіцян.

Прырода і геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Піткэрн мае вулканічнае паходжанне. Месціцца ў 2170 км ад Таіці, 5310 км ад Новай Зеландыі і 6600 км ад Панамы.

Большая частка ўзбярэжжа пакрыта стромкімі скаламі. Адзінае зручнае месца для высадкі — заліў Баўнці. Востраў не атачаюць каралавыя рыфы, таму каля берага заўсёды вялікія хвалі. У цэнтры Піткэрна — невысокая горная града (найвышэйшы пункт 347 м) і плато, на якім месціцца адзінае паселішча Адамстаўн.

Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, даволі вільготны. Гадавая колькасць ападкаў — каля 1700 мм. Сярэдняя тэмпература ў залежнасці ад сезону вагаецца ад 17 °C да 25 °C.

Нават за межамі сельскагаспадарчых угоддзяў астравіцян флора Піткэрна значна зменена чалавекам. Лясы займаюць меней за 30 % тэрыторыі вострава, растуць пераважна на горных схілах і ў ізаляваных далінах. Даследаванне флоры ў 2002 г. паказала, што толькі 81 від раслін на востраве можна лічыць мясцовым. З іх толькі некалькі эндэмікаў. Астатнія каля 250 відаў раслін былі інтрадуцыраваны чалавекам. Захаваліся дрэвападобная папараць Angiopteris chauliodonta і дрэва тапаў, якое шануецца астравіцянамі з-за высакаякаснай драўніны.

Фаўна прадстаўлена марскімі чарапахамі, пацукамі, крабамі, казуркамі і птушкамі. Раз на год каля вострава адбываецца міграцыя кітоў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]