Раатан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Раатан)
Раатан
ісп. Roatán
Знешні выгляд
Знешні выгляд
Характарыстыкі
Плошча125 км²
Насельніцтва17 415 чал.
Шчыльнасць насельніцтва139,32 чал./км²
Размяшчэнне
16°23′ пн. ш. 86°24′ з. д.HGЯO
АрхіпелагІслас-дэ-ла-Баія
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Раатан (Гандурас)
Раатан
Раатан
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Раата́н (ісп.: Roatán) — востраў у Карыбскім моры, найбуйнейшы ў групе Іслас-дэ-ла-Баія. Уваходзіць у склад Гандураса. Плошча вострава — 125 км². Насельніцтва — 17415 чал. (2001 г.)

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Карта

Востраў Раатан знаходзіцца ў 252,7 км на паўночны ўсход ад Тэгусігальпы, сталіцы Гандураса, і ў 10015 км на паўднёвы захад ад Мінска. Раатан з’яўляецца вяршыняй падводнага вулканічнага ўзвышша. Значная частка вострава сфарміравана каралавымі вапнякамі і пазней паднята ў выніку тэктанічных працэсаў. Даўжыня — 47,2 км, шырыня — да 4,9 км. Найвышэйшы пункт — 308 м над узроўнем мора.

Клімат трапічны вільготны. Сярэднія тэмпературы вагаюцца на працягу года ад +21—28° C да +25—31° C. У жніўні сярэдняя колькасць ападкаў не перавышае 76 мм у месяц, у лістападзе дасягае 448 мм у месяц.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Цёплы вільготны клімат стварае выдатныя ўмовы для развіцця прыроднай разнастайнасці. На Раатане растуць некалькі тыпаў лясоў, на сухіх узвышшах — хваёвыя, на нізінах — вільготныя з перавагай папарацяў, бамбуку, пальм і г. д. Паўсюдна на ўзбярэжжы сустракаюцца мангры.

Фаўна прадстаўлена 12 відамі сысуноў, у тым ліку аленямі, грызунамі, кажанамі, яшчаркамі, марскімі чарапахамі і птушкамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паселішча Фрэнч-Харбар на Раатане

У VI ст. да н. э. Раатан быў населены індзейцамі з Цэнтральнай Амерыкі. У 1502 г. ён быў адкрыт Хрыстафорам Калумбам. Іспанскія гандляры рабамі, а таксама англійскія і галандскія піраты вынішчылі мясцовых тубыльцаў.

У 1638 г. англічане прадпрынялі першую спробу каланізацыі вострава, але канкурэнцыя з іспанцамі і галандцамі зрабілі працяглае існаванне калоніі немагчымым. Раатан карыстаўся папулярнасцю сярод піратаў. На ім спыняўся Генры Морган. Другая спроба брытанскай каланізацыі адбылася ў 17421782 гг. Хаця брытанцы былі ў выніку выгнаныя іспанцамі, у 1797 г. яны перасялілі на востраў чорных карыбаў з Малых Антыльскіх астравоў, продкаў сучасных гарыфунаў. У першай трэці XIX ст. сюды таксама пераехалі выхадцы з Кайманавых астравоў і поўдня ЗША. Такім чынам, у сярэдзіне XIX ст. насельніцтва склала некалькі тысяч чалавек, прычым большасць размаўляла на англійскай мове.

У 1852 г. брытанцы афіцыйна далучылі Раатан да сваіх калоній і падпарадкавалі яго адміністрацыі Ямайкі. У 1860 г. востраў быў перададзены Гандурасу.

З канца XX ст. развіваецца турызм. На Раатане захавалася ўнікальная карыбская культура. Гэта, а таксама прыгожая прырода, прыцягваюць на яго шматлікіх наведвальнікаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]