Рапа-Іці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Рапа-Іці)
Рапа-Іці
фр. Rapa Iti
Бухта Ахурэі
Бухта Ахурэі
Характарыстыкі
Плошча40 км²
Найвышэйшы пункт650 м
Насельніцтва482 чал. (2007)
Шчыльнасць насельніцтва12,05 чал./км²
Размяшчэнне
27°36′20″ пд. ш. 144°20′40″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Тубуаі
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Рапа-Іці (Французская Палінезія)
Рапа-Іці
Рапа-Іці
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рапа-Іці, Рапа, Рапаіці (франц., таіц.: Rapa Iti, Rapa, Rapaiti) — востраў у групе астравоў Тубуаі. Уваходзіць у склад Французскай Палінезіі. Плошча — 40 км². Насельніцтва — 482 чал. (2007 г.).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Рапа-Іці месціцца на поўдні Французскай Палінезіі ў 690 км на паўднёвы захад ад вострава Тубуаі, у 1238 км ад Папеэтэ, у 16325 км ад Парыжа, у 17031 км ад Мінска.

Мае вулканічнае паходжанне. Абрысамі нагадвае грэчаскую літару ς. Даўжыня — 9,8 км, найбольшая шырыня — 7,6 км. Аснова сушы сфарміравана базальтамі. Берагі абрывістыя. На захадзе і ўсходзе вылучаюцца прасторныя бухты. Востраў даволі гарысты. Найвышэйшы пункт — гара Перау (650 м). Клімат трапічны вільготны.

Насельніцтва жыве пераважна ў цэнтры і на поўначы Рапа-Іці. На поўдні створаны запаведнік Манатау. Першародная прырода вострава пацярпела ад імклівага развіцця сельскай гаспадаркі яшчэ да прыходу еўрапейцаў. Схілы многіх гор страцілі расліннасць і падвергнуліся моцнай эрозіі.

Гісторыя і культура[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва Рапа-Іці складае асобны палінезійскі этнас эната рапаіці, культура і мова якога значна адрозніваецца ад суседзяў тубуаі і таіцян.

Адно з першых вядомых найменняў вострава — Апара (ад мясцовага слова пар, літаральна «ўмацаванне»). Яно было зафіксавана брытанскім першаадкрывальнікам Дж. Ванкуверам у 1791 г.

Нарвежскі даследчык Тур Хеердал лічыў, што востраў Рапа-Іці (літаральна «Малая Рапа») можа быць гістарычна звязаны з востравам Рапануі (літаральна «Вялікая Рапа»). Падчас археалагічных раскопак ім было выяўлена 15 каменных умацаванняў (пра іх існаванне вучоныя і ўлады Французскай Палінезіі ведалі і раней, у наш час вядома 28). Была высунута гіпотэза, што Рапа-Іці мог з’яўляцца прарадзімай рапануі. Але ў будучым яна не знайшла пацверджання. Як высветлілася, першыя насельнікі з’явіліся на Рапа-Іці не раней за 1150 г. н. э. Шчыльная палінезійская каланізацыя адбылася пасля XIII ст.

Аднак у вострава Рапаі-Іці ўсё ж маюцца агульныя паралелі з востравам Рапануі. У абедзвюх гэтых ізаляваных частках Акіяніі ў выніку чалавечай дзейнасці адбыліся экалагічныя катастрофы, якія прывялі да пераўладкавання культуры і грамадства. Імклівае павелічэнне насельніцтва на Рапа-Іці спрыяла спальванню лесу і тэрасіраванню схілаў гор для вырошчвання тара. Да канца XV ст. тубыльцы амаль знішчылі вялікія дрэвы і хмызнякі, што стала прычынай эрозіі глебы, а значыць, і скарачэння плошчы палеткаў. Для далейшага забеспячэння сваіх абшчын прыдатнай зямлёй астравіцяне пачалі міжусобныя войны і будаўніцтва ўзгаданых ваенных умацаванняў.

Пасля адкрыцця Рапа-Іці Дж. Ванкуверам сюды сталі прыязджаць іншыя еўрапейскія гандляры і даследчыкі. У выніку завезеных імі эпідэмічных хвароб да канца XIX ст. загінула тры чвэрці астравіцян. Каменныя ўмацаванні былі пакінуты. У 1825 г. выжылыя тубыльцы прынялі хрысціянства. У 1860-х гг. на Рапа-Іці здзейснілі напад перуанскія гандляры рабамі. Хрысціянскія місіянеры звярнуліся за дапамогай да французскіх уладаў Таіці. У 1864 г. для працы на востраве былі завезены рабочыя-рапануі. Магчыма, што яны і далі яму сучасную назву. У канцы XIX ст. Рапа-Іці быў далучаны да Французскай Палінезіі.

На востраве захоўваюцца многія рысы традыцыйнай культуры. Эната рапаіці асабліва вядомы сваім спеўным мастацтвам.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

На востраве два вялікія паселішчы. Адміністрацыйным цэнтрам і портам з’яўляецца вёска Ахурэі. Эканоміка Рапа-Іці ў значнай ступені залежыць ад фінансавай дапамогі з боку ўладаў Французскай Палінезіі. Дзяржава — галоўны працадаўца. Мясцовае насельніцтва займаецца земляробствам і ловам рыбы, але, галоўным чынам, для ўнутранага забеспячэння. Турызм пакуль не адыгрывае істотнай ролі ў развіцці. Дзейнічае аэрапорт.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]