Высокаўскі замак
Высокаўскі замак, колішні замак, які існаваў у 17-18 ст. у г. Высокае Камянецкага раёна.
Пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст., відаць, пры віцебскім ваяводзе Паўлу Сапегу. Земляныя ўмацаванні з бастыёнамі былі ўзведзены на высокім правым беразе р. Пульва, якую падперлі плацінай, і такім чынам зрабілі штучнае абвадненне.
Замак з усіх бакоў абступала вада. З паўночнага-ўсходу, дзе размяшчаўся ўезд, меўся шырокі стаў. Цераз яго быў перакінуты пад’ёмны мост, які падводзіў да 2-павярховай з трыма варотамі цаглянай вежы-брамы, схаванай у тоўшчы землянога вала. У ёй размяшчаліся кардэгарда, збруёўня і пад’ёмны механізм моста. Падыходы да брамы фланкіравалі 2 магутныя бастыёны і 2 курціны. Невялікія бастыёны былі тут таксама з поўначы і з захаду. На вялікім замкавым дзяцінцы стаялі драўляны палац і гаспадарчыя службы.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 і Паўночнай вайны замак моцна пацярпеў, але потым быў адноўлены. Да нашага часу захаваліся земляныя валы і брама замка. Археалагічныя даследавані тут праводзіў у 1977 М. А. Ткачоў.
[правіць] Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.