Вялікае Княства Літоўскае (1811)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мапа Літвы і Русі (межы Вялікага Княства Літоўскага)

Вялікае Княства Літоўскае (План Агінскага 1811 года) — праект дзяржавы, згодна з планам Міхала Клеафаса Агінскага 1811 года, на тэрыторыі васьмі губерняў Расійскай імперыі: Віленскай, Валынскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай губерняў, а таксама Беластоцкай вобласці і Тарнопальскай акругі. Дзяржава стваралася ў процівагу герцагству Варшаўскаму.

План Агінскага[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя стварэння з заходніх губерняў Расіі асаблівай правінцыі была выказана сенатарам М. К. Агінскім у красавіку 1811 года. Па прапанове імператара групай магнатаў (князь Міхал Клеафас Агінскі (1765—1833), князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846), граф Людвік Плятэр (1775—1846) і інш.) былі распрацаваны асноўныя палажэнні праекта. Згодна з планам меркавалася стварыць з Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Мінскай, Магілёўскай, Падольскай губерняў, Беластоцкай і Тарнопольской абласцей асаблівую правінцыю пад назвай Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Вільні і на чале з намеснікам расійскага імператара. Прадугледжвалася стварэнне асаблівых органаў кіравання (Літоўскай канцылярыі ў Пецярбургу, Адміністрацыйнага савета і Вярхоўнага трыбунала ў Вільні). Заканадаўчым кодэксам павінен быў стаць Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, а польская мова — мовай справаводства. Усе дзяржаўныя пасады планавалася замяшчаць толькі выхадцамі Княства. Прапаноўвалася вылучыць сродкі на адукацыю ў ВКЛ на асобны рахунак дзяржаўнага бюджэту.[1]

Мэтай расійскага імператара Аляксандра I была нейтралізацыя прафранцузскага ўплыву ў «польскіх губернях», і ўмацаванне сваіх пазіцый. Аднак не менш важным, калі не галоўным, было жаданне Аляксандра I максімальна выкарыстоўваць людскія і матэрыяльныя (харчовыя) рэсурсы Беларусі. У цыдулках ад 15 (27) кастрычніка і 1 снежні 1811 Агінскі раіў імператару не абмяжоўвацца стварэннем Вялікага княства Літоўскага, а прапанаваў аднавіць Польскае каралеўства. На яго думку, падобны крок выбіў бы ініцыятыву з рук Напалеона, прымусіў палякаў бачыць у Аляксандры I абаронцы іх Радзімы. У выпадку ж вайны з Францыяй, Польшча выступіць на баку Расіі, і тады імператар павінен прыняць польскую карону. Прапанова не знайшла падтрымкі ў Аляксандра I. Праект стварэння аўтаномнага ВКЛ быў толькі складовай часткай, «тэхнічным» бокам абарончага стратэгічнага плана вайны, а таму і не мог істотна паўплываць на выпрацоўку самога плана.[1]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Лукашевич А. М. Проекты восстановления Речи Посполитой…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]