Вёска Васілішкі
| Вёска
Васілішкі
Касцёл Св. Яна Хрысцiцеля
|
Васілі́шкі[1] — вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Шкардзянка пры ўтоку яе ў Лебяду. Цэнтр сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Насельніцтва 1560 чал. (2001). Знаходзяцца за 22 км на паўночны ўсход ад Шчучына.
Змест |
Гісторыя [правіць]
У пісьмовых крыніцах Васілішкі ўпершыню згадваюцца ў 1-й пал. XV ст. Пад 1486 паселішча значыцца як мястэчка, што ў кан. XV — пач. XVI стст. было сталіцай павету. Цягам 1499—1766 існавала Васілішкаўскае староства, першымі ўладальнікамі якога былі: Ян Сцяцковіч (1499), Ян Радзівіл (1500—1501), Васіль Львовіч Глінскі (1501—1504), Станіслаў Кішка (1505—1506; відаць ад гэтага прозвішча і паходзіць мянушка жыхароў Васілішак — «кішкары»), Ян Шчытовіч (1507—1515), Якуб Кунцэвіч (1518—1523), Ян Радзівіл (1523—1541). У 1659 у Васілішках адбыўся соймік Лідскага павета. У 2-й пал. XVIII ст. староства знаходзілася ва ўладанні Міхала Казіміра Агінскага.
Першы драўляны касцёл Святога Апостала Пятра збудавалі ў Васілішках на загад вялікага князя Казіміра ў 1489 годзе (8086 вернікаў). У Трынаццацігадовую вайну ў 1655 маскоўскія захопнікі зруйнавалі бажніцу. У 1658 Марцін Дамінік Лімонт, суддзя лідскага земства і будучы кашталян віцебскі, заснаваў драўляны кляштар дамініканцаў, а Кацярына Францкевіч з роду Абрахамовічаў у 1662 годзе ахвяравала на яго ўладкаванне 10 000 злотых. У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у лютым 1706 у кляштары на некаторы час спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Ляшчынскі (тым часам кароль шведскі Карл XII знаходзіўся ў мястэчку Жалудок). Цягам 1769—1832 сіламі манахаў будаваўся мураваны кляштарны корпус (у 1773 было 11 манахаў). У 1769 пачалося будаванне мураванага касцёла, кансэкраванага біскупам Валазіцкім у 1790.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Васілішкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам воласці Лідскага павета. Станам на 1829 у мястэчку было 144 будынкі (75 хрысціянскіх і 69 іўдзейскіх). Па здушэнні вызваленчага паўстання ў 1832 расійскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканцаў. На 1863 — 88 жылых дамоў; на 1866 — 244 будынкі, царква, касцёл, сінагога, акруговая сядзіба паліцыі, паштовая станцыя і народная школа (86 вучняў у 1885); на 1895 — 130 двароў. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1915 мястэчка занялі нямецкія войскі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Васілішкі апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Станам на 1921 у мястэчку было каля 275 двароў, гмінная ўправа, касцёл, пошта, кожны аўторак праводзіліся кірмашы.
У 1939 Васілішкі ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымалі афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу і сталі цэнтрам раёна Баранавіцкай вобласці. У 1940 існавалі электрастанцыя (магутнасць 17 кВт), завод вырабу фанеры, 2 паравыя млыны, амбулаторыя, ветэрынарны пункт, клуб, бальніца (на 25 ложкаў), аптэка, пошта і тэлеграф. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 Васілішкі знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. 3 жніўня 1954 статус паселішча панізілі да вёскі. 20 студзеня 1960 Васілішкаўскі раён скасавалі, вёска ўвайшла ў склад Радунскага, з 25 снежня 1962 — Шчучынскага раёна. Станам на 1970 тут было 300 двароў, на 1 студзеня 2001 — 548.
Насельніцтва [правіць]
- XIX стагоддзе: 1829 — 1096 чал., у тым ліку 575 хрысціян і 521 юдэй[2]; 1863 — 1859 чал.; 1866 — 1841 чал., з іх каталікоў 453, праваслаўных 5, іўдзеяў 1383[3]; 1869 — 1229 чал.[4]; 1886 — 931 чал.; 1897 — 2781 чал., у тым ліку 2081 юдэй
- XX стагоддзе: 1905 — 1983 чал.; 1919 — 1891 чал.; 1921 — 1874 чал., з іх каталікоў 641, праваслаўных 9, іўдзеяў 1223, іншых 1; 1940 — 2596 чал.; 1970 — 909 чал.[5]; 1992 — 2678 чал.[6]
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2001 — 1560 чал.[7]
Інфраструктура [правіць]
У Васілішках працуюць школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя [правіць]
Славутасці [правіць]
- Касцёл Св. Яна Хрысцiцеля (1769)
- Могілкі: яўрэйскія, каталіцкія, татарскія (Мізар)
- Сінагога (пач. ХХ ст.)
Галерэя [правіць]
- Краявіды Васілішак
Глядзіце таксама [правіць]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9.
- ↑ Іна Соркіна. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. П. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
- ↑ Wasiliszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 128.
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 380.
- ↑ Валерый Шаблюк. Васілішкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 230.
- ↑ Валерый Шаблюк. Васілішкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 229.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.
Літаратура [правіць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.— 592 с.: іл. ISBN 985-11-0218-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Wasiliszki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 128.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вёска Васілішкі- Васілішкі на Radzima.org
- Globus.tut.by