Віктар Іосіфавіч Ганчар

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Віктар Ганчар
Старшыня ЦВК Беларусі
1996 — лістапад 1996
Прэм'ер-міністр: Міхаіл Чыгір
Прэзідэнт: Аляксандр Лукашэнка
Пераемнік: Лідзія Ярмошына
 
Партыя: АГП
Жонка: Зінаіда Ганчар

Віктар Іосіфавіч ГАНЧАР (7 верасня 1957, пас. Радзічава Слуцкага р-на), беларускі палітык.

Скончыў БДУ (1979), юрыст. У 1979 два месяцы праваў стажорам-адвакатам Мінскай абласной калегіі адвакатаў. З 1983 — малодшы навуковы супрацоўнік сектара гаспадарчага і працоўнага права Інстытута філасофіі і правы АН БССР, з 1985 — старэйшы навуковы супрацоўнік. Кандыдат юрыдычных навук (1986), тэма дысертацыі: «Внутрихозяйственный расчет в промышленности (Правовая организация)». У 1986—1990 — дацэнт кафедры права Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, затым — начальнік аддзела эканоміка-прававой работы Дзяржэканомплана БССР. З мая 1991 — першы намеснік старшыні Маладзечанскага гарвыканкама. Член Партыі народнай згоды (1992—1995). Дэпутат ВС БССР XII склікання. У крас. 1994 балатаваўся ў Канстытуцыйны Суд РБ, але не атрымаў падтрымкі большасці дэпутатаў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году быў адным з самых актыўных у выбарчым штабе кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля перамогі А. Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, указам Прэзідэнта ад 22.7.1994 № 3 В. Ганчар прызначаны Намеснікам Прэм'ер-міністра РБ, аднак неўзабаве указам Прэзідэнта ад 12.12.1994 № 258 была прынятая адстаўка В. Ганчара з гэтай пасады. В. Ганчар перайшоў у апазіцыю да прэзідэнта і ўступіў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, быў членам яе Палітрады (з 1995). У 1995—1996 быў генеральным сакратаром Эканамічнага суда СНД. У 1995 абраны дэпутатам ВС РБ XIII склікання. У 1996 прызначаны старшынёй Цэнтрвыбаркама, актыўна выступаў супраць А. Лукашэнкі падчас рэферэндума 1996 году, таму ў ліст. 1996 быў адхілены ўказам прэзідэнта ад пасады старшыні Цэнтрвыбаркама. В. Ганчар не прызнаў вынікаў рэферэндуму 1996 году. У 1998 узначаліў альтэрнатыўны Цэнтрвыбаркам падчас прэзідэнцкіх выбараў 1999 году. 21.7.1999 дэпутатамі ВС РБ XIII склікання, якія не прызнавалі вынікаў рэферэндуму 1996 году, абраны в.а. старшыні ВС РБ XIII склікання замест С. Шарэцкага, які быў прызнаны в.а. прэзідэнта. Фактычна гэта з'яўлялася спробай дзяржаўнага перавароту. Жанаты, мае сына.

Віктар Ганчар бясследна знік у Мінску 16.9.1999, разам са сваім сябрам — бізнесменам Анатолем Красоўскім. Пазней на меркаваным месцы знікнення — вул. Фабрычнай — былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля А. Красоўскага і кроў зніклых. 5.12.2002 суд Савецкага р-на г. Мінска прызнаў В. Ганчара адсутным без вестак. У студз. 2003 Пракуратура г. Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага. Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі[1]. Патрабаванне расследвання знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага — адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Алкаев О. Расстрельная команда. — М. Партизан. 2006. — 288 с. ISBN 5-91114-003-9

Літаратура

  • Гончар Виктор Иосифович // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
  • Гончар Виктор // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсьць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В.Голубеў, А.Кіжэ, А.Смольскі, В.Трыгубовіч, Г.Ахметава, В.Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6