Віктар Дзмітрыевіч Смольскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віктар Дзмітрыевіч Смольскі
Фота Віктара Смольскага («Rage») у Берліне, «К17», 9 сакавіка 2010 года.
Фота Віктара Смольскага («Rage») у Берліне, «К17», 9 сакавіка 2010 года.
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 1 лютага 1969(1969-02-01)[1] (55 гадоў)
Месца нараджэння
Краіна
Бацька Дзмітрый Браніслававіч Смольскі
Музычная дзейнасць
Прафесіі гітарыст, кампазітар
Інструменты гітара
Жанры метал, хэві-метал, паўэр-метал, прагрэсіўны метал, трэш-метал, хард-рок і класічная музыка
Грамадская дзейнасць
Член у
victorsmolski.de
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Віктар Дзмітрыевіч Смольскі (нар. 1 лютага 1969(1969-02-01)[1], Мінск) — савецкі і беларускі музыка, мультыінструменталіст, кампазітар, прадзюсар. Гітарыст сусветна вядомых метал-гуртоў «Almanac»[2], «Rage»[3], «Mind Odyssey» і «Lingua Mortis Orchestra». Педагог, аўтар адной з самых паспяховых нямецкіх праграм гітарнага навучання — DVD «Школа метала» (англ.: School of Metal). Член журы міжнародных музычных конкурсаў. Пастаянны прадстаўнік прэстыжных кампаній музычнай індустрыі, такіх як «Yamaha», ENGL, «Shure», «Cordial», «Thomastik-Infeld» і інш.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і знакамітага беларускага кампазітара і прафесара Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага 1 лютага 1969 года ў горадзе Мінску (Беларусь). У 6 гадоў пачаў вучыцца гульні на віяланчэлі і фартэпіяна, у 11 гадоў узяў у рукі гітару. Ва ўзросце 14 гадоў граў з папулярным у Савецкім Саюзе беларускім гуртом ПЕСНЯРЫ. Смольскі атрымаў акадэмічную музычную адукацыю, вывучаў джазавую і рок-гітару.

У 1998 годзе Віктар Смольскі заснаваў гурт ІНСПЕКТАР. З 1989 па 1993 гг ІНСПЕКТАР выступілі з вялікай колькасцю канцэртаў у Еўропе і выпусцілі свой кампакт-дыск Russian Prayer («Руская малітва») (Aris / Ariola).

У 1993 годзе Віктар Смольскі застаецца ў Германіі, пачынае працаваць як студыйны музыка і выпускае свой першы сольны альбом Destiny («Лёс»).

У 1995 годзе Віктар Смольскі далучыўся да берлінскага прог-метал гурта MIND ODYSSEY, які за кароткі час становіцца вельмі паспяховым. Былі сыграны Еўрапейскія туры сумесна з VICIOUS RUMORS і SAVATAGE. Відэакліпы гурта рэгулярна трансляваліся па заходніх TV-каналах MTV і VIVA. На найбольш паспяховых альбомах MIND ODYSSEY Nailed To The Shade і Signs большасць песень былі напісаны Віктарам Смольскім. Ён запісаў партыі гітары, сітара і клавішных. Таксама пад час працы над гэтымі двума альбомамі Віктар запрасіў да ўдзелу Беларускі Сімфанічны Аркестр.

Разам з бацькам, кампазітарам Дзмітрыем Браніслававічам Смольскім, Віктар напісаў сімфонію для электрагітары і аркестра, якую прадставілі ў канцэртным варыянце ў Еўропе.

У чэрвені 1999 года Віктар Смольскі стаў новым гітарыстам вядомага нямецкага пауэр-метал гурта RAGE. У такім складзе яны ўпершыню выступілі на нямецкім музычным фестывалі Wacken Open Air. Пасля гэтага RAGE адправіліся ў тур па Еўропе і Расіі.

У пачатку 2000 года Віктар Смольскі напісаў і выпусціў свой другі сольны альбом, які быў запісаны ў супрацоўніцтве з Беларускім аркестрам і калегамі з RAGE. Альбом The Heretic уяўляе сабой ідэальнае спалучэнне класікі і металу з натхняльнымі гітарнымі сола і гістарычнымі тлумачэннямі на трох мовах.

Наступны сольны альбом Смольскага Majesty & Passion засланяе ўсе напісаныя ім да таго часу працы. У запісе альбома ўзялі ўдзел вядомыя заходнія музыкі. На Majesty & Passion Смольскі пераносіць музыку Іагана Себасцьяна Баха ў цяперашні час, ажыўляе тварэнні кампазітара новым дзіўным гучаннем, аранжыроўкамі, пры гэтым не змяняючы нот арыгінала. Сучасныя версіі класічных твораў Баха былі запісаныя з сімфанічным аркестрам у Мінску.

У 2001 годзе песня Віктара Смольскага «Straight To Hell», напісаная для альбома RAGE Welcome To The Other Side, была выкарыстана ў якасці саўндтрэка да камедыйнага фільма пад назвай «Der Schuh des Manitu» («Макасіны Маніту»), які на сённяшні дзень прызнаны самым паспяховым нямецкім фільмам у нацыянальным кінапракаце. У 2004 годзе тая ж песня была зноў выкарыстана для іншага фільма пад назвай «Traumschiff Surprise» рэжысёра М. Б. Хербіга (Michael Bully Herbig).

Наступныя рэлізы з RAGE — Unity і Soundchaser — былі сустрэтыя з аднолькавым энтузіязмам з боку прэсы і прыхільнікаў, як і канцэртныя турнэ, якія ператварыліся ў сапраўдныя трыўмфальныя маршы.

У 2004 годзе RAGE адзначылі свой 20-гадовы юбілей выхадам DVD/CD From The Cradle To The Stage, якія змяшчаюць дакументальныя відэа пра жыццё RAGE. Альбом Speak Of The Dead, выпушчаны ў 2006 годзе, таксама атрымаў выдатныя водгукі ў міжнароднай прэсе. За ім рушыла працяглае Еўрапейскае турнэ, быў запісаны канцэрт у Санкт-Пецярбургу для канцэртнага DVD пад назвай Full Moon In St.Petersburg.

Разам з адным з самых паспяховых расійскіх метал-гуртоў КИПЕЛОВ (экс-АРИЯ) Віктар Смольскі запісаў кампакт-дыск «Реки Времен» у якасці запрошанага музыкі, сыграў шмат канцэртаў у Расіі, Украіне, Беларусі і Ізраілі. Гэтыя канцэрты былі запісаны і выпушчаны ў якасці канцэртнага DVD у канцы 2006 года. Таксама Віктар выканаў галоўную ролю ў кліпе гурта КИПЕЛОВ на песню «Я здесь».

Віктар Смольскі таксама працуе ў якасці прадзюсара для такіх лэйблаў, як BMG, GUN Records, Drakkar/Classic, Ariola і Nuclear Blast.

Вялікім гонарам для Віктара стала запрашэнне папрацаваць над стварэннем зборнага альбома, прымеркаванага да 20-годдзя лэйбла Nuclear Blast. Віктар напісаў усе 10 песень для рэліза, запісаў партыі ўсіх гітар, клавішных, басу. У запісе альбома прынялі ўдзел такія вядомыя рок-спевакі, як Піві Вагнер (Rage), Хансі Кёрш (Blind Guardian), Эндзі Дэрыс (Helloween), Тобіас Замэт (Edguy), Тар’я Турунен (Ex-Nightwish) і іншыя выканаўцы. Юбілейны альбом Into The Light быў выпушчаны вясной 2007 года.

У 2007 годзе Віктар Смольскі адкрыў сваю музычную школу UNITY. Ён з’яўляецца ўдзельнікам міжнародных майстар-класаў і музычных выстаў і прадстаўляе вядомыя маркі Yamaha і ENGL.

У 2007 годзе RAGE сумесна з LINGUA MORTIS ORCHESTRA выступілі ў Расіі, Украіне, на фестывалях Masters Of Rock у Чэхіі і Wacken Open Air у Германіі. Выступ на Wacken Open Air быў запісаны на відэа і выпушчаны ў якасці бонуснага DVD на альбоме Carved In Stone лэйблам Nuclear Blast у 2008 годзе. Таксама гэтае шоў з сімфанічным аркестрам было паспяхова прадстаўлена на тэлевізійных каналах Premiere і WDR.

У 2008 годзе Віктар вярнуўся ў гурт MIND ODYSSEY, з якім выдаў альбом Best Of. У 2009 годзе MIND ODYSSEY падпісалі кантракт з Napalm Records для выпуску новага альбома Time To Change It і перавыдання папярэдніх дыскаў.

У 2009 годзе Віктар выпусціў свой першы навучальны DVD «Школа металу» («School Of Metal»). DVD быў прадстаўлены вясной на музычным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне.

У 2010 годзе RAGE выпусцілі свой новы альбом Strings To A Web, які меў сапраўдны поспех на музычным рынку (3 тыдні ў Media Control Charts — № 27). У якасці бонуснага матэрыялу на дыску запісаны выступ з Masters Of Rock і Wacken Open Air. На працягу 18 месяцаў трое музыкаў адыгралі каля 70 канцэртаў больш чым у 20 краінах па ўсім свеце. У тым жа годзе музыкі прынялі ўдзел у круізе ЗША — Мексіка 70 000 Tons Of Metal і фестывалі Rock Hard у якасці хэдлайнераў разам з LINGUA MORTIS ORCHESTRA.

Наступны альбом  трыа RAGE 21 заняў у нямецкіх чартах 27-е месца, у Швейцарыі — 52-е, у Аўстрыі — 62-е, у Японіі альбом трапіў на 81 месца. Гэта найвышэйшае дасягненне ў гісторыі RAGE.

У пачатку 2013 года RAGE і LINGUA MORTIS ORCHESTRA зноў былі запрошаны на фестываль 70 000 Tons Of Metal. Гэта незвычайнае музычнае свята было знята для некалькіх тэлеканалаў.

2 жніўня 2013 года Nuclear Blast выпусцілі новы альбом LINGUA MORTIS ORCHESTRA пад назвай LMO. Увесь альбом напісаў Віктар Смольскі, за выключэннем кампазіцый «The Devil’s Bride» і «Eye For An Eye», якія ён напісаў разам з Піві Вагнерам. Віктар працаваў з двума аркестрамі — з Іспаніі і Беларусі, у выніку чаго колькасць удзельнікаў гэтага манументальнага праекта перавысіла 100 чалавек.

З 2013 года RAGE і LINGUA MORTIS ORCHESTRA сталі двума асобнымі калектывамі.

У 2014 годзе RAGE адзначылі свой 30-гадовы юбілей выпускам альбома The Sounchaser Archives і сусветным турнэ, часткай якога былі і канцэрты ў Беларусі і Расіі.

У верасні 2014 года пабачыла свет нямецкая версія кнігі «Віктар Смольскі: проста ў пекла ці ў рай» («Straight To Hell Or To Paradise»), напісаная журналістам Аксэлем Вербахам. У кнізе Смольскі раскрывае малавядомыя аспекты біяграфіі, распавядае пра свет класічнай і метал-музыкі і абаяльнасць аўтаспорту. Таксама ў ёй прадстаўлены інтэрв’ю з калегамі Віктара па музычнай індустрыі і сцэне. У кнізе змешчаны гітарныя ноты вядомых і любімых кампазіцый, напісаных Віктарам, а таксама каля 200 фотаздымкаў з жыцця маэстра. У студзені 2015 года электронная версія кнігі «Віктар Смольскі: проста ў пекла ці ў рай» стала даступная на Amazon.com.

У 2015 годзе пасля 15 фантастычных гадоў, запісу 10 альбомаў і мноства канцэртных выступленняў Віктар Смольскі вырашыў пакінуць гурт RAGE і засяродзіцца на новых музычных задачах.

На Франкфурцкім музычным кірмашы 2015 года Віктар прадставіў свой новы гурт пад назвай ALMANAC.

ALMANAC з’яўляецца працягам канцэпцыі, якую Віктар пачаў яшчэ ў 2013 годзе з LINGUA MORTIS ORCHESTRA. Добра вядомыя асобы LMO узялі ўдзел у запісе дэбютнага альбома гурта ALMANAC: вакалістка Жанэт Марчэўка, сімфанічны аркестр з Барселоны Orquestra Barcelona Filharmonia і Энрыке Гарсія на клавішных. Таксама да гурта далучыліся два выдатныя спевакі: Эндзі Б. Франк (BRAINSTORM) і Дэвід Рыдман (PINK CREAM 69). Завяршылі склад гурта Майкл Колар на барабанах і Армін Алік на бас-гітары.

Новы гурт ALMANAC падпісаў кантракт з вядучым сусветным лэйблам Nuclear Blast, які спецыялізуецца на стылі Хэві-метал.

Дэбютны альбом Tsar, які пабачыў свет 18 сакавіка 2016 года, дасягнуў у чартах Германіі і Швейцарыі вельмі высокіх пазіцый і быў намінаваны на Metal Hammer Awards 2016 года як «Лепшы дэбют у свеце».

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • 1993 — Inspector — Russian Prayer
  • 1996 — Victor Smolski — Destiny — EP
  • 1998 — Mind Odyssey — Nailed To The Shade
  • 1999 — Mind Odyssey — Signs
  • 1999 — Rage — Ghosts
  • 2000 — Victor Smolski — The Heretic
  • 2001 — Rage — Welcome To The Other Side
  • 2002  — Rage — Unity
  • 2003  — Rage — Soundchaser
  • 2004  — Rage — From The Cradle To The Stage
  • 2004 — Victor Smolski — Majesty & Passion
  • 2005 — Kipelov — Rivers of Time
  • 2006 — Rage — Speak Of The Dead
  • 2006 — Victor Smolski — 2 in 1 (Re-Release)
  • 2006 — Kipelov — Live in Moskow — (DVD)
  • 2007 — Rage — Full Moon in St. Petersburg (DVD / CD)
  • 2007 — Nuclear Blast Allstars — Into The Light
  • 2008 — Rage — Carved In Stone (CD / DVD-Live at Wacken)
  • 2008 — Mind Odyssey — Best Of
  • 2009 — Rage — Gib Dich Nie Auf — EP
  • 2009 — Mind Odyssey — Time To Change It
  • 2009 — Mind Odyssey — Nailed To The Shade (Re-Release)
  • 2009 — Mind Odyssey — Signs (Re-Release)
  • 2009 — Victor Smolski — School Of Metal — (DVD)
  • 2010 — Rage — Strings To A Web (CD / DVD — Live at Wacken)
  • 2012 — Rage — 21
  • 2013 — Lingua Mortis Orchestra — LMO
  • 2013 — Victor Smolski — Two Orchestral Symphonies (Re-Release)
  • 2014 — Rage — The Soundchaser Archives (CD / DVD-Live at Masters Of Rock)
  • 2014 — Victor Smolski — «Straight To Hell Or To Paradise» (Book)
  • 2016 — Almanac — Tsar

Праца ў якасці прадзюсара

  • З 1999 па 2014: 10 альбомаў Rage
  • 3 сольныя альбомы: Destiny, The Heretic, Majesty & Passion
  • Альбомы для рок і метал-гуртоў (Mind Odyssey, Seven і г.д.)
  • 2007 — усе зоркі Nuclear Blast — Into The Light: Andy Deris (Helloween), Hansi Kürsch (Blind Guardian), Tobias Sammet (Avantasia, Edguy), Tony Kakko (Sonata Arctica), Oddleif Stensland (Communic), Mats Leven (ex-Therion), Marco Hietala (Nightwish), Schmier (Destruction), Tarja Turunen (Tarja, ex-Nightwish)
  • 2013 — Lingua Mortis Orchestra — LMO
  • 2016 — Almanac — Tsar

Спартыўныя дасягненні[правіць | правіць зыходнік]

На працягу многіх гадоў Віктар Смольскі выступаў у складзе розных гоначных каманд і дасягнуў значных поспехаў у аўтамабільным спорце.

  • 2016: перамога ў класе ў 24-гадзіннай шашэйна-кальцавой гонцы «24 гадзіны Нюрбургрынга»
  • 2014: 2 перамогі ў класе на гонках Cup & Touring Car Trophy, 2 перамогі ў класе ў серыі RCN, перамога ў класе і ў агульным заліку ў гонках па слалому
  • 2013: перамога ў класе ў серыі VLN
  • 2012: 2 перамогі ў класе ў серыі VLN, перамога ў класе ў ралі, перамога ў намінацыі «Drift King of the Day» на спаборніцтвах па дрыфце
  • 2011: перамога ў класе ў серыі VLN
  • 2010: перамога ў класе і 2-е месца ў агульным заліку серыі RCN; 2-я і 3-я пазіцыі ў серыі VLN
  • 2009: 2 перамогі ў групе і 3 перамогі ў класе ў серыі RCN, перамога ў класе ў серыі VLN, 2 месца на спаборніцтвах па дрыфце
  • 2008: 3 месца ў класе на 24-гадзіннай гонцы, 2 месца ў гонках Youngtimer Trophy, перамога ў класе ў серыі VLN
  • 2007: 2 перамогі ў класе ў серыі VLN
  • 2006: 3 месца ў класе ў серыі VLN
  • 2005: 3 месца ў класе ў серыі RCN
  • 2004: 2 і 3 месца ў класе ў серыі RCN
  • З 1995 года: дзевяць разоў удзельнічаў у штогадовым аўта-марафоне «24 гадзіны Нюрбургрынга», гонках NASCAR (ЗША), гонках «Формула Форд» (Вялікабрытанія), RTCC (Чэмпіянат Расіі па аўтамабільных кальцавых гонках), у нацыянальных ралі.

Зноскі

  1. а б Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 3 мая 2014.
  2. Almanac
  3. Rage

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]