Вілейска-Мінская водная сістэма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вілейска-Мінская водная сістэма
Характарыстыка
Даўжыня 227 км
Максімальная глыбіня 13 м
Вадацёк
Уваход
 · Месцазнаходжанне Вілейскае вадасховішча
 · Вышыня 157 м
 · Каардынаты 54°29′14,7″ пн. ш. 27°08′14,13″ у. д.HGЯO
Вусце
 · Месцазнаходжанне Свіслач, вусце ракі Волмы
 · Вышыня 155 м
 · Каардынаты 53°34′45,20″ пн. ш. 28°18′47,40″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Краіна Сцяг Беларусі Беларусь
Рэгіён Мінская вобласць

Вілейска-Мінская водная сістэма — сістэма каналаў і вадасховішчаў, прызначаная для водазабеспячэння прамысловасці і камунальнай гаспадаркі Мінска, добраўпарадкавання прыгараднай зоны. Пачатак будаўніцтва — 1968 г., увод у эксплуатацыю — 15 студзеня 1976 г. Абслугоўваючы персанал ~300 чалавек.

Галоўны канал на вытоку з Вілейскага вадасховішча
Галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы

Мінск размешчаны на самым водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў, у верхнім цячэнні Свіслачы. Аб'ём сцёку Свіслачы ў сярэдні па воднасці год складае 167 млн м³ вады (5,3 м³/сек), а ў малаводны год гэта велічыня змяншаецца ў больш за 2 разы. Яшчэ ў сяр. XIX ст. водазабеспячэнне і воднае добраўпарадкаванне было праблемай горада. За першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны Мінск вырас у буйны прамысловы і культурны цэнтр з больш як мільёнам жыхароў. Колішнія праблемы абвастрыліся, сцёк Свіслачы недастатковы для Мінска сяр. XIX ст., пагатоў не задавальняў патрэб буйнога горада — прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку трактарны, аўтамабільны, мотавелазавод, завод аўтаматычных ліній і інш. карысталіся для тэхнічных патрэб артэзіянскай вадою з падземных гарызонтаў, запасы якой абмежаваныя, пагатоў, артэзіянская вада ў першую чаргу мусіла прызначацца для водазабеспячэння насельніцтва.

Праходзіць па Вілейскім, Маладзечанскім, Мінскім і Пухавіцкім раёнах. У сістэму ўваходзяць Вілейскае вадасховішча (на рацэ Віліі, плошча 64,6 км², аб'ём 238 млн м³), дзе забяпечваецца назапашванне веснавой вады з басейна Віліі; злучальны канал (даўжыня 62 км), на якім для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і натуральных вадаёмаў пабудаваны дзюкеры, акведукі, ліўневыя і водаспускі, грэблі і іншыя гідратэхнічныя збудаванні; вадасховішчы: Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак ракі Свіслач ніжэй Мінска да ўпадзення ў яе ракі Волмы.

Падоўжны профіль Вілейска-Мінскай воднай сістэмы

На злучальным канале размешчана 6 помпавых станцый, з іх 5 для пад'ёму вады, бо Вілейскае вадасховішча размешчана ў 159 метрах над узроўнем мора, а Заслаўскае вадасховішча — 211,8 метраў. Помпавыя станцыі на злучальным канале падымаюць ваду на 70 метраў да вяршыні водападзелу, дзе размешчана помпавая станцыя № 5 «Вязынская», адкуль вада можа самацёкам цячы ў Заслаўскае вадасховішча. Сістэма разлічана на падачу 22 м³ вады на секунду, але падае толькі 5 м³ на секунду. 2/3 вады пасля помпавай станцыі № 5 праз помпы станцыі № 6 «Крывасельская» запампоўваецца ў адмысловае вадасховішча, адкуль самацёкам трапляе на ачышчальную станцыю і далей у мінскі вадаправод. Толькі 1/3 вады пасля станцыі № 5 дацякае самацёкам у Заслаўскае вадасховішча і выкарыстоўваецца дзеля абваднення ракі Свіслач.

Магутнасць помпаў на 5 станцыях пад'ёму па 1,6 МВт кожная. Помпавая станцыя № 6 «Крывасельская» мае помпу магутнасцю 3,2 МВт, самую магутную помпу ў Беларусі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Хрестоматия по физической географии БССР. — Мн: Народная асвета, 1989. (руск.)
  • Вилейско-Минская водная система/ В. Н. Плужников, Р. А. Станкевич, М. И. Малижонок, Д. Ф. Жуков. — Мн.: изд-во «Университетское», 1987. — 63 е.: ил. (руск.)