Віленскі ўніверсітэт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Віленскі ўніверсітэт, таксама Вільнюскі ўніверсітэт[1] — найбуйнейшая вышэйшая навучальная ўстанова сучаснае Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе, адна з найстарэйшых ВНУ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, буйны навуковы цэнтр.

Універсітэт складаюць 12 факультэтаў, 8 інстытутаў, найстарэйшая ў Літве бібліятэка, 3 універсітэцкія шпіталі, астранамічная абсерваторыя, батанічны сад, вылічальны цэнтр і касцёл Святога Яна.

На 1 студзеня 2005 года ў Вільнюскім універсітэце навучалася 22 618 студэнтаў, з якіх 15 789 на дзённым аддзяленні, 6 829 на завочным і вячэрнім. Універсітэт займае некалькі будынкаў і комплексаў будынкаў у розных раёнах Вільнюса і Каўнаса. У Ансамблі Вільнюскага ўніверсітэта ў гістарычнам цэнтры горада месцяцца адміністрацыя, бібліятэка, гістарычны, філалагічны і філасофскі факультэты.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Віленскі езуіцкі калегіум[правіць | правіць зыходнік]

На аснове парафіяльнай школы езуіты 27 верасня 1570 года заснавалі ў Вільні калегіум, разлічаны на 160 навучэнцаў.

Віленская акадэмія[правіць | правіць зыходнік]

7 ліпеня 1578 у Львове Стэфанам Баторыям быў выданы першы прывілей, які надаваў калегіуму такія самыя правы, што мелі акадэміі і ўніверсітэты, але без вялікай або малой пячаткі ВКЛ прывілей не меў сілы, у той час вялікай пячаткай распараджаўся канцлер Мікалай Радзівіл Руды, кальвініст па веравызнанні. 1 красавіка 1579 Стэфанам Баторыям быў выдадзены другі прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіум мусіў пераўтварыцца ў акадэмію (лац.: Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu), а кароль і вялікі князь прызначаў дзеля гэтага адпаведныя сродкі. Канцлер зноў адмовіўся прыкладаць вялікую пячатку, але Стэфан Баторый ўпэўніў, таксама кальвініста, падканцлера Астафія Валовіча прыкласці да прывілея малую пячатку і тым самым надаць яму юрыдычную моц. Ужо 30 кастрычніка 1579 папа Рыгор XIII сваёй булай зацвердзіў гэты прывілей.

Мовай выкладання ў акадэміі была лаціна, як тады было прынята ў Еўропе, а выкладчыкі паходзілі з розных частак Рэчы Паспалітай. Першым рэктарам стаў Пётр Скарга. Акадэмія першапачаткова складалася з двух факультэтаў — філасофскага і тэалагічнага. У 1641 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаване медыцынскага і юрыдычнага факультэтаў — у тым жа годзе юрыдычны факультэт быў створаны.

У 1735—1737 гг. пасаду рэктара займаў Кароль Бартольд.

Віленская акадэмія была адзінай вышэйшай школай у ВКЛ. Да найбольш вядомых вучоных, звязаных з гэтым перыядам вучэльні, належаць Мацей Сарбеўскі — паэт, які пісаў па-польску і па-лацінску, Войцех Віюк-Каяловіч — гісторык, Марцін Сміглецкі — аўтар папулярнага па ўсёй Еўропе падручніка логікі. Акадэмія была важным цэнтрам контррэфармацыі ў ВКЛ. У XVIII ст. у акадэміі распрацаваныя правілы літоўскай мовы і ўпершыню распачаты друк на ёй у межах ВКЛ. У 1753 адкрытая абсерваторыя, а пры ёй — фізічны і астраномічны факультэты.

У 1773 Ордэн езуітаў быў скасаваны, а акадэмія перайшла ва ўладанне дзяржавы.

Галоўная школа Вялікага княства Літоўскага[правіць | правіць зыходнік]

Пасля скасавання Ордэна іезуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (лац.: Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) - свецкую вучэльню, рэфармаваную Адукацыйнай камісіяй. Пачынаецца выкладанне па-польску і па-літоўску на некаторых факультэтах — літэратуры і гісторыі Польшчы і Літвы, прыродных і матэматычных навук. Афіцыйна школа па-ранейшаму называецца по-лацінску "Academia et Universitas Vilnensis", толькі без азначэння "Societatis Jesu". Але менавіта ў гэты час яе сталі часцей называць універсітэтам, а не акадэміяй як раней. Гэты перыяд час пэўнага росквіту навучальнай установы, хаця пры нацыянальна-культурным заняпадзе ў ВКЛ школа і была паланізаваная. У той жа час школа мела найлепшы ў Рэчы Паспалітай медыцынскі факультэт, створаны прыехаўшым з Вены Ёганам Петэрам Франкам.

Галоўная віленская школа[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пераіменавая на Галоўную віленскую школу (руск.: Главная виленская школа) і на нейкі час страціла свой былы статус і веліч.

Імператарскі Віленскі ўніверсітэт[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Св. Янаў (1840-1850-я)

Падпісаным 4 (16) красавіка 1803 года імператарам Расійскай імперыі Аляксандрам I актам Галоўная віленская школа пераўтворана ў Імператарскім Віленскім універсітэтам і робіцца цэнтрам адукацыі для васьмі губерняў — Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай.

Ганаровым папячыцелям і патронам універсітэту становіцца князь Адам Чартарыйскі. Некаторы час, да паўстання 1830—1831 гг., універсітэт зазнае час росквіту. Да найбольш вядомых вучоных гэтага часу, звязаных з універсітэтам, належаць Ян Снядэцкі, Анджэй Снядэцкі, Іаахім Лялевель, Міхал Ачапоўскі, Сімонас Даўкантас і Іозеф Франк. Вучыліся тут Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі. Колькасць студэнтаў узрасла ад 290 у 1804 да 1321 у 1830. У 1823 годзе вучэльня стала найбуйнейшай у Расіі і Еўропе, пераважаючы па колькасці студэнтаў Оксфардскі ўніверсітэт.

Складаўся з 4 факультэтаў — фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычны (з багаслоўем), літаратурны з мастацтвамі. Было 32 кафедры, выкладалася 55 прадметаў. Да Універсітэта належылі: батанічны сад, анатамічны музей, клініка, фізічная і хімічная лабараторыі, бібліятэка на 60000 тамоў.

Тут дзейнічалі тайныя студэнцкія арганізацыі філарэтаў, філаматаў. У 1823 годзе па справе аб прыналежнасці да іх былі арыштаваныя дзясяткі навучэнцаў, сярод якіх і Адам Міцкевіч, і пасля доўгатэрміновага трымання за кратамі высланыя ў розныя гарады Расіі. Адам Чартарыйскі быў адхілены ад універсітэту, яго месца заняў Мікалай Навасільцаў (17681838). Пасля гэтага паступова ўвадзілася руская мова.

У розны час тут вучыліся літаратар і калекцыянер Аляксандр Жыркевіч (18571927), польскі дзяржаўны дзеяч Юзаф Пілсудскі (18671935), савецкі дзяржаўны дзеяч Фелікс Дзяржынскі (18771926), акцёр Васіль Качалаў (18751948), мастак Мсціслаў Дабужынскі (18751957), літоўскі кампазітар Канстанцінас Галкаускас (18751963), тэарэтык літаратуры Міхаіл Бахцін (18951975).

З-за непасрэднай ці ўскоснай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831 года рэскрыптам Мікалая I 1 мая 1832 года ўніверсітэт цалкам скасоўваецца. Медыцынскі і тэалагічны факультэты ператвараюцца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўкаму ўніверсітэту Св. Уладзіміра і ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеная ў Санкт-Пецярбург).

З 1855 у будынках універсітету знаходзіцца Музей старажытнасцяў, потым Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзве мужчынскія гімназіі.

Універсітэт Стэфана Баторыя[правіць | правіць зыходнік]

Па ўказу Юзафа Пілсудскага ад 28 жніўня 1919 года ў Вільні быў заснаваны ўніверсітэт. 11 кастрычніка 1919 года адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта Стэфана Баторыя (польск.: Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie), створаны 28 жніўня 1919 года на загад Юзафа Пілсудскага на месцы былога Віленскага ўніверсітэта. Моваю выкладання ў міжваенны перыяд была выключна польская, таму ўніверсітэт успрымаўся як фарпост польскасці на шматэтнічным усходзе Другой Рэчы Паспалітай (т.зв. «Крэсы ўсходнія»). Універсітэт не быў цэнтральным у Другой Рэчы Паспалітай, найбольш славіўся факультэт польскай філалогіі - менавіта ён даў жыццё паэтычнай групе "Жагарыстаў", да якой належыў і Чэслаў Мілаш.

Пасля перадачы восенню 1939 года Вільні Літоўскай Рэспубліцы універсітэт быў на кароткі час літуанізаваны. Яго назва была змененая на Vilniaus Universitetas, а літоўская мова ўпершыню была абвешчаная адзінай афіцыйнай мовай выкладання. Польскія традыцыі ўніверсітэта Стэфана Баторыя пераняў Торуньскі ўніверсітэт Мікалая Каперніка, які стваралі былыя прафесары з Вільні. Туды ж, у Торунь, трапіла і большасць архіваў міжваеннага часу.

Сучасны ўніверсітэт[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі двор універсітэта сёння
Касцёл Св. Янаў і званніца сёння
Універсітэцкая абсерваторыя
Памятны звон у Вільнюскім універсітэце
Схема галоўных карпусоў Вільнюскага ўніверсітэта

Пасля перадачы восенню 1939 Вільні Літоўскай Рэспубліцы ўніверсітэт на кароткі час быў цалкам літуанізаваны, назва змененая на Vilniaus Universitetas, а літоўская мова абвешчаная адзінай афіцыйнай мовай выкладання. Аднак літоўскамоўнай прафесуры папросту не хапала, таму нейкі час з універсітэтам па-ранейшаму супрацоўнічалі польскія выкладчыкі, такім чынам польская мова заставалася ва ўжытку.

У 1940 годзе Літоўская Рэспубліка была далучаная да СССР, а ўніверсітэт рэфармаваны па ўзор савецкіх вышэйшых школ. Большасць польскіх і літоўскіх прафесараў звольнена. Падчас Другой сусветнай вайны (19431944) быў закрыты. З восені 1944 дзейнічаў як ВНУ савецкага тыпу — Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт, з 1955 да 1989 імя дзеяча камуністычнага руху Вінцаса Міцкявічуса-Капсукаса. У 1971 Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт імя В. Капсукаса быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага чырвонага сцягу; у 1979 "за заслугі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для народнай гаспадаркі, дасягненні ў галіне навуковых вынаходніцтваў і ў сувязі з 400-годдзем з дня заснавання" - ордэнам Дружбы народаў. У гэтыя часы ўніверсітэт быў тыповай правінцыйнай савецкай ВНУ. Галоўнай мовай выкладання стала руская, а па-літоўску выкладалася ў асноўным толькі адпаведная філалогія. Аднак паколькі ўніверсітэт меў рэспубліканскі статус, ён разросся да памераў сапраўднага вялікага ўніверсітэта з дастатковай колькасцю факультэтаў, на якіх навучалася больш за 5000 студэнтаў (прычым гэтая лічба ўвесь час павялічвалася).

Вільнюскі ўніверсітэт на 1-літавай памятнай менеце (2004) адбітай ў гонар яго 425-годдзя

Прынятым ў 1990 годзе Статутам універсітэта зацверджана яго аўтаномія, а ў сувязі з набыццём Літоўскай Рэспублікай незалежнасці ўніверсітэт ізноў літуанізаваны - вярнуліся парадкі 1939 года з тагачаснай назвай і літоўскай мовай выкладання.

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Факультэты[правіць | правіць зыходнік]

  • Прыродных навук
  • Гісторыі
  • Каўнаскі гуманітарны
  • Камунікацыі
  • Матэматыкі і інфарматыкі
  • Медыцыны
  • Права
  • Фізікі
  • Філалогіі
  • Філасофіі
  • Хіміі
  • Эканомікі

Інстытуты[правіць | правіць зыходнік]

  • Замежных моў
  • Міжнародных зносінаў ды палітычных навук

Цэнтры[правіць | правіць зыходнік]

  • Даследванняў навакольнага асяроддзя
  • Даследванняў рэлігіі
  • Міжнародны цэнтр эканомікі і менеджмента ведаў

Бібліятэка[правіць | правіць зыходнік]

Дзверы ў бібліятэку з бронзавымі выявамі першай кнігі на літоўскай мове

Гісторыю ўніверсітэцкай бібліятэкі прынята вясці ад бібліятэкі іезуіцкага калегіуму, якая по тэстаменту вялікага князя Жыгімонта Аўгуста атрымала пасля яго смерці (7 ліпеня 1572) вялікую колькасць кніг з яго прыватнай бібліяэткі.

У фондах бібліятэкі больш за 5,3 мільёнаў асобнікаў, сярод іх 178.306 выданых у XVXVIII стст., звыш 250.000 рукапісных дакументаў (найстарэйшыя - з XIII ст.). Такім чынам, бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта з'яўляецца найбуйнейшай бібліятэкай Літоўскай Рэспублікі. У бібліятэцы больш за 27.000 чытачоў.

Ганаровыя доктары[правіць | правіць зыходнік]

  • Ян Сафарэвіч (19161993), дзейны акадэмік Польскае Акадэміі навук, прафесар Кракаўскага Ягелонскага Універсітэта(1979)
  • Здэнэк Чэшка, член-карэспандэнт Акадэміі навук Чэхіі, рэктор Пражскага Карлавага Універсітэта (1979)
  • Вэрнэр Шэлер, прафесар (Германія) (1979)
  • Валдас Вальдэмарас Адамкус, адміністратар Агентства абароны навакольнага асяроддзя ЗША па пятаму рэгіёну (1989)
  • Чэслаў Олех, дырэктар Міжнароднага матэматычнага цэнтра Стэфана Банаха, дзейны акадэмік Польскае Акадэміі навук, прафесар Варшаўскага Універсітэта (1989)
  • Хрысціян Вінтор, прафесар універсітэта Франкфурта-на-Майне (Германія) (1989)
  • Марцінас Ічас, прафесар, універсітэт Нью-Ёрку (1992)
  • Уладзімір Топараў, прафесар, Інстытут славяназнаўстава і балканістыкі Расійскае Акадэміі Навук (1994)
  • Вацлаў Гавел, прэзідэнт Чэхіі (1996)
  • Юліюш Бардах, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1997)
  • Збігнеў Бжэзінскі, урадавы прафесар (ЗША) (1998)
  • Эдуард Любімскі, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага Універсітэта (2000)
  • Юрый Сцяпанаў, прафесар, Расійская Акадэмія Навук (2002)
  • Аляксандр Кваснеўскі, прэзідэнт Польшчы (2005)
  • Ігар Новікаў, расійскі астраном, дырэктар Інстытуту тэарэтычнай астрафізікі ў Капенгагене (2005)
  • Уладзімір Скулачоў, расійскі біяхімік, акадэмік Расійскае Акадэміі Навук, дырэктар Інстытуту фізіка-хімічнай біялогіі ў Маскве (2005)
  • Васіліяс Скоўрыс, кіраўнік Суда правосуддзя Еўрапейскіх суполак (2005)
  • П'етра Умберта Дыні, італьянскі балтыст, прафесар Пізанскага ўніверсітэта (2005)

Вядомыя выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kviečia Vilniaus universitetas 2006. Vilniaus universiteto leidykla, 2005
  • Z dziejów Almae Matris Vilnensis. Księge pamiętkowa ku czei 400 lecia założenia i 75 lecia wskrzesienia Uniwersitetu Wilenskiego. Kraków: 1996.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Варянты напісання ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.4., Мн., 1997, С.168 і 176, Напісанне Віленскі ўніверсітэт у БЭ прырагатыўнае.