Вінцук Вячорка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Вінцук (Валянцін Рыгоравіч) ВЯЧОРКА (нар. 7 ліпеня 1961, Брэст) — старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З 1975 жыве ў Мінску. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1983), аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР (1986). Працаваў выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з 1988 — журналіст, з 1990 — выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя, з 1.1.1991 — супрацоўнік, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Няўдала балатаваўся Вярхоўны Савет XII і XIII скліканняў. Разведзены, трое дзяцей.

З 1979 года актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-дэмакратычным руху Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся і штрафаваўся за ўдзел у масавых грамадскіх акцыях, у знак пратэсту ў зняволенні трымаў галадоўку (крас. 1996, пасля «Чарнобыльскага шляху»). Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый «Майстроўня» (1979—1984), «Талака» (1986—1989), Канфедэрацыі беларускіх моладзевых аб'яднанняў (1988—1989). Адзін з заснавальнікаў БНФ (член Аргкамітэта, 1988), узначальваў Камісію праграмных дакументаў, член Сойма. Намеснік старшыні БНФ (1995—1999), старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007). Стваральнік і кіраўнік няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра «Супольнасць» (з 1995). Старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (1999—2000). Падчас кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. З мая 2007 года — сустаршыня Палітрады аб'яднаных дэмакратычных сіл, адказвае за інфармацыйна-мабілізацыйную працу і міжнародныя адносіны.

17.12.2005 перавыбраны старшынёй Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання "Беларускі народныя фронт «Адраджэнне». Намеснікамі кіраўніка партыі абраныя Аляксей Янукевіч, Юрый Хадыка, Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч. У снежні 2007 на 9 з'ездзе Партыі БНФ кіраўніком партыі абраны Лявон Баршчэўскі. На з'ездзе Партыі БНФ 9.12.2007 абраныя намеснікі старшыні партыі. Першым намеснікам, кіраўніком камісіі па міжнароднай дзейнасці абраны Вінцук Вячорка. За яго кандыдатуру прагаласавалі 173 дэлегата з'езду з 237. Намеснікам старшыні Партыі БНФ па арганізацыі палітычных кампаній і працы з мэтавымі групамі — Віктар Івашкевіч. За яго прагаласавалі 202 дэлегата. Намеснікам старшыні Партыі БНФ па партыйным будаўніцтве і арганізацыйных пытаннях абраны Алесь Міхалевіч (131), па працы з рэгіянальнымі структурамі — Юрый Губаревіч (116), па інфармацыйна-ідэалагічнай працы — Аляксей Янукевіч (134).

Выступае ў беларускім і замежным перыядычным друку па грамадска-палітычным пытаннях.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Пра герб і сцяг. Мн., 1993;
  • Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. 1995. № 5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вячорка Винцук // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
  • Вечёрка Винцук // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсьць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В.Голубеў, А.Кіжэ, А.Смольскі, В.Трыгубовіч, Г.Ахметава, В.Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6