Вінцэнт Гадлеўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вінцэнт Гадлеўскі
Дата нараджэння 16 лістапада 1888(1888-11-16)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 снежня 1942(1942-12-24) (54 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Адукацыя
Веравызнанне каталіцтва
Партыя
Член у
Род дзейнасці публіцыст, палітык, каталіцкі святар, перакладчык, перакладчык Бібліі
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вінцэнт Гадлеўскі або Вікенцій Іванавіч Гадлеўскі (16 лістапада 1888, в. Шурычы, Ваўкавыскі павет — 24 снежня 1942, урочышча Благаўшчына, канцлагер Трасцянец) — каталіцкі святар, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст. Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Займаўся беларусізацыяй каталіцкага касцёла на Беларусі, адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Вінцэнт Гадлеўскі ў час вучобы, 1910—1914 гг.

Паходзіў з сялянскай сям’і, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, займаўся сталярнымі работамі. Каб вучыць сына, бацька прадаў маёмасць і пераехаў у Варшаву, дзе Вінцэнт скончыў 3 класы гімназіі. Пасля Вінцэнт за грошы вучыў вясковых дзяцей, каб скончыць Гродзенскую гімназію[2].

У 1912 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916 годзе Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. Пасвячоны ў святары 3 чэрвеня 1914 года. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 годзе. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску.

Пачатак палітычнай дзейнасці. БНР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. У адным з дакументаў значыцца сябрам Беларускай народнай партыі сацыялістаў, аднак на З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 года ў Мінску выступаў ад імя Каталіцкай дэмакратычнай партыі (папярэдніца БХД)[3]. На з’ездзе абраны ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з ініцыятараў З’езда беларускага каталіцкага духавенства 24—25 траўня 1917 года[1].

Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, чытаў на ім лекцыі па гісторыі Беларусі. З лютага 1918 года ўваходзіў у Менскае беларускае прадстаўніцтва, ад якога ў красавіку кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Да 26 траўня 1918 года працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР.

Заходняя Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Вінцэнт Гадлеўскі ў часе імшы. Жодзішкі, 1920-я гг.

У 1919 годзе за актыўную палітычную дзейнасць біскуп Зыгмунт Лазінскі перавёў Вінцэнта Гадлеўскага на пасаду прэфекта Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У семінарыі Гадлеўскі выкладаў беларускую мову, а таксама для навучэнцаў-каталікоў выкладаў па-беларуску асновы рэлігіі. Адным з вучняў Гадлеўскага быў Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны)[2]. У снежні 1919 года семінарыя была закрытая польскімі ўладамі.

З 1921 года служыў настаяцелем у Жодзішках Свянцянскага павета, якія паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Сярод прыхаджан разгарнуў шырокую беларускую нацыянальна-культурную дзейнасць[1]. Польская паліцыя адзначала ў 1923 годзе, што ў часе калядавання Гадлеўскі сабраў натоўп людзей у Жодзішках, які спяваў беларускі гімн[2]. Адзін з аўтараў мемарыялу каталіцкага беларускага духавенства супраць пэўных палажэнняў канкардату паміж Ватыканам і Польскай Рэспублікай (1925). Узначальваў у Жодзішках гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. За беларускую дзейнасць пераследаваўся польскімі дзяржаўнай і царкоўнай уладамі[3].

Вінцэнт Гадлеўскі, 1925 г.

25 чэрвеня 1925 года арыштаваны, пасля непрацяглага зняволення ў віленскай турме Лукішкі выпушчаны пад заклад, але ў ноч на 30 верасня арыштаваны зноў. 1 сакавіка 1926 года паводле абвінавачвання ў падбухторванні насельніцтва да бунту і аддзялення беларускіх зямель ад Польшчы асуджаны Віленскім акруговым судом на 2 гады турмы, але зняволенне было замененае штрафам[4].

У сакавіку 1927 года ізноў арыштаваны. За «антыдзяржаўную дзейнасць» Варшаўскім судом асуджаны на 2 гады зняволення. У судзе, сярод абвінавачванняў адзначалася: Гадлеўскі падкрэсліваў, што паводле закону любы грамадзянін Польшчы можа карыстацца ў дзяржаўных інстытуцыях роднай мовай (у тым ліку і беларускай) і патрабаваць, каб да яго таксама звярталіся на роднай мове; заклікаў парафіян не падпісваць паліцэйскіх пратаколаў, напісаных па-польску[2]. 16 месяцаў правёў у адзіночнай камеры Макатоўскай турмы ў Варшаве, пасля гэтага вызвалены паводле амністыі[2].

З 1928 года жыў у Вільні. На загад царкоўнай улады афіцыйна выйшаў з БХД, аднак фактычна заставаўся яе сябрам. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928). У 1930 годзе пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (Вільня, 1939). Выдаў 2 кнігі са святой гісторыі Старога і Новага Запаветаў (1930, 1933). Пераклаў на беларускую мову Евангеллі і Дзеі святых апосталаў (1939). Напісаў таксама працу «Палітычныя і грамадскія кірункі ў мінуўшчыне і сучаснасці» (1931). У 1936 годзе цалкам выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб’яднанне. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст.

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам Другой сусветнай вайны і акупацыяй Вільні Чырвонай арміяй пераехаў у Каўнас. Пад канец 1939 года ў Вільні разам з іншымі беларускімі дзеячамі заснаваў Беларускую незалежніцкую партыю. З чэрвеня 1940 года ў Варшаве. У чэрвені 1941 года ўвайшоў у створаны ў Берліне «Беларускі нацыянальны цэнтр».

З верасня 1941 года ў Мінску. Падчас нямецкай акупацыі прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы[4]. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску.

Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэнні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сіл[5]. Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапынены нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі[6]. Быў адным з падпісантаў вядомай адозвы да беларускага народа, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расіі[7].

Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні беларускага народа. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску ў ноч на 24 снежня 1942 года, тады ж застрэлены ва ўрочышчы Благаўшчына канцлагера Трасцянец.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

Крыж Вінцэнту Гадлеўскаму на Залатагорскіх могілках да яго зносу, 2019 г.

У 2008 годзе ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе быў забіты Гадлеўскі, быў усталяваны памятны крыж. Пасля пабудовы мемарыяльнага комплексу ў Благаўшчыне, крыж быў перанесены на каталіцкія Залатагорскія могілкі ў Мінску, на тэрыторыю касцёла Святога Роха.

У ліпені 2023 года крыж быў прыбраны праз кампанію прарасійскіх актывістаў рэжыму Лукашэнкі пры падтрымцы Камуністычнай партыі Беларусі[8].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]