Віцебскі губернскі статыстычны камітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Віцебскі губернскі статыстычны камітэт — афіцыйная ўстанова, якая займалася зборам статыстычных звестак пра губерню, яе паветы, гарады, насельніцтва, прамысловасць, колькасць зямель і інш. На падставе правераных і апрацаваных звестак складаліся статыстычныя ведамасці і табліцы, якія прадстаўлялі ў Цэнтральны статыстычны камітэт, а таксама прыкладаліся да гадавых справаздач віцебскіх губернатараў пра становішча ў губерні. Створаны 4 мая 1835 г., працаваў да жніўня 1836 г., пасля чаго з-за адсутнасці матэрыяльных сродкаў закрыты.

Аднавіў дзейнасць 15 красавіка 1853 г., але да 1863 г. існаваў намінальна, вынікі дзейнасці былі вельмі нязначныя. Зноў дзейнічаў з 22 верасня 1863 да 1917 гг. Старшынёй камітэта з'яўляўся губернатар. У склад камітэта ўваходзілі памочнік старшыні, сакратар, неадменныя, правадзейныя і ганаровыя члены. У розны час сакратарамі і справаводамі камітэта працавалі К. А. Гаворскі, А. М. Семянтоўскі, А. П. Сапуноў, А. М. Сазонаў. Сабраныя матэрыялы друкаваліся ў «Витебских губернских ведомостях», «Памятных кніжках Віцебскай губерні» і асобных манаграфіях. Камітэт па меры неабходнасці збіраўся на чарговыя сходы. Пратаколы сходаў друкаваліся ў «Витебских губернских ведомостях».

Справаздачы пра дзейнасць за год дасылаліся ў Цэнтральны статыстычны камітэт. 29 кастрычніка 1868 г. пры камітэце створаны музей старажытнасцей.

Рэчавыя ахвяраванні ў яго ўносілі М. Ф. Кусцінскі, В. П. Федаровіч, М. Я. Нікіфароўскі і інш. У 1890 г. Е. Р. Раманаў перадаў музею 200 прадметаў з раскопак Люцынскага могільніка. Камітэтам распаўсюджваліся апытальныя лісты і збіраліся звесткі пра гарадзішчы, курганы і могільнікі для складання археалагічнай карты Віцебскай губерні.

Падтрымліваў цесныя сувязі з Маскоўскім археалагічным таварыствам і археалагічнай камісіяй ў Пецярбургу. Члены камітэта ўдзельнічалі ў рабоце археалагічных з'ездаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сапунов, А. Исторический очерк 50-летия Витебского губернского статистического комитета. — Витебск, 1913. (руск.)