Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў

Частка экспазіцыі
Заснаваны 1992
Месцазнаходжанне Беларусь, Віцебская вобласць, Віцебск, вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 20
Дырэктар В.Ю. Аляксандрава
Адкрыты

панядзелак - пятніца з 10.00 да 18.00

субота, нядзеля - з 9.00 да 17.00
w3.vitebsk.by/afgan/

Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў — музей у Віцебску, прысвечаны ўраджэнцам Віцебска і Віцебскай вобласці, якія загінулі ў часы савецка-афганскай вайны (19791989). Створаны паводле рашэння выканкама Віцебскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 17 снежня 1992 года па ініцыятыве гарадской і абласной асацыяцый ветэранаў вайны ў Афганістане. Для наведвальнікаў адкрыты ў 1995 годзе Музеем кіравалі І. М. Мажайцаў, А. А. Бяльніцкі. 3 2004 года дырэктар В. Ю. Аляксандрава.

Памяшканне музея знаходзіцца ў жылым доме, пабудаваным для воінаў-інтэрнацыяналістаў. Пад экспазіцыю адведзены 3 залы, агульная плошча (2008) 136 м². У 1998 годзе было выдзелена асобнае памяшканне пад фондасховішча (каля 80 м²). Асноўны фонд складаюць 7 850 прадметаў, навукова-дапаможны — больш за 7 500 адзінак захоўвання.

Калекцыя[правіць | правіць зыходнік]

Фонды ўключаюць калекцыі: дакументы, фотадакументы, рукапісы, друкаваныя выданні, адзенне, узбраенне, фалерыстыка, прадметы побыту, нумізматыка, баністыка і інш. Найбольш цікавыя экспанаты — трафейная зброя, боепрыпасы і рыштунак замежнай вытворчасці (кінжалы, гарматы-гаўбіцы, шабля пачатку 20 ст., міны, снарады, буйнакаліберны кулямёт, мінамёт, бронекамізэлькі і інш.); нацыянальныя касцюмы краін, якім аказвалася інтэрнацыянальная дапамога; прадметы побыту афганцаў (збаны, малельныя дыванкі, упрыгожанні). Асаблівую каштоўнасць уяўюць пісьмы, фотаздымкі, асабістыя рэчы і ўзнагароды загінуўшых воінаў.

Пастаянная экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Пастаянная музейная экспазіцыя называецца «Афганістан. Як гэта было: праблемы вайны і міру на фоне падзей 1979—1989 гг.». Першая зала экспазіцыі знаёміць з культурай, побытам, традыцыямі афганскага народа, гісторыяй Афганістана, расказвае аб прычынах увядзення савецкіх войск у гэтую краіну, першых ахвярах неаб'яўленай вайны, рабоце саветніцкага апарату. Матэрыялы і экспанаты 2-й залы прысвечаны 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і 339-му ваенна-транспартнаму авіяцыйнаму палку, якія дыслацыраваліся ў Віцебску, а таксама іншым падраздзяленням абмежаванага кантынгенту савецкіх войск, што знаходзіліся ў Афганістане. Трэцяя зала — мемарыяльная, у ёй экспануюцца фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, узнагароды 151 загінуўшага і памерлага ад ран і хвароб, атрыманых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку, ураджэнца Віцебска і вобласці.

Помнік[правіць | правіць зыходнік]

Побач з музеем 2 жніўня 1997 г. адкрыты помнік «Боль» (скульптар І. Казак), які ўвекавечвае памяць загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аляксандрава, В.Ю. Віцебскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў / В.Ю. Аляксандрава // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси / рэд. Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін. - Мн., 2008. – С. 180-183.
  • Віцебскі гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А.І. Мацяюн ; маст. Э.Э. Жакевіч. - Мн., 2003. - Кн. 2. - С. 644-645.