В'етнам

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сацыялістычная Рэспубліка В'етнам
в'етн.: Cộng Hòa Xã Hội Chủ Nghĩa Việt Nam
Flag of Vietnam.svg Герб В'етнама
Сцяг В'етнама Герб В'етнама

Каардынаты: 14°02′00″ пн. ш. 107°54′00″ у. д. / 14.033333° пн. ш. 107.9° у. д. (G) (O) (Я)

Location Vietnam ASEAN.svg
Дэвіз: «Ðộc lập, tự do, hạnh phúc
(Незалежнасць, Свабода, Шчасце)»
Гімн: «Tiến Quân Ca»
Дата незалежнасці 2 верасня 1945 (ад Францыі)
Афіцыйная мова В'етнамская
Сталіца Ханой
Найбуйнейшыя гарады Хашымін, Ханой
Форма кіравання Сацыялістычная рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Старшыня Нацыянальнага Сходу
Генеральны сакратар КПВ
Чыонг Тан Шанг
Нгуен Тан Зунг
Нгуен Шынь Хунг
Нгуен Фу Чонг
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
65-я ў свеце
331.210 км²
6,4
Насельніцтва
• Ацэнка (2013)
Шчыльнасць

89.693.000 чал. (13-я)
272 чал./км²  (46-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$358,889 млрд  (38-ы)
$4.001,287  (132-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2013)
  • На душу насельніцтва

$170,020 млрд  (58-ы)
$1.895,576  (134-ы)
ІРЧП (2012) 0,617 (сярэдні) (127-ы)
Валюта В'етнамскі донг (₫, VND)
Авіякампанія Vietnam Airlines
Інтэрнэт-дамен .vn
Код ISO VN
Тэлефонны код +84
Часавы пояс +7

В'етна́м (в'етн.: Việt Nam), Сацыялісты́чная Рэспу́бліка В'етна́м (в'етн.: Cộng Hòa Xã Hội Chủ Nghĩa Việt Nam) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Тэрыторыя — 330 тыс. км². Працягласць сухапутных меж — 3880 км, у т.л. з Кітаем — 1300 км, з Лаосам — 1650 км, з Камбоджай — 930 км. Марская берагавая лінія — 3200 км. Афіцыйная мова — в'етнамская (алфавіт на аснове лацінкі). Грашовая адзінка — в'етнамскі донг (1 долар ЗША 19 150 донгаў; 1 еўра 25 800 донгаў (сакавік 2010). Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (2 верасня 1945 г.).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне — 59 правінцый і пяць гарадоў цэнтральнага падначалення. Апроч Ханоя, найболей буйныя — Хашымін (6,1 млн жыхароў), Хайфон (1,8 млн.), Кантха (1,1 млн.), Дананг (0,8 млн.).

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Большую частку тэрыторыі займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найбольш узвышаная паўночна-заходняя частка — хрыбет Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж заходніх межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор'ямі і плато (найбольшыя Кантум і Даклак на поўдні). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найбольш значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс. км²) і Хонгха (каля 15 тыс. км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на поўначы): каменны вугаль, жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вялікія запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўднёва-Кітайскага мора.

Клімат субэкватарыяльны мусонны, на поўначы трапічны. Зіма на поўдні гарачая, на поўначы халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя тэмпература студзеня на раўнінах на поўначы 15 °C, на поўдні 26 °C, ліпеня адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастрычніка да сярэдзіны сакавіка) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон.

Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд кВт). На поўдні ніжняе цячэнне ракі Меконг, на поўначы сярэдняе і ніжняе ракі Хонгха (Чырвоная), рака Ма.

Прыкладна 40 % тэрыторыі (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на поўначы і 1000—1200 м на поўдні побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі. Нацыянальны парк Пхонг-Нха-Ке-Банг.

Астравы В'етнама: востраў Фукуок, астравы Тхо-Чу, астравы Кандаа, астравы заліва Халонг (у тым ліку Кат-Ба), часткова архіпелаг Спратлі, фармальна Парасельскія астравы і інш. Пячора Шандонг.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя в'етнамскай дзяржаўнасці налічвае 2,5 тыс. гадоў, на працягу якіх захоўвалася адзіная культура з цэнтрам у дэльце ракі Чырвонай.

Найстаражытнай в'етнамскай дзяржавай лічыцца Ванланг (сяр. 1 тыс. да н.э.). Аулак і Намв'ет, якія змянілі яе ў 2 ст. да н.э. былі захопленыя Кітаем. Перыяд «паўночнай залежнасці», які доўжыўся прыкладна 1 тыс. гадоў, завяршыўся толькі ў 10 ст. з абвяшчэннем незалежнай дзяржавы Дайкав'ет (Дайв'ет), паспяхова адбіўшай спробы кітайцаў аднавіць сваё панаванне.

Стаўшы адной з наймоцных дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Дайв'ет у 13 ст. адбіў тры ўварванні манголаў, у 15 ст. пасля шматвяковай барацьбы падпарадкаваў дзяржаву Чампа, якая знаходзілася ў цэнтральнай частцы сучаснага В'етнама, у 11, 15 і 18 ст. абараніў сваю незалежнасць у войнах з кітайцамі.

У 17 ст. Дайв'ет распаўся на два княствы пад намінальнай уладай імператараў дынастыі Ле. У 19 ст. краіну аб'ядналі правіцелі дынастыі Нгуенаў, якія перанеслі сталіцу з поўначы (Тхангланг — сучасны Ханой) у цэнтр (Хюэ).

У 1858—1884 В'етнам захапіла Францыя (гл.Сайгонскі дагавор), падзяліўшы яго на тры часткі: Танкін (поўнач), Анам (цэнтр) і Кахінхіну (поўдзень). У Анаме была захаваная намінальная ўлада імператара.

Пасля японскай акупацыі (1941—1945) у выніку перамогі Жнівеньскай рэвалюцыі В'етнам 2 верасня 1945 быў абвешчаны незалежнай дзяржавай — Дэмакратычнай Рэспублікай В'етнам (ДРВ). Услед за гэтым больш васьмі гадоў (1945—1954) краіна адстойвала свой суверэнітэт у вайне з Францыяй. Першым прэм'ер-міністрам і прэзідэнтам Паўночнага В'етнама стаў Ха Шы Мін.

У ліпені 1954 былі падпісаныя Жэнеўскія дамовы, якія замацавалі незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць краіны і якія прадугледжвалі яе мірнае ўз'яднанне. Аднак выкананне дамоў было сарвана паўднёва-в'етнамскай адміністрацыяй пры падтрымцы ЗША. Амерыканцы і іх саюзнікі ўвялі свае войскі ў Паўднёвы В'етнам, а ў 1964—1968 і ў 1971—1972 падвяргалі ДРВ масіраваным бамбардзіроўкам з паветра і мора (гл.: В'етнамская вайна). 27 студзеня 1973 у Парыжы было падпісана Дамова аб спыненні вайны і аднаўленні міру. Войскі ЗША і воінскія кантынгенты іх саюзнікаў пакінулі краіну. 30 красавіка 1975 у выніку наступу В'етнамскай народнай арміі і паўстання мясцовага насельніцтва паўднёва-в'етнамскі рэжым быў скінуты.

25 красавіка 1976 адбыліся ўсеагульныя выбары ў Нацыянальны Сход адзінай дзяржавы, які 2 ліпеня таго жа года абвясціў аб уз'яднанні краіны і абвясціў стварэнне Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам.

Дзяржаўны лад і палітыка[правіць | правіць зыходнік]

СРВ — парламенцкая рэспубліка. Вышэйшы орган заканадаўчай улады — аднапалатны Нацыянальны Сход, у які абіраюцца 500 дэпутатаў тэрмінам на 5 гадоў. Яго старшынёй у чэрвені 2006 абраны Нгуен Фу Чонг (перавыбраны ў ліпені 2007). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, абіраны Нацсходам з ліку дэпутатаў. У чэрвені 2006 на дзевятай сесіі Нацсходу XI склікання прэзідэнтам абраны Нгуен Мінь Чыет (перавыбраны ў ліпені 2007). Выканаўчая ўлада — Урад на чале з прэм'ер-міністрам Нгуен Тан Зунгам (абраны ў 2006, перавыбраны ў ліпені 2007).

Кіруючая роля ў грамадстве ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1992 замацаваная за кампартыяй В'етнама (КПВ). На X з'ездзе (красавік 2006) Генеральным сакратаром ЦК КПВ перавыбраны Нонг Дык Мань.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва — 85,2 млн чал. (натуральны прырост у 2007 — 1,3 %), у гарадах пражываюць 23,3 млн чал. (27,3 %).

Пераважная нацыянальнасць — в'еты. У краіне пражываюць таксама прадстаўнікі 54 народнасцяў і некалькіх этнічных груп (зяй, тай, тхо, кітайцы, кхмеры, мыонгі, чамы, эдэ, джарай і інш.). Сярэдняя працягласць жыцця — 71 год.

Асноўныя рэлігіі — будызм (10 млн вернікаў) і каталіцызм (5,9 млн.). На поўдні краіны вельмі ўплывовыя секты каадай (2,3 млн.) і хоахаа (1,2 млн.).

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

На кантынентальным шэльфе В'етнама ёсць вялікія запасы нафты і газу. Пераважна на поўначы і паўночным-захадзе засяроджаныя радовішчы вугля, вальфраму, цынку, свінцу, апатытавых, жалезных і марганцавых руд, тытана, волава. Маюцца запасы баксітаў. Краіна багатая гідрарэсурсамі.

У апошнія гады эканоміка краіны развіваецца досыць высокімі тэмпамі. У 2007 прырост ВУП дасягнуў рэкорднага за апошняе дзесяцігоддзе паказчыку 8,5 %, у абсалютным вылічэнні — 71,2 млрд дол. ЗША або 835 дол. ЗША на душу насельніцтва.

У структуры ВУП пераважае прамысловасць (41,8 %), значную ролю гуляе сфера паслуг (38,2 %). У той жа час каля 75 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

В'етнам з'яўляецца адным з лідараў па пастаўках на сусветны рынак рысу, кавы, чая, чорнага перцу, натуральнага каучука і некаторых іншых відаў сельскагаспадарчых культур.

Аснову прамысловай вытворчасці складаюць электраэнергетыка, нафтавая і вугальная прамысловасць, актыўна развіваюцца электратэхнічная, хімічная, тэкстыльная, харчовая галіны, машынабудаванне, вытворчасць будматэрыялаў.

СРВ падтрымлівае знешнеэканамічныя сувязі з больш за 120 дзяржавамі і тэрыторыямі. Знешнегандлёвае абарачэнне ў 2007 перавысіла 109 млрд дол. ЗША (экспарт — 48,4 млрд дол., імпарт — 60,8 млрд дол.). Асноўныя артыкулы экспарту — сырая нафта, швейныя, трыкатажныя і абутковыя вырабы, морапрадукты, электроніка і вылічальная тэхніка, якая збіраецца на мясцовых прадпрыемствах з імпартных камплектуючых, прадукцыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, рыс, натуральны каўчук, кава, чай; імпарту — машыны і абсталяванне, ГЗМ, металапракат, сыравіна для лёгкай прамысловасці, электроніка і камплектуючыя да яе, угнаенні, хімікаты.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Узровень пісьменнасці насельніцтва — амаль 96 %. Колькасць навучэнцаў — каля 23 млн чал. Дзейнічаюць 300 ВНУ і каледжаў, у якіх навучаюцца 442 тыс. студэнтаў. Сярэднія прафесійныя вучылішчы наведваюць 1,4 млн чал. Па пасляўніверсітэцкім праграмам навучаюцца 19 тыс. чал.

Усё сродкі масавай інфармацыі з'яўляюцца дзяржаўнымі альбо фармальна належаць грамадскім арганізацыям або творчым саюзам. В'етнамскае інфармацыйнае агенцтва мае прадстаўніцтвы ў гарадах Хашыміне і Дананге, 61 карпункт на тэрыторыі СРВ і 25 карпунктаў за мяжой. Выдаюцца 150 газет, 337 часопісаў і каля двух дзесяткаў бюлетэняў; іх агульны тыраж — прыкладна 680 млн асобнікаў. Штодня выходзяць 24 цэнтральныя і мясцовыя газеты. Найболей аўтарытэтныя і высокатыражныя — «Нянзан» («Народ»), «Куандой нянзан» («Народная армія»), «Ханой мой» («Новы Ханой»), «Лаадонг» («Праца»), «Сайгон зяйфонг» («Вызвалены Сайгон»), «Туойчэ» («Моладзь») і вячэрняя «Тинтык» («Весткі»).

Тэлевізійнае вяшчанне забяспечвае адзіная дзяржаўная тэлекампанія (VTV). Маецца тры агульнанацыянальных тэлеканала — афіцыйны (VTV1), навукова-адукацыйны (VTV2) і інфармацыйна-забаўляльны (VTV3). Радыёвяшчанне здзяйсняе дзяржаўнае радыё «Голас В'етнама».

На сённяшні дзень у краіне налічваецца больш 70 электронных газет, якія атрымалі ліцэнзію Міністэрства інфармацыі і камунікацый СРВ. Самыя папулярныя інтэрнэт-газеты — Vietnamnet (www.vnn.vn) і VNExpress (www.vnexpress.net).

Узброеныя сілы[правіць | правіць зыходнік]

Узброеныя сілы ўключаюць рэгулярны кампанент — В'етнамская народная армія (ВНА) і войскі Міністэрствы грамадскай бяспекі (МОБ), а таксама нерэгулярны — сілы народнага апалчэння і самаабароны (НАСА). Органы вышэйшага ваеннага кіравання — Цэнтральны ваенны партыйны камітэт (ЦВПК), Свает нацыянальнай абароны і бяспекі (СНАІБ), Міністэрства нацыянальнай абароны, Генеральны штаб ВНА. Вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі і старшыня СНАІБ — прэзідэнт СРВ Нгуен Мінь Чыет (член ЦВПК).

Беларуска-в'етнамскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Сацыялістычная Рэспубліка В'етнам прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь 27 снежня 1991 года. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўлены 24 студзеня 1992 г. У снежні 1997 г. гандлёвае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В'етнам пераўтворана ў Пасольства. Пасольства В'етнама ў г.Мінску адкрыта ў канцы 2003 года.

У красавіку 1997 і красавіку 2008 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка наведаў В'етнам з афіцыйнымі візітамі.

У жніўні 1998 Рэспубліку Беларусь наведаў Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Чан Дык Лыонг. У маі 2010 г. Прэзідэнт В'етнама Нгуен Мінь Чыет наведаў Рэспубліку Беларусь з афіцыйным візітам. У 2000 - 2006 гадах праведзены абмен візітамі на ўзроўні прэм'ер-міністраў і кіраўнікоў парламентаў дзвюх краін. У сакавіку 2009 г. адбыўся абмен візітамі дэлегацый прадстаўнікоў Нацыянальных сходаў Беларусі і В'етнама. У красавіку 2009 г. адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Старшыні Нацыянальнага сходу Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Нгуен Фу Чонгам. У кастрычніку 2010 В'етнам наведаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.

2 мая 2008 г. В'етнам у афіцыйным парадку інфармаваў аб ратыфікацыі беларускай папраўкі да Дадатку В да Кіёцкага пратакола.

У верасні 2009 г. адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь в'етнамскай дэлегацыі на чале з Генеральным Аўдытарам В'етнама Выонг Дзінь Хуэ. У ходзе візіту адбыліся сустрэчы са старшынёй КДК Беларусі З.К. Ломацем, Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Б.В. Батурам, наведванне шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. У кастрычніку 2009 праведзены візіт у Рэспубліку Беларусь Намесніка Прэм'ер-міністра Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Хаанг Чунг Хая. У студзені 2010 г. адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Міністра юстыцыі В'етнама Ха Хунг Кыонга, у траўні 2010 г. - мэра г. Ханоя Нгуен Тхе Тхаа.

У перыяд з 29 лістапада па 1 снежня 2011 г. адбыўся афіцыйны візіт Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча ў Сацыялістычную Рэспубліку В'етнам.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі