Габрыэля Пузына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Габрыэля Гюнтэр (Пузына)
княгіня Габрыэля Альбіна Пузына з роду Гюнтэраў
Нараджэнне 24 верасня 1815(1815-09-24)[1][2]
Смерць 16 жніўня 1869(1869-08-16)[2] (53 гады)
Род Гюнтэры (Гінтэры)
Бацька граф Адам Міхалавіч Гюнтэр (1782—1854)
Маці графіня Аляксандра Тызенгаўз (каля 1790—1843)
Дзеці няма
Веравызнанне каталіцызм
Дзейнасць паэтка, пісьменніца
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Габрыэля Альбіна Гюнтэр, замужам — княгіня Габрыэля Пузына, Габрыэля Пузыня (польск.: Gabriela Puzynina; 24 верасня 1815, Вільня — 16 жніўня 1869) — польскамоўная паэтэса, пісьменніца і мемуарыстка з Віленскай губерні (Расійская Імперыя).

Карысталася псеўданімам і крыптанімам «G.G.» (г.зн. «Габрыэля Гюнтэр»).

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Габрыэля Альбіна Гюнтэр нарадзілася ў Вільні ў каталіцкай сям'і графа Адама Гюнтэра (1782—1854) (з Ігуменскага павета Мінскай губерні) і графіні Аляксандры Тызенгаўз (каля 1790—1843) (з Літоўска-Віленскай губерні). Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі[3], а ў XVIII ст. род ужо адносіўся да карэннай сярэднезаможнай шляхты Новагародскага ваяводства ВКЛ[3]. Прозвішча «Гюнтэр» (Günter) у польскай і рускай транскрыпцыі пісалася і чыталася як «Гінтэр» (Ginter/Гинтер).

Габрыэля была малодшай з трох дачок сваіх бацькоў.

У 1851 г. выйшла замуж за князя Тадэвуша Юзафавіча Пузыну, шлюб з якім быў бездзетным.

Выхаванне і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Да шлюбу жыла ў набытым яе бацькам маёнтку Дабраўляны[4] Свянцянскага павета Літоўска-Віленскай губерні. У Дабраўлянах бывалі Ігнат Ходзька (пазней ён адрэдагаваў і давёў да друку першы паэтычны зборнік Габрыэлі Пузыны) і Антоні Эдвард Адынец (пазней літаратурны радца і сябра паэтэсы), Ян Дамель, Юліян Корсак, Ян Рустэм, Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская, Тамаш Зан.

Культурная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Трымала літаратурны салон у маёнтку мужа Гарадзілава (цяпер Маладзечанскі раён), збірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я г. гасцямі літаратурнага салону Габрыэлі Пузыні былі Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі, Уладзіслаў Міцкевіч (сын паэта Адама Міцкевіча)[5].

Разам з мужам падарожнічала па Заходняй Еўропе — наведала Германію і Францыю, у Парыжы завязала цеснае знаёмства з вядомымі польскамоўнымі пісьменнікамі-эмігрантамі — Антоніям Гарэцкім і Багданам Залескім[6].

Як паэтэса вядомая з 12-гадовага ўзросту. Пісала толькі на польскай мове. Дэбютавала вершам у 1828 г. у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. У 1830−1840-х склалася як адмысловая паэтэса, у Вільні з друку выйшлі некалькі яе паэтычных зборнікаў: у 1843 г. «W imie Boże» («У імя Божае») і ў 1845 г. «Dalej w świat!» («Далей у свет!»). Другое выданне гэтых яе вершаў, дапоўненае новымі творамі, пад назвай «W imie Boże — Dalej w świat!» («У імя Божае — далей у свет!») выйшла ў Вільнюсе ў 1959 г.[5] У 1857 годзе ў Вільне была выдадзена яе кніга «Małe a prawdziwe opowiadania» («Малыя ды праўдзівыя апавяданні»).

У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў напісала ўспаміны «Мая памяць», даведзеныя да 1867 г. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, уяўляў панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, змяшчаў каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё края. У ім шмат звестак пра сем'і Сапегаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў, Вайніловічаў, маёнтак Дабраўляны і Дабраўлянскую збраёўню, Паставы, Дзярэчын, Віленскі ўніверсітэт, франка-расійскую вайну 1812 г., Лістападаўскае паўстанне 1830—1831 гг. у літоўска-беларускіх землях. Рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. у Варшаве. Часткова выдадзены А. Чарткоўскім і Г. Масціцкім у 1928 г.

Некаторыя даследчыкі атаясамляюць з Альбінай Габрыэляй Пузынай Адэлю з Устроні[7].

Паасобныя вершы Габрыэлі Пузыны перакладзены Ірынай Багдановіч і іншымі.

Зноскі

  1. Gabriela Puzynina // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. SavoyB: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088doi:10.1515/AKL
  2. а б (Albina) Gabriela Puzynina (z domu Günther) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. а б Puzynina, G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843. — Kraków, 1990. — С. 358.
  4. Знаходзіцца за 10 міль ад Вільні каля возера Свір; цяпер — Смаргонскі раён Рэспублікі Беларусь.
  5. а б Puzynina // PSB…
  6. Бурдзялёва І. Габрыэля Пузыня:…
  7. Багдановіч І. Загадка…

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Puzynina G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843. — Wilno, 1928. (репринт: Kraków : Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. — 400 s).
  • Душа лістападу: вершы, пераклады / Багдановіч І.. — Мінск: Кнігазбор, 2012. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып.28) — ISBN 978-985-7007-81-3.
  • Пузыня Г. Як бы я хацела жыць // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
  • Пузыня Г. Хросны бацька // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
  • Пузыня Г. Незабыўная драбніца // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
  • Пузыня Г. Помста Літвінкі. Прадмова і пераклад Ірыны Багдановіч // Маладосць (Мінск). — 2011, сакавік. — № 3 (688).
  • Пузыня Г. Слоўцы люду. Прадмова і пераклад Ірыны Багдановіч // Маладосць (Мінск). — 2011, сакавік. — № 3 (688).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Puzynina // Polski Słownik Biograficzny. Tom XXIX. Zeszyt 122. Wrocław-Warszawa: Wyd-wo PAN, 1986. S. 503−505.
  • Багдановіч І. Загадка Адэлі з Устроні // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. —С. 53-63. — ISBN 985-6299-79-9.
  • Багдановіч І. «Малыя ды праўдзівыя апавяданні» графіні Габрыелі// Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
  • Бурдзялёва, І. Габрыэля Пузыня: святло шчасця // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. — 204 с. ISBN 985-6299-79-9. С. 38-52.
  • Пузына Альбіна Габрыеля // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]