Гарадзішча
Гарадзі́шча — тып помніка археалогіі, рэшткі колішняга ўмацаванага паселішча. Звычайна ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і захаваліся ў выглядзе валоў і рвоў. Адносяцца да часоў першабытнаабшчыннага ладу (медны, жалезны век) і Сярэдніх вякоў. Назва ўжывалася яшчэ ў сярэднявечных летапісах.
Змест |
Асноўныя звесткі [правіць]
Гарадзішчы ўзніклі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, калі грамадства пачало пераходзіць ад збіральніцтва, рыбалоўства і палявання да земляробства і жывёлагадоўлі. Познія гарадзішчы — гэта ўмацаваныя часткі сярэднявечных гарадоў.
Умацаванае паселішча будавалі на беразе ракі з высокімі адхіламі — паміж двума ярамі, якія выходзілі да ракі; альбо ў іншым прыдатным для абароны месцы. Пры будаўніцтве адхілы рабілі яшчэ больш крутымі, а знятую зямлю выкарыстоўвалі для насыпкі валоў. Па краях пляцоўкі насыпалі валы, на якіх узводзілі сцены і іншыя абарончыя збудаванні. На месцы яроў і паміж імі (з напольнага боку) выкопвалі роў, які запаўнялі вадой. Уезд на паселішча праз вароты размяшчаўся з напольнага боку.
На многіх гарадзішчах спачатку існавалі паселішчы першабытнага часу, а затым — ранняга Сярэднявечча (звычайна гарады). Па меры роста гарадоў на іх жа маглі будаваць замкі. Такія гарадзішчы адначасова з'яўляюцца замчышчамі.
Часта гарадзішчы маюць мясцовыя назвы, напр.: Гарадзішча, Гарадок, Замкавая гара, Замэчак. Шэраг гарадзішчаў далі назву пазнейшым паселішчам, размешчаным каля іх (напр., г. п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна).
З III—IV ст. існавалі таксама неўмацаваныя паселішчы, рэшткі якіх называюць селішчамі.
Тыпы гарадзішчаў [правіць]
- Мысавыя гарадзішчы. Размяшчаліся на мысах на берагах рэк, азёр і ўмацоўваліся валамі і равамі. Часцей за ўсё мелі трох- і чатырохвугольную ў плане форму.
- Узгоркавыя гарадзішчы. Размяшчаліся на ўзгорках, узвышшах.
- Балотныя гарадзішчы. Размяшчаліся сярод балот у лясістай мясцовасці, на нізкіх берагах азёр і рэк. Умацоўваліся валамі і равамі. Часцей за ўсё мелі круглую або прамавугольную форму. Выкарыстоўваліся як сховішчы на час небяспекі.
Грод [правіць]
Грод (або горад у раннефеадальны час) — умацаванае паселішча ва Усходняй Еўропе часу ранняга феадалізму. Паходзіць ад слова «гарадзіць», што значыць умацоўваць драўлянымі сценамі, парканам ці тынам.
У VІІІ—ІХ стст. побач з вясковымі ва Усходняй Еўропе пачалі паўставаць першыя ўмацаваныя паселішчы — гроды, якія выконвалі адміністрацыйную, вайсковую і рэлігійную функцыі. Азначэньне грод, роднаснае і характэрнае для ўсіх усходне- і заходнеславянскіх моваў. Па сваіх ваенных і адміністратыўных функцыях яно набліжаецца да замка, аднак у дасярэднявечны перыяд не мог з'яўляцца прыватнай ўласнасцю і ў дафеадальным грамадстве займаў іншае месца, чым замак.
Ва ўсходнеславянскіх мовах галоўнай характарыстыкай гроду была яго абарончы характар ў адрозненні ад неўмацаваных сяла ці весі. Таму горадам называлі любое ўмацаванае месца, як горад у сацыяльна-эканамічным значэнні гэтага слова так і менавіта крэпасць, феадальны замак ці ўмацаваную сядзібу феадала. Словам горад называлі да ХVІІ ст. нават самі сцены.
У далейшым ва ўсходніх слаянаў сам панятак грод ці горад прыняў значэнне рамесна-гандлёвае горад, у той час, як прыкладам у чэхаў, гродамі сталі называць замкі.
Захоўванне і выкарыстанне [правіць]
Гарадзішчы — месцы археалагічных даследаванняў, а таксама выкарыстоўваемыя альбо патэнцыйныя аб'екты турызму і экскурсій. На некаторых гарадзішчах дзейнічаюць музеі-павільёны з раскапанымі рэшткамі старадаўніх пабудоў (археалагічны музей «Бярэсце» ў г. Брэсце, гісторыка-археалагічны комплекс «Старажытны Тураў» у г. Тураве Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці).
Як і іншыя помнікі археалогіі, гарадзішчы ахоўваюцца дзяржавай. На кожным помніку павінен быць усталяваны ахоўны знак; таксама складаецца пашпарт і заключаецца дамова аб ахоўных абавязках з землекарыстальнікам, на тэрыторыі якога знаходзіцца помнік. У Беларусі за арганізацыю аховы помнікаў адказваюць аддзелы і ўпраўленні культуры органаў мясцовага і абласнога кіравання; а ў цэлым па краіне — Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пашкоджанне альбо знішчэнне помнікаў цягне адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць.
Навуковую працу ў гэтай галіне ажыццяўляе аддзел захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі» (г. Мінск).
Галерэя [правіць]
-
Гарадзішча і археалагічны музей, г. Тураў. Жыткавіцкі р-н, Гомельская воб.
-
Гарадзішча ў в. Лоск, ахоўны знак. Гародзькаўскі сельсавет, Валожынскі р-н, Мінская вобл.
-
Рэканструкцыя ўмацаванняў на гарадзішчы Біроў, в. Падзамчэ. Гміна Аградзенец, Завярценскі павет, Сілезскае ваяводства, Польшча.
-
Гарадзішча 7—4 ст. да н. э., г. Кашыра. Маскоўская вобл., Расія.
Гл.таксама [правіць]
Літаратура [правіць]
- Побаль Л. Д. Гарадзішча. // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. У 5-і т. Т.1 / Рэд. кал.: П. У. Броўка і інш — Мінск: Гал. рэд. БелСЭ, 1978. — Т. 1. — 752 с. — 15 000 экз.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 2. Габой — Карціна / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш — Мінск: БелСЭ, 1985. — Т. 4. — С. 37. — 702 с. — 9500 экз.
Спасылкі [правіць]
| Гэта пачатак артыкула. Вы можаце дапамагчы праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |