Гарадскія ўмацаванні Полацка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Полацкія замкі, Станіслаў Пахалавецкі (1579).

Полацкія гарадскія ўмацаванні — комплекс умацаванняў Полацка ў XI—XVII ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асноўныя раёны старажытнага Полацка: Верхні замак, Вялікі і Запалоцкі пасады.

Полацк згадваецца ў 862 годзе, магчыма, тады ўжо існавалі ўмацаванні. «Сага пра Цідрыка Бернскага», запісаная ў XIII ст., паведамляе мураваныя ўмацаванні Полацка ў IX ст.

У канцы XV стагоддзя па загадзе вялікага князя Аляксандра, а пасля ў 1561 годзе ўмацаванні замкаў папраўлены і пашыраны. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах XV—XVII стст. Паводле іх, у 1552 годзе на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафійская і 4 безыменныя.

З 31 студзеня па 15 лютага 1563 года замкі трымалі ў аблозе войскі Івана Грознага, пасля ўзяцця Полацка цар загадаў неадкладна аднавіць умацаванні. Менавіта тады быў пабудаваны Стралецкі горад, пазней вядомы як Ніжні замак, а цяпер як «вал Івана Грознага». Будаўнічымі працамі ў 1563—1564 гадах кіравалі царскія службоўцы Пётр Зайцаў і дзяк Барыс Шчокін. Стралецкі горад (Ніжні Замак) не меў вялікага абарончага значэння, хоць і мог прыкрываць з фланга Верхні замак, а прызначаўся ў асноўным для бяспечнага жыцця маскоўскага гарнізона. З боку Запалоцця Стралецкі горад быў цалкам адкрыты для абстрэлу, падчас аблогі Полацка войскамі Рэчы Паспалітай у 1579 годзе, з гэтай прычыны атака была сканцэнтравана на Верхнім замку, а Стралецкі горад, як і Запалоцце маскавіты пакінулі самі.

З пачаткам адваявання Полацка Стэфанам Баторыям у 1579 годзе ёсць звесткі пра ўмацаванні, яны складаліся з Верхняга замка, Стралецкага горада і Запалоцця. Верхні замак займаў тэрыторыю старажытнага дзядзінца і меў сем веж. Стралецкі горад быў збудаваны маскоўскім войскам на месцы часткі ранейшага Вялікага пасада, Запалоцце таксама было імі ўмацавана.

На пачатку аблогі войскамі Рэчы Паспалітай пад камандаваннем Каспара Бекеша, Запалоцце было спалена і пакінута абаронцамі. Сцены Верхняга замка былі значна пашкоджаныя, што вымусіла маскоўцаў да здачы. Пасля ўзяцця места Стэфан Баторый загадаў аднавіць умацаванні паводле інструкцый.

Драўляныя замкі ў 1607 і 1642 гадах гарэлі, у 1647, 1654 — паднаўляліся. У XVII ст., пасля заняцца маскоўцамі Полацка, вежы Верхняга замка перабудаваны, некаторыя пастаўлены ў іншых месцах. Паводле дакумента 1654 года, было 10 веж: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Буська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка, а даўжыня сцяны склада 729 ½ сажняў. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная.

Умацаванні Вялікага пасада вядомы з XI ст. У XVI—XVII стст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Заходняй Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на поўнач, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўночна-ўсходняя). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р. Палата на захад да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без веж.

На Ніжнім замку ў XVII ст. вежы і сцены, даўжыня якіх складала ў 1654 годзе 1231 сажань, заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з XII ст. У XVI ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вялікага пасада. Аднак тут не было валу, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын».

Замкі не аднаўляліся пасля знішчэння іх расійскім генералам фон Вердэнам  (руск.) у 1706 годзе, хаця рэшткі драўляных умацаванняў былі бачны яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя.

Даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя даследаванні гарадскіх умацаванняў праводзілі В. А. Булкін (1979), С. В. Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]