Гарадскі пасёлак Акцябрскі
| Гарадскі пасёлак
Акцябрскі
|
||||||||||||||||||||||||
|
|
Акця́брскі — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Акцябрскага раёна, на р. Нератоўка. Знаходзіцца ў 190 км ад Гомеля. Прыпыначны пункт на чыгунцы Бабруйск — Рабкор. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Азарычамі, Парычамі, Капаткевічамі. Насельніцтва 7,3 тыс. чал. (2010).
|
Гісторыя [правіць]
Утвораны 31 жніўня 1954 г. ў выніку аб'яднання вёсак Карпілаўка, Рудабелка і Рудня з атрыманнем статуса райцэнтра. Вёска Рудабелка вядомая з сярэдзіны XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне, здавалася ў заставу (арэнду) Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1685 г. зрабілася прыватнай ўласнасцю Радзівілаў. У канцы XVIII ст. належала памешчыку Дамініку Лапе, які заснаваў тут маёнтак Карпілаўка і ў 1-й палове XIX ст. правёў буйныя меліярацыйныя мерапрыемствы. У 1863 г. аткрыта народнае вучылішча. У 1918—1920 гг. існавала «Рудабельская рэспубліка» (захаванне Савецкай улады на тэрыторыі, акупіраванай спачатку нямецкімі, а потым — польскімі войскамі). 28 чэрвеня 1939 г. быў утвораны Акцябрскі раён Палескай вобласці з цэнтрам у Карпілаўцы.
У час Вялікай Айчыннай вайны — адзін з цэнтраў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны (існавала Савецкая ўлада, працавалі школы, выдаваліся газеты). У пачатку красавіка 1942 г. у ходзе карнай аперацыі немцаў усе 3 вёскі (Карпілаўка, Рудабелка і Рудня) амаль цалкам спаленыя, знішчана больш 2,5 тыс. жыхароў. Вызвалены 27 чэрвеня 1944 г.
У 1962—1966 гг — у Светлагорскім раёне [2][3].
Помнікі [правіць]
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Вул. Савецкая. У 59 магілах пахаваны 272 воіны Чырвонай Арміі (загінулі ў чэрвені 1944 года пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і 41 партызан (загінулі ў Вялікую Айчынную вайну). У 1959 годзе пастаўлены помнік — скульптура воіна (рэканструяваны ў 1984 годзе).
Магіла ахвяр фашызму. Вул. Бумажкова. Пахаваны астанкі 643 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі жывымі карнікі ў памяшканні клуба спіртзавода. У 1959 годзе пастаўлены абеліск.
Магіла ахвяр фашызму. Вул. Гастэлы. Пахаваны астанкі 486 жыхароў былой вёскі Карпілаўка, якіх 3 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1959 годзе пастаўлены абеліск.
Магіла ахвяр фашызму. Вул. Савецкая, каля сярэдняй школы № 1. Пахаваны астанкі 700 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1972 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптура жанчыны ў жалобе.
Магіла ахвяр фашызму. За 0,5 км ад пасёлка, каля дарогі на Азарычы. Пахаваны астанкі 800 жыхароў былой вёскі Рудня, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі карнікі. У 1975 годзе ўстаноўлены 2 стэлы.
Мемарыяльная дошка ў гонар партызан. Партызанская плошча, на будынку раённага Савета дэпутатаў. Устаноўлена ў 1959 годзе ў памяць аб знаходжанні ў Рудабелцы цэнтра партызанскай зоны.
Мемарыяльная дошка на месцы базіравання Акцябрскага падпольнага райкома КП(б)Б і штаба 123-й партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР. Устаноўлена ў 1959 годзе на будынку № 40 па вуліцы Савецкай.
Помнік Ц. П. Бумажкову. Устаноўлены ў 1961 годзе на вул. Савецкай, перад кінатэатрам.
Помнік Леніну (1953 год). Партызанская плошча.
Помнік «Барацьбітам за Савецкую ўладу». Цэнтральная плошча.
Сцяна прысвячэння — помнік Героям Савецкага Саюза — воінам-землякам і воінам, атрымаўшым гэта званне за вызваленне Акцябрскага раёна. Цэнтральная плошча.
Насельніцтва [правіць]
Для пасёлка характэрна наступная дынаміка змянення колькасці жыхароў (паводле перапісаў)[1]:
- 1959 — 2954 чал.
- 1970 — 4273 чал.
- 1979 — 5825 чал.
- 1989 — 7253 чал.
- 1999 — 8440 чал.
- 2009 — 7367 чал.
Планіроўка [правіць]
Планіроўка квартальная, выцягнутая з поўдня на поўнач. Рака падзяляе пасёлак на паўночную і паўднёвую часткі. Асноўным планіровачным ядром з'яўляецца цэнтральная плошча, вакол якой размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр і асноўныя месцы адпачынку. На ўсходзе ў апошнія дзесяцігоддзі склаўся мікрараён, забудаваны 3- і 5-павярховымі жылымі дамамі. У 1987—93 гадах у асноўным на поўначы пасёлка ўзведзена 189 мураваных, катэджнага тыпу дамоў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц пасля Чарнобыльскай аварыі 1986 г. На месцы былой лесапілкі ў цэнтры пасёлка будуецца новы квартал (з 2010 года). Карта пасёлка
Эканоміка [правіць]
Прадпрыемствы харчовай (завод сухога абястлушчанага малака, хлебазавод), дрэваапрацоўчай прамысловасці. Цэнтр КСУП "Саўгас «Акцябрскі». Камбінат бытавога абслугоўвання, аўтапарк, райаграсэрвіс, лясгас, будаўнічая арганізацыя. Гасцініца «Арэса». Метэастанцыя.
Сацыяльная сфера [правіць]
Прафесійна-тэхнічнае вучылішча сельскай гаспадаркі, раённая гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спартыўная і музычная (адкрыта 01.09.1969) школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Цэнтр гісторыі і культуры (з 14.11.1995), карцінная галерэя (з 1990 года), 2 бібліятэкі, кінатэатр, райбальніца, 2 аптэкі, раённы вузел сувязі, друкарня, заапарк. Выдаецца раённая газета «Чырвоны Кастрычнік» (з 1939 года). 23.11.1996 года адкрыта праваслаўная Свята-Пакроўская царква, будуецца рымска-каталіцкі касцёл.
Культура [правіць]
Вядомыя ўраджэнцы [правіць]
Л. Я. Адзінец — удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Беларусі, грамадзянскай вайны, адзін з арганізатараў Мінскага падполля ў час Вялікай Айчыннай вайны.
М. Дз. Лапа — дзекабрыст.
А. Р. Салавей — удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Беларусі, герой грамадзянскай вайны.
У Сеціве [правіць]
Літаратура [правіць]
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0
- Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
| Адміністрацыйны падзел Гомельскай вобласці | ||
|---|---|---|
| Раёны | Акцябрскі • Брагінскі • Буда-Кашалёўскі • Веткаўскі • Гомельскі • Добрушскі • Ельскі • Жлобінскі • Жыткавіцкі • Калінкавіцкі • Кармянскі • Лельчыцкі • Лоеўскі • Мазырскі • Нараўлянскі • Петрыкаўскі • Рагачоўскі • Рэчыцкі • Светлагорскі • Хойніцкі • Чачэрскі | |
| Гарады абласнога падпарадкавання |
Гомель | |