Гара Міндоўга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Памятны знак ля падножжа гары

Гара Міндоўга — пагорак у Навагрудку, размешчаны на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Мінскай, 1 Мая і пешаходным пераходам, які злучае вуліцы Мінскую і 1 Мая.

Паводле падання ў XIII стагоддзі тут быў пахаваны заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага князь Міндоўг. Пра паданне ўпамінаецца ў першай манаграфіі пра Навагрудак, выдадзенай на лацінскай мове ў Львове ў 1795 годзе. Незадоўга да смерці ад рук сваіх палітычных праціўнікаў ён адмовіўся ад каталіцтва і быў пахаваны па паганскаму абраду пад гарой (курганом).

Паводле іншай версіі, такая назва магла ўзнікнуць ад таго, што на гэтай гары і вакол яе, магчыма, праходзіла ў 1253 годзе каранацыя Міндоўга, які прыняў ад Папы Рымскага Інакенція IV карону і тытул Караля Літвы — першага і адзінага, бо паводле летапісу, каранацыя праходзіла не ў замку, а каля яго.

Асаблівую папуляр­насць легенда пра гару Міндоўга набыла дзя­куючы вядомаму паэту, ураджэн­цу Навагрудка Адаму Міцкевічу, у творах якога не раз з’яўляецца góra Mendoga[1][2][3]

Гара Міндоўга, 1898 г.

Паводле іншага падання, пазней на вяршыні гары была мармуровая надмагільная пліта на якой узвышалася выява дзяўчыны з тварам анёла. Тут была пахавана прыгажуня Крыся, якая стала правобразам для многіх скульптур і насценных роспісаў у касцёлах Вільні. Аўтарам віленскіх скульптур, як і надмагільнага помніка на Гары Міндоўга быў закаханы ў Крысю італьянскі скульптар Джавані Перэці.

Могілкі на гары, Ян Булгак, 1910 г.
Гара Міндоўга, Ян Булгак, 1909 г.

Прыкладна з канца XVII стагоддзя на Гары Міндоўга размяшчаліся агульнагарадскія хрысціянскія могілкі. Значная колькасць помнікаў з каменю і металу, а таксама драўляных крыжоў «на гары» адлюстравана на фотаздымках першай трэці XX стагоддзя. Перасталі гэтыя могілкі выкарыстоўвацца для пахаванняў з пачатку 1920-х гадоў. Захаваліся некаторыя надмагільныя пліты. Найстарэйшы надмагільны помнік на Гары Міндоўга, які захаваўся да нашага часу, датуецца 1820 годам.

У ліпені 1993 года на гарадскім свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары ўстаноўлены памятны знак скульптара У. М. Лятуна.

У верасні 2014 года каля гары была пастаўлена металічная скульптура Міндоўга вышынёй каля 2,5 метраў.[крыніца?]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]