Гаршчок

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
1992. Stamp of Belarus 0018.jpg

Гаршчо́к — гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і іншых.

Вядомы з эпохі неаліту. Напачатку гаршчкі ляпілі, у тым ліку з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчкоў у іх выкарыстанні, формах, памерах у Беларусі замацаваліся ў мясцовых назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш. Форма гаршчка добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награвання ў напаленай печы: круглы з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным венцам. Выраблялі з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласці з дамешкам жарствы, пяску, а пасля абпальвання гартавалі ў абвары. Дэкор стрыманы альбо зусім адсутнічаў. Аздаблялі звычайна глянцаваным і прачэрчаным па сырой паверхні геаметрычным арнаментам. 2 ці 3 замацаваныя ручкай гаршчкі, у якіх бралі ежу на поле, называлі адпаведна спарышамі і траячкамі.

Гаршчок — найбольш семіятызавана рэч хатняга начыння. Антрапамарфізацыя гаршчка праяўляецца як на ўзроўні найменняў (носік, ручка), так і ў фальклорных тэкстах, перадусім у загадках: «Малады Ягор сеў на конь, паехаў у агонь»; «Радзіўся — не хрысціўся, памёр — не правадзіўся», У шматлікіх рытуальных практыках сімвалічна прадстаўляў сабой чалавека — яго галаву і ўлонне — і ў такіх кантэкстах уваходзіў у абрады жыццёвага цыклу: радзіны, вяселле, памінкі. У пахавальнай абраднасці гаршчок выступае як ёмішча душы памерлага, як посуд для вады, што служыць пасярэднікам паміж светамі. У Пінскім раёне за труной неслі ў гаршчку пасвечаную ваду, вадой крапілі магілу, рэшткі там жа вылівалі, а гаршчок, перавярнуўшы дагары дном, ставілі ў голаў магілы. Сувязь гаршчка з душамі продкаў, з печчу і прасторай каля яе, а таксама непасрэднае сутыкненне з агнём тлумачаць суаднясенне яго з дамавіком. Па ўсёй Беларусі вядома павер'е аб перасяленні дамавіка ў новую хату менавіта ў гаршчку з жарам. На ўсходнеславянскай тэрыторыі дзіравы гаршчок уваходзіць у шэраг рэчаў, што выконвалі ў народнай свядомасці ролю абярэга. У рытуальных дзеяннях абыгрываецца пустата посуду, яго патэнцыяльная магчымасць «змяшчаць» у сабе тыя ці іншыя якасці: у гаршчку лічылася магчымым пабачыць чараўніцу, у ім пасля пэўных аперацый можа быць сканцэнтравана персаніфікаваная хвароба, менавіта ў гаршчку знаходзілі прыстанак атмасферныя з'явы.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Валодзіна Т. Гаршчок // Праект «Наша ежа»