Гаспадарскі суд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гаспадарскі суд, велікакняжацкі — вышэйшы суд Вялікага княства Літоўскага. Дзейнічаў у складзе вялікага князя і паноў рады або толькі паноў рады. Склад суда законам не быў рэгламентаваны, але на практыцы ў якасці засядацеляў абавязкова павінны былі прысутнічаць радныя паны. Іх колькасць не вызначалася, залежала ад важнасці справы, часу і месца пасяджэння, сацыяльнага і саслоўнага становішча істца і адказчыка. На правах суда дзейнічалі соймавыя і камісарскія суды. Першапачаткова соймавы суд праводзіўся вялікім князем і панамі радай у час соймаў. Паводле Статута Вялікага княства, справы ў соймавым судзе разглядалі паны рада і 8 дэпутатаў сойма.