Геаграфічная абалонка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Геаграфі́чная абало́нка — цэласная і неразрыўная абалонка Зямлі, асяроддзе дзейнасці чалавека.

Геаграфічная абалонка ахоплівае ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і цалкам — біясферу. Гэтыя складовыя часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў пастаянным судакрананні і ўзаемадзеянні. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі складае некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Тэрмін "геаграфічная абалонка" быў прапанаваны ў 1932 савецкім географам А. А. Грыгор'евым.

Кампаненты і элементы геаграфічнай абалонкі[правіць | правіць зыходнік]

У склад геаграфічнай абалонкі ўваходзяць кампаненты розных геасфер. Геасферы ўяўляюць сабой канцэнтрычныя (суцэльныя або перарывістыя) абалонкі Зямлі, якія адрозніваюцца па сваім складзе і ўласцівасцях: літасферу, атмасферу, гідрасферу і біясферу.

Літасфера — верхняя цвёрдая, каменная абалонка Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнюю частку, падсцілаючай яе, мантыі Зямлі. Магутнасць літасферы — каля 100 км. У склад геаграфічнай абалонкі ўваходзіць верхні пласт літасферы таўшчынёй у некалькі кіламетраў.

Атмасфера — газавая, паветраная абалонка Зямлі. Верхняя мяжа атмасферы праходзіць на вышыні больш за 1000 км. У склад геаграфічнай абалонкі ўваходзіць ніжні слой атмасферы, у якім адзначаецца наяўнасць пылу і вадзяной пары, могуць існаваць жывыя арганізмы. Верхняй мяжой геаграфічнай абалонкі прынята лічыць азонавы слой, які знаходзіцца на вышыні 25-30 км.

Гідрасфера — водная абалонка Зямлі, уключае ўсю хімічна не звязаную ваду. У гідрасферу ўваходзяць воды Сусветнага акіяна (звыш 96 % масы гідросферы), а таксама падземныя воды, ледавікі, воды рэк, азёр і балот.

Біясфера — сфера жыцця, жывая абалонка Зямлі, уласцівасці і працэсы ў якой абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў.

Акрамя таго, у выніку дзейнасці чалавека ў межах геаграфічнай абалонкі створаныя шматлікія штучныя аб'екты. Таму да геаграфічнай абалонкі можна таксама аднесці сацыясферу: чалавецтва з уласцівай яму вытворчасцю, а таксама асвоеную чалавекам частку прыроднага асяроддзя. Сацыясфера — аб'ект вывучэння сацыяльна-эканамічнай геаграфіі — па меры развіцця навукі і тэхнікі пашырае свае межы.

У межах геаграфічнай абалонкі часта вылучаюць ландшафтную сферу. Гэта невялікі па магутнасці (таўшчынёй у некалькі метраў) слой, які ўключае глебу, расліннасць, жывёльны свет, а таксама прыземны слой паветра, паверхневыя і грунтавыя воды сушы. У ландшафтнай сферы найбольш актыўна ідуць працэсы ўзаемадзеяння паміж кампанентамі геаграфічнай абалонкі, засяроджаны асноўныя рэсурсы, неабходныя для жыцця і дзейнасці чалавека.

Заканамернасці развіцця геаграфічнай абалонкі[правіць | правіць зыходнік]

Да агульных фізіка-геаграфічных заканамернасцей адносяцца:

  • цэласнасць геаграфічнай абалонкі,
  • кругазвароты рэчыва і энергіі,
  • геаграфічная занальнасць і азанальнасць,
  • рытмічнасць і цыклічнасць прыродных працэсаў.

Цэласнасць геаграфічнай абалонкі заключаецца ў тым, што змена аднаго прыроднага працэсу, з'явы або кампанента (рэльефу, расліннасці, глеб і г. д.) вядзе да змены іншых. Гэтая заканамернасць уласцівая як асобным геаграфічным аб'ектам на невялікіх тэрыторыях (напрыклад, возера, лясны масіў, пойма ракі і інш.), так і ўсёй геаграфічнай абалонцы, што складаецца з мноства геаграфічных комплексаў рознага масштабу. Змена адных прыродных комплексаў выклікае змену іншых, якія знаходзяцца ва ўзаемасувязі з першымі. Напрыклад, пасля асушвання балота паніжаецца ўзровень грунтавых вод не толькі на самім балоце, але і на прылеглых тэрыторыях. У выніку змяняецца глеба, відавы склад раслін, актывізуюцца эразійныя працэсы на схілах, змяняецца мікраклімат і г. д.

Істота геаграфічнай заканамернасці кругазвароту рэчыва заключаецца ў тым, што ўсім прыродным комплексам уласціва здольнасць абменьвацца рэчывам. Прыкладам можа быць кругазварот хімічных элементаў паміж глебай і раслінай падчас яе росту і адмірання, кругазварот вады ў прыродзе, кругазварот паветраных мас у атмасферы (напрыклад, паміж экватарам і тропікамі) і г. д. Кругазварот рэчыва — вельмі важная заканамернасць, таму што ў выніку яго падтрымліваецца адзінства жывой і нежывой прыроды, існуе жыццё.

Асноўная крыніца энергіі працэсаў, што адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы — энергія Сонца. Яе нераўнамернае паступленне на паверхню Зямлі стварае разнастайныя прыродныя ўмовы ў розных раёнах планеты. Геаграфічная занальнасць — асноўная заканамернасць размеркавання прыродных комплексаў па паверхні Зямлі. Яна выяўляецца ў паслядоўнай змене характарыстак кампанентаў геаграфічнай абалонкі пры перасоўванні ад экватара да палюсоў, што звязана з памяншэннем колькасці прамяністай энергіі Сонца, якая трапляе на зямную паверхню. З-за гэтага на Зямлі фармуюцца геаграфічныя паясы, якія працягнуліся ўздоўж зямных паралелей. У межах геаграфічных паясоў, у залежнасці ад увільгатнення, фармуюцца прыродныя зоны. Закону геаграфічнай занальнасці падпарадкоўваюцца працэсы, што адбываюцца ў атмасферы і гідрасферы, глебаўтварэнне, вонкавыя працэсы, якія ўплываюць на рэльеф, працэсы фармавання і развіцці біясферы.

Працэсы, якія адбываюцца ў нетрах Зямлі, не падпарадкоўваюцца закону геаграфічнай занальнасці. Яны абумоўліваюць азанальнасць: своеасаблівы характар паверхні і склад яе парод, што аказвае ўплыў на іншыя кампаненты геаграфічнай абалонкі.

Найбольш выразна геаграфічная занальнасць выяўленая на буйных раўнінах (Усходне-Еўрапейская раўніна, Заходне-Сібірская раўніна і інш.). У гарах найважнейшым фактарам, якія ўплывае на іншыя кампаненты ландшафту, становіцца рэльеф. Тут геаграфічная занальнасць замяшчаецца вышыннай поясносцю.

Такім чынам, цэласнасць геаграфічнай абалонкі выяўляецца ў тым, што змена аднаго з прыродных кампанентаў цягне за сабой змены іншых кампанентаў геаграфічнай абалонкі.

Шматлікія працэсы, якія адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы, характарызуюцца рытмічнасцю. Яна выяўляецца ў змене дня і ночы, змене пор года і г. д. У залежнасці ад часу сутак і пары года змяняецца колькасць сонечнай энергіі, якая трапляе на зямную паверхню, што абумаўляе рытмічнасць іншых працэсаў у геаграфічнай абалонцы (напрыклад, жыццядзейнасць жывых арганізмаў). Мяркуецца, што ў развіцці геаграфічнай абалонкі існуюць не толькі сутачныя і гадавыя, але і значна больш працяглыя цыклы, аднак яны пакуль адносна слаба вывучаныя.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]