Геаграфія Японіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Японія — астраўная дзяржава ва Усходняй Азіі, якая размяшчаецца на вялікім стратавулканічным архіпелагу, змешчаным ля ціхаакіянскага ўзбярэжжа Азіі. У адпаведнасці з сістэмай геаграфічных каардынат, Японія ляжыць на 36 ° на поўнач ад экватара і на 138 ° на ўсход ад Грынвіцкага мерыдыяна. Краіна размяшчаецца на паўночным усходзе ад Кітая і Тайваня (аддзеленая ад іх Усходне-Кітайскім морам) і строга на ўсходзе ад Карэі (аддзеленая Японскім морам). На поўначы ад Японіі ляжыць далёкаўсходні рэгіён Расіі.

Асноўнымі астравамі архіпелага з’яўляюцца (з поўначы на ​​поўдзень): Хакайда, Хонсюсуша»), Сікоку і Кюсю. Таксама ў склад краіны ўваходзяць каля 3000 меншых астравоў, уключаючы Акінаву, некаторыя з іх заселены, а некаторыя — не. Агульная плошча Японіі — 377 915 км², з якіх 374 744 км² складае суша, а 3 091 км² — водная прастора. Японія па сваіх памерах большая за Германію, Малайзію, Новую Зеландыю і Вялікабрытанію, яна ў 1,7 разоў большая за Карэю і ў 10 разоў — за Тайвань.

Статыстычныя даныя[правіць | правіць зыходнік]

Размяшчэнне: Усходняя Азія, ланцуг выспаў паміж паўночным раёнам Ціхага акіяна і Японскім морам, на ўсходзе ад Карэйскага паўвострава.

Геаграфічныя каардынаты: 36° 00' пн. ш. 138° 00' у. д. / 36,000° пн. ш. 138,000° у. д. / 36.000; 138.000 (G) (O)

Частка свету: Азія

Плошча:

  • агульная: 377915 км²
  • суша: 374744 км²[1]
    • в. Хонсю: 231100 км²
    • в. Хакайда: 83456 км²
    • в. Кюсю: 42177 км²
    • в. Сікоку: 18790 км²
    • в. Акінава: 2275 км²
  • вада: 3091 км²

Сухапутная мяжа: 0 км

Берагавая лінія: 29 751 км (18486 міль)

Марскія патрабаванні

  • адмысловая эканамічная зона: 200 марскіх міль (370 км) 
  • тэрытарыяльнае мора: 12 марскіх міль (22 км); паміж 3 і 12 марскіх міль (6 і 22 км) у міжнародных пралівах — Лаперуза, Цугару, Осумі, Усходні і Заходні праходы Карэйскага праліва.

Клімат: краіна размешчана ў зонах умеранага і субтрапічнага кліматаў, востраў Хакайда і паўночная частка Хонсю знаходзяцца пад уплывам умераных паветраных мас, паўднёвая частка Хонсю і ўсе паўднёвыя выспы ляжаць у зоне субтропікаў. Прыродныя зоны ў межах раўнінных участкаў Японіі цяжкавызнавальныя з-за вельмі шчыльнай забудовы, горныя ж участкі сушы пакрытыя шырокалісцевымі лясамі з участкамі вечназялёнай расліннасці. На Хакайда распаўсюджванне атрымалі лясы змешанага тыпу, а на поўначы выспы — цёмнахваёвая тайга.

Паверхня: у асноўным няроўная і гарыстая

Прыродныя рэсурсы: нязначныя запасы вугалю, нафты, жалеза; рыба і мінеральныя рэсурсы; буйныя радовішчы серы.

Ірыгацыйныя зямлі: 25,920 км² (на 2003 год)

Горы[правіць | правіць зыходнік]

  • Фудзіяма (3776 м) — свяшчэнная гара Японіі (Санрэйдзан), якая з’яўляецца вулканам
  • Кіта (3193 м) — найвышэйшы пункт горнага хрыбта Акаісі
  • Хотака (3190 м) — першы па вышыні пік горнага хрыбта Хіда
  • Яры (3180 м)
  • Татэ (3015 м) — свяшчэнная гара Японіі (Санрэйдзан)
  • Хакусан (2702 м) — свяшчэнная гара Японіі (Санрэйдзан), якая з’яўляецца вулканам
  • Куматоры (2017 м)

Прыродныя небяспекі[правіць | правіць зыходнік]

Дзесяць адсоткаў сусветнай вулканічнай актыўнасці ў пачатку 1990-х было зарэгістравана ў Японіі. Да 1 500 землятрусаў кожны год, магнітудай ад 4 да 6, не з’яўляюцца чымсьці незвычайным. Невялікія землятрусы адбываюцца штодня ў розных частках краіны, выклікаючы ўздрыгванне будынкаў.

Японія перажыла некалькі найбуйнейшых землятрусаў:

  • 1 верасня 1923 г. адбыўся вялікі землятрус Канта (магнітуда 8,3), найбольш пацярпелі гарады Токіа і Ёкагама — загінулі сотні тысяч (542 тысячы чалавек да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак, 143 тысячы чалавек — загінулымі), каля мільёна засталося без прытулку ў выніку ўзніклых пажараў.
  • 17 студзеня 1995 г. адбыўся землятрус у Кобэ (магнітуда 7,3), загінула 6434 чалавекі.
  • 11 сакавіка 2011 г. на паўночна-ўсходнім узбярэжжы адбыўся адзін з найбуйнейшых у гісторыі Японіі землятрусаў магнітудай 8,9. Землятрус выклікаў разбуральнае цунамі. Больш за ўсё пацярпела прэфектура Міягі і горад Сэндай, дзе вышыня грэбня хвалі дасягнула 10 м. На ўзбярэжжы горада Сэндай былі знойдзеныя ад 200 да 300 целаў загінулых.

З-за частых землятрусаў Японія стала сусветным лідарам па вывучэнні і прадказанні землятрусаў. Адкрыцці ў сучасных тэхналогіях дазваляюць будаваць хмарачосы нават у сейсмаактыўных зонах.

Іншай прыроднай небяспекай з’яўляюцца тайфуны (яп.: 台風), якія прыходзяць у Японію з Ціхага акіяна.

Зноскі

  1. Уключаючы Банінскія астравы, востраў Маркуса, астравы Акінаторы, астравы Рукю і Вулканічныя астравы. Улада над востравам Ліанкур  (руск.) спрэчная.