Геаграфія раслін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Геаграфія раслін, фітагеаграфія — раздзел батанікі і фізічнай геаграфіі, які вывучае геаграфічнае распаўсюджванне раслін. Асноўныя аб’екты геаграфіі раслін: арэалы відаў і больш буйных сістэматычных адзінак, а таксама флоры — сукупнасці відаў раслін, якія насяляюць тую ці іншую тэрыторыю. Галіной геаграфіі раслін, якая вывучае арэалы, з’яўляецца фітахаралогія. Флору вывучае фларыстычная геаграфія раслін. Залежнасць распаўсюджвання раслін ад умоў навакольнага асяроддзя — прадмет даследавання экалагічнай геаграфіі раслін. Аднак вылучэнне яе ў асобную галіну ўмоўнае, бо вывучэнне арэалаў і флоры непазбежна ўключае разгляд экалагічных пытанняў. Пры шырокай трактоўцы геаграфіі раслін да галіны кампетэнцыі экалагічнай геаграфіі раслін адносяць таксама раслінныя супольнасці і іх размеркаванне па паверхні Зямлі, якія цяпер служаць прадметам самастойнай батанічнай дысцыпліны — геабатанікі. Вылучаюць гістарычную, або генетычную геаграфію раслін, прадмет якой — гісторыя развіцця флоры зямнога шара, рассялення раслін і інш. у сувязі з агульным эвалюцыйным развіццём расліннага свету і гісторыяй Зямлі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Candolle A. de. Geographie botanique raisonnee. — P. — Gen., 1855.
  • Engler A. Versuch einer Entwicklungsgeschichte der Pflanzenwelt, insbesondere der Florengebiete seitder Tertiarperiode. — Bd 1—2. — Lpz., 1879—1882.
  • Cain S. A. Foundations of plant geography. — N. Y. — L., 1944.