Генуэзскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Генуэзская крэпасць у Судаку (рэканструкцыя).

Генуэзскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і — умацаваныя гандлёвыя цэнтры генуэзскіх купцоў у XIII—XV стст.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пашыраючы сферу гандлёвых аперацый пасля крыжовых паходаў і змагаючыся супраць Венецыі, якая супернічала з імі, генуэзцы, якія імкнуліся пры падтрымцы Візантыі (Німфейскі дагавор 1261 года) манапалізаваць гандаль на Чорным моры, у 1266 дамагліся ад стаўленіка Залатой арды ў Крыме Мангу-хана перадачы ім у валоданне Кафы (сучасная Феадосія), якая стала пазней цэнтрам іх калоній. У 1357 генуэзцы набылі Чэмбала (цяпер Балаклава), у 1365 — Салдаю (сучасны Судак), выцесніўшы адтуль венецыянцаў. Узніклі новыя калоніі генуэзцаў: Васпора (на тэрыторыі сучаснай Керчы), Тана (у вусці Дона), Джынестра (на тэрыторыі сучаснай Адэсы). Іх агенцтвы былі ў гарадах Матрэга (цяпер Тамань), Копа (цяпер Славянск-на-Кубані) і г.д.

Італьянскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і каля 1390 г.

У калоніях жылі грэкі, армяне, італьянцы, яўрэі, татары, адыгі і іншыя народы. Да канца XIV стагоддзя яны авалодалі чарнаморскім гандлем. Праз свае апорныя пункты ў Прычарнамор’і генуэзскія купцы вялі шырокі пасродніцкі гандаль. Яны прадавалі збожжа, соль, скуры, мяхі, воск, мёд, лес, рыбу, ікру з прычарнаморскіх раёнаў, сукна — з Італіі і Германіі, алей і віно — з Грэцыі, спецыі, каштоўныя камяні, мускус — з краін Азіі, слановую косць — з Афрыкі і шматлікія іншыя тавары.

Вялікае месца займаў гандаль палоннымі (рускімі, адыгамі, аланамі), набытымі ў татарскіх ханаў і турэцкіх султанаў. Рабыні славянскага паходжання адзначаюцца ў XIV стагоддзі ў натарыяльных актах некаторых італьянскіх і паўднёвафранцузскіх гарадоў (Русільён). Пра рабоў-скіфаў згадвае знакаміты паэт Петрарка ў сваім лісце да архібіскупа Генуэзскага Гвіда Сетэ.

Гандаль генуэзцаў з Чаркесіяй атрымаў значнае развіццё. Генуэзцы ўвозілі на Паўночна-Заходні Каўказ папяровыя і шаўковыя тканіны, італьянскія сукна і бакасіны, медныя і жалезныя вырабы, прадметы раскошы, золата, срэбра і каштоўныя камяні, соль і да т.п. Гандаль італьянцаў з горцамі насіў для адыгаў нераўнапраўны характар. Італьянцы жорстка рэгламентавалі кошты на соль, у якой востра мела патрэбу мясцовае насельніцтва. У сваю чаргу для генуэзскіх купцоў важнае значэнне меў вываз хлеба. Чаркескі хлеб паступаў у Заходнюю Еўропу, Візантыю і Трапезундскую імперыю. Увоз хлеба з Крыма і Чаркесіі меў для Візантыі такое важнае значэнне, што яго спыненне ў 1343 выклікала пагрозу голаду ў гэтай дзяржаве.

Гандлявалі генуэзскія купцы таксама і ў рускіх землях. Выхадцы з генуэзскіх калоній (руская назва — фрагі) — жылі ў Маскве, дзе ў XIVXV стст. існавала карпарацыя купцоў — суражан, якія спецыялізаваліся на гандлі з Генуэзскімі калоніямі. Генуэзскія калоніі былі добра ўмацаваны, у крэпасцях меліся гарнізоны (рэшткі крапасных збудаванняў захаваліся ў Балаклаве, Судаку, Феадосіі). Генуэзцы падтрымлівалі саюзніцкія адносіны з залатаардынскімі ханамі, якія фармальна з’яўляліся вярхоўнымі валадарамі тэрыторый калоній, але падавалі ім поўнае самакіраванне, захоўваючы ўладу толькі над падданымі ханаў. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве. Тым не менш, калоніі неаднаразова падвяргаліся нападам і спусташэнню з боку ханаў (1299, 1308, 13441347, 13961397).

Найбольш буйной калоніяй была Кафа, якая з’яўлялася развітым цэнтрам рамяства. Пасля падзення Візантыі ў 1453 Генуя саступіла чарнаморскія калоніі свайму банку Сан-Джорджа (банк Св. Георгія). Міжнароднае становішча калоній пагоршылася: узмацніўся ваенна-палітычны ціск Крымскага ханства, абвастрыліся адносіны з княствам Феадора ў Крыме. У 1475 генуэзскія калоніі былі заваяваны асманскімі войскамі пад камандаваннем пашы Гедыка Ахмеда і ўключаны ў склад Асманскай дзяржавы. Даўжэй іншых (да 1482 года) на Таманскім паўвостраве пратрымаліся прадстаўнікі генуэзскага арыстакратычнага роду Гізольфі.

Ад генуэзскага перыяду ў Крыме захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў у Кафе і Чэмбала, пабудаваныя пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў крэпасць і консульскі замак у Солдаі. У 1951 годзе ў Феадосію на тэрыторыі генуэзскай крэпасці вяліся археалагічныя раскопкі, якія далі каштоўны матэрыял для вывучэння гісторыі горада, яго рамёстваў і гандлю.

Спіс генуэзскіх калоній у Паўночным Прычарнамор’і[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя цяперашняй Украіны:

Чырвоным вылучаны генуэзскія ўладанні ў Крыме

Тэрыторыя цяперашняй Расіі:

Тэрыторыя цяперашняй Абхазіі:

Тэрыторыя цяперашняй Грузіі:


Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Типаков В. А. Общины Готии и Капитанство Готии в уставе Каффы 1449 г.//Культура народов Причерноморья, 1999, N6, стр. 218—224
  2. а б Иосафат Барбаро. Путешествие в Тану. Параграф 46
  3. ГІСТАРЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ ЗАЛАТОЙ АРДЫ ў XIII—XIV стст. Архівавана 16 мая 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]