Герб Пагоня

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Герб "Пагоня"
Герб Літвы

"Пагоня" — герб Вялікага княства Літоўскага, дзяржаўны сімвал Рэспублікі Беларусь (19.9.1991 – 14.5.1995) і Літоўскай Рэспублікі, адзін з нацыянальных сімвалаў літоўцаў, беларусаў (з пачатку XX стагоддзя).

Змест

[правіць] Назва

Доўгі час герб не меў асобнай назвы і абазначаўся апісальна. Як «чоловека на кони з мечом» згадвае гэты герб, напрыклад, Хроніка ВКЛ[1]. Назва «Пагоня» дакументальна зафіксаваная толькі ў канцы 16 ст.[2]. Версія пра ўжыванне гэтай назвы з 13 ст. (1282), якую можна сустрэць у асобных працах[3], ідзе ад Т. Нарбута.

Як адзначае М. Ткачоў, паходжанне герба «Пагоня» сягае ўглыб стагоддзяў і семантычна звязана са старажытнаславянскай ваеннай традыцыяй народнай пагоні — найважнейшай функцыяй арганізацыі жыцця і побыту ўсходне-славянскіх плямён, калі кожны чалавек быў у адказе за жыццё супляменніка. У выпадку раптоўнага нападу праціўніка і захопу ў палон членаў абшчыны кожны мужчына, які меў права насіць зброю, быў абавязаны пешкі або конна кідацца ў пагоню за ворагам, каб адбіць палон. Ва ўмовах ваеннай дэмакратыі традыцыя народнай пагоні выконвалася безумоўна і захоўвалася стагоддзямі і ў эпоху Кіеўскай Русі, і ў часы ВКЛ. Пад уплывам еўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх тардыцый ідэя абароны Бацькаўшчыны, сфарміраваная ў традыцыі народнай пагоні, увасобілася ў графічны сімвал — герб «Пагоня».[4]

[правіць] Выгляд

[правіць] Сярэднявечча

Існавала пяць варыянтаў сярэднявечнай "Пагоні":[5]

  • Класічны: у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, правай рукой ўздымае аголены меч над галавой, на левым плячы трымае шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
  • Такі самы як класічны, але рыцар уздымае дзіду. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
  • "Голы" (без засцерагальнага ўзбраення) яздок на кані без сядла, уздымае над галавою меч. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
  • Два варыянты "малой пагоні": на шчыце толькі галоўная дэталь герба, збройная рука з аголеным мячом, колер поля чырвоны або залаты.

Апроч гэтага, была вядома т. зв. "татарская пагоня", на зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука. Таксама выяву збройнага рыцара (св. Юрыя), які забівае цмока, у польска-літоўскай геральдыцы назваюць «Пагоней Рускай».

[правіць] 1918-1991

Марка часоў БНР

Герб "Пагоня", які выкарыстоўваўся Радай БНР, Радай Слуцкага паўстання, беларускімі арганізацыямі часоў Другой сусветнай вайны, беларускай эміграцыяй, беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі 1980-1990 гг., не меў кананічнага графічнага ўвасаблення. Агульнымі традыцыйнымі рысамі варыянтаў былі: чырвонае поле, белы конь рыцара, чырвоны шчыт з белым падвойным крыжам (роўнаканцовым).

[правіць] 1991-2000

Выгляд той рэдакцыі гербу "Пагоня", якая была прынятая ў якасці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991 г., мае наступныя адметнасці:

  • тарк рыцара белы, з залатым крыжам Ефрасінні (патрыяршым);
  • старэйшы, чым традыцыйны, выгляд зброі рыцара (шалом);
  • конь у статычнай (абарончай) позе.

Новы канон "Пагоні" быў спецыяльна распрацаваны беларускімі мастакамі Яўгенам Кулікам, Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным.[6]

[правіць] Гісторыя

[правіць] Паходжанне

Наогул, выява конніка гэта адна з найбольш папулярных тэм сімволікі розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам "Пагоні" быў заходнееўрапейскі іканаграфічны выраз тытулу князь (dux) XI-XIII ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом ці прапарцом і з таркам, на кані, які крочыць ці бяжыць галопам.[7] Выкарыстанне сімвалу "Пагоня" як дынастычнага герба князёў літоўскіх на землях старадаўняй Беларусі апісваецца ў летапісах, пачынаючы з 1270 – 1290-х гг. Гл. таксама: Ярыла, Дзімітры Салунскі, Барыс і Глеб, Святы Юры.

[правіць] ВКЛ

«Пагоня», з тытульнага аркуша Літоўскага Статута (1588)

Паводле звестак, у Хроніке Быхаўца герб "Пагоня" быў прыняты як герб ВКЛ Нарымонтам у часы яго праўлення замест герба Кітаўрус, а затым і Віценем, які быў маршалкам у Трайдзеня — брата Нарымонта. У ВКЛ, герб "Пагоня" быў агульнадзяржаўным гербам (пасля 1385). Лічыцца, што адначасова ён быў і лакальным гербам этнічных беларускіх земляў.[8] Афіцыйна статус "Пагоні" як дзяржаўнага гербу быў замацаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588 гг. Таксама быў замацаваны статус "Пагоні" як герба для (тагачасных) этнаграфічных беларускіх земляў (у розных спалучэннях колераў і рыштунку).

[правіць] Расійская імперыя

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, выкарыстанне герба на беларускіх землях не спынілася. Ён змяшчаўся на штандары расійскіх вайсковых частак мясцовай камплектацыі, на зямельныя, губернскія і павятовыя гербы. З іншага боку, гербам карысталіся ў мясцовым вайсковым кантынгенце арміі Напалеона (1812) і ўдзельнікі паўстання 1863 г. Ад пачатку XX ст. герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам. Гл. таксама: Пагоня (верш).

[правіць] 1918-1939

Пасля ўтварэння БНР яе гербам, спачатку не замацаваным заканадаўча, стаўся герб "Пагоня". Герб ужываўся ў сімволіцы паўстанцаў Слуцкага збройнага чына (1920). У той самы час "Пагоня" сталася дзяржаўным гербам Літоўскай Рэспублікі. Цікава, што ў 1920–1930 гг. шмат якія дзяржаўныя дзеячы Літоўскай Рэспублікі зазначалі пра неадпаведнасць гэтага гербу менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 г. прэм'ер-міністр Літвы Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне "Пагоні" і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтая праца была спынена падзеямі 1939–1940 гг.[9]

[правіць] 1941–1944

У час нямецкай акупацыі беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, карысталіся бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" неафіцыйна і беспаспяхова дамагаліся ад акупацыйных уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён нямецкай акупацыі, пра што сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944).[10] Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ, і надрукаванае ў газеце "Раніца" (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" побач з германскай сімволікай "пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці", аказалася, па выніках пазнейшых даследванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.[9]

[правіць] 1950-1980

Бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" карысталася беларуская эміграцыя.

[правіць] 1980-2000

У 1980-я, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, герб "Пагоня" як нацыянальны быў ізноў уведзены ва ўжытак Беларускім народным фронтам. 19 верасня 1991 г. герб "Пагоня" быў зацверджаны ў якасці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Пасля рэферэндуму ў 1995 г. выкарыстанне гербу "Пагоня" як дзяржаўнага было спынена. У Беларусі гэтым гербам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.

З 2009 г. "Пагоня" з'яўляецца гербам Вiцебскай вобласцi.

[правіць] Зноскі

  1. ПРСЛ, т. XXXV.
  2. [Насевіч 1995]
  3. [Цітоў 1999] с.132
  4. [Ткачоў 1993]
  5. [Цітоў 1999] с.144
  6. Артыкул С.Мікулевіча "Сапраўдныя беларускія сімвалы" ў "Нашай Ніве"
  7. [Цітоў 1999] с.131-132
  8. [Цітоў 1999] с.140-144
  9. 9,0 9,1 [Цітоў 1999] с.155
  10. [Цітоў 1999] с.156

[правіць] Літаратура

[правіць] У Сеціве

Гл. таксама: Бел-чырвона-белы сцяг

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах