Гермафрадытызм

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Гермафрадытызм, двухполавасць, бісексуалізм — наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны і анамальны.

Натуральны гермафрадытызм[правіць | правіць зыходнік]

Натуральны гермафрадытызм уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.). Пры гэтым у арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды. Здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх.

Анамальны гермафрадытызм[правіць | правіць зыходнік]

Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці. Назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.

У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XV). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Саўчанка М. Гермафрадытызм // БелЭн у 18 т. Т. 5. - Мн., 1997.