Глеб Усяславіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пячатка Глеба

Глеб Усяславіч (кан. 1040-х — 1119, Кіеў) — князь менскі (10731117).

Жыццяпіс[правіць | правіць зыходнік]

Сын Усяслава Брачыславіча, верагодна, другі па старшынстве пасля Барыса. У 1073 г. Глеб, верагодна, быў заручаны з дачкой Яраполка Ізяславіча — Анастасіяй, за якой, магчыма, і атрымаў Менск[1] , які пасля смерці бацькі (1101) стаў яго ўдзелам.

Глеб, як князь менскі, імкнуўся пашырыць свой удзел і амаль адразу па смерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104[2]/1105 г. да Менска прыйшло аб'яднанае войска рускіх князёў — вял. кн. кіеўскі Святаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімір Усеваладавіч свайго сына Яраполка, чарнігаўскі князь Алег Святаславіч хадзіў сам і прывёў з сабой глебавага брата Давыда Усяславіча. Мэтай, верагодна, было вяртанне Давыду ўдзела[3]. Аднак паход на Менск не меў поспеху, верагодна з-за таго, што вял. кн. кіеўскі Святаполк папраўдзе не хацеў паразы Глеба Усяславіча — свайго сваяка і саюзніка. Пры падтрымцы вял. кн. кіеўскага Святаполка Глеб далучыў да сваіх уладанняў землі па берагах Дняпра дзе пабудаваў крэпасці Оршу, Копысь і інш.[4]

Манета Рэспублікі Беларусь

Па смерці Святаполка (16.4.1113), вял. кн. кіеўскім быў абраны Уладзімір Усеваладавіч — асноўны праціўнік Святаполка і Глеба, які разыходзіўся з імі па многіх пытаннях рускай унутранай палітыкі, у т.л. пра спадчыну стальцоў. Абвастрэнне канфлікту было непазбежным. У 1116 годзе Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў горад Слуцк, які належаў непасрэдна Уладзіміру. Уладзімір, быццам угаворваў Глеба вырашыць пытанні мірам, але Глеб быццам не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Уладзіміра. На Менскае княства быў накіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Уладзіміра, захапіў Оршу і Копысь. Аб'яднанае войска сыноў Уладзіміра Давыда і Яраполка — князя пераяслаўскага, узяло прыступам Друцк. Сам Уладзімір накіраваўся да Менска і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не дала поспеху, але Уладзімір хацеў працягваць аблогу, загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.

Глеб Усяславіч убачыў падрыхтоўку да вельмі працяглай аблогі і накіраваў паслоў да Уладзіміра, які згадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з горада з дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімір павучаў Глеба як ён павінен паводзіць сябе, даў яму, паводле летапісу, Менск, такім чынам, як лічаць некаторыя даследчыкі[5], забраў значную частку ўладанняў, у т.л. Друцк і Падняпроўе. Сын Уладзіміра Яраполк вывеў у палон жыхароў захоплена Друцка і пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве пабудаваўшы горад Жэлні. Глеб нядоўга трымаўся павучанняў Уладзіміра, у 1117 годзе напаў на смаленскія і наўгародскія воласці. Гэтым разам Уладзімір паслаў свайго сына Мсціслава з вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск, Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў, дзе ён памёр у 1119 г.

Нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

З крыніц вядомы тры Глебавічы — Расціслаў, Валадар і Усевалад, чыя актыўная дзейнасць прыпала на 1150-1160-я гады. В. М. Тацішчаў пад 14 мая 1134 году паведамляе пра смерць Ізяслава Глебавіча, якога лічыць полацкім князем[6], але папраўдзе гэта быў сын Глеба Ольгавіча.

Радавод[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Заяц Ю. Л. Менская зямля… С. 10.
  2. Іпацьеўскі летапіс
  3. Рапаў…
  4. Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае… С. 174—175.
  5. Загарульскі, Ермаловіч …
  6. Тацішчаў 1962; Т. 2., С. 145.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Commons
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, − 260с.
  • Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4.
  • Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ — № 12. — Мн., 1997.