Горад Гомель
З пляцоўкі Вікіпедыя.
| Горад
Гомель
|
ГОМЕЛЬ — горад абласнога падпарадкавання на паўднёвым усходзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гомельскай вобласці і Гомельскага раёна. Порт на р. Сож. Аэрапорт (памежны пункт пропуску). У 301 км ад Мінска. Чыгуначны вузел з напрамкамі на Жлобін, Калінкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Насельніцтва 493,7 тыс. чал. (2008), другі паводле колькасці насельніцтва горад краіны. Размешчаны непадалёк ад мяжы з Украінай. Горад пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986), тэрыторыя горада і ваколіц забруджана радыяцыйнымі выкідамі.
|
[правіць] Назва
Хутчэй за ўсё, назва паходзіць ад назвы ракі (ручая) Гамяюк, што ўпадае ў раку Сож недалёка ад гістарычнага цэнтра горада. У гістарычных крыніцах зафіксаваныя і іншыя назвы: Гомь, Гом’е, Гомій, Гомей. На многіх еўрапейскіх мапах 17 — пач. 20 ст. назва горада перадавалася лацінкаю як Homel.
[правіць] Гісторыя
Дакладная дата заснавання Гомеля невядома. Першыя ўзгадкі пра Гомель датуюцца 1142 г., калі ён уваходзіў у Чарнігаўскае княства. У 1157 быў далучаны да Смаленскага княства, з 1161 зноў уладанне чарнігнаўскіх Ольгавічаў.
Каля 1335 Гомель увайшоў у склад ВКЛ. У канцы 14 ст. згадваецца сярод кіеўскіх гарадоў у «Спісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх». У 14—18 ст. існаваў Гомельскі замак. У 1446 быў нададзены вял.кн. Казімірам Ягелончыкам уцекачам з Масквы Васілю Яраславічу Бароўскаму, потым князю Івану Мажайскаму. У 1500 сын апошняга — Сімяон зноў вярнуўся ў Маскву, што з’явілася падставай для актыўных ваенных дзеянняў паміж дзяржавамі. Заняты маскоўскімі воскамі, вызвалены войскамі ВКЛ 17.7.1535, цэнтр Гомельскага староства. Пасля заключэння міру (1537) Гомель застаўся ў ВКЛ, у горадзе пабудаваны новы моцны дубовы замак, абнесены драўлянай сцяной і ровам з пад’ёмнымі мастамі. 21.3.1562 атрымаў магдэбургскае права і пячатку з выяваю крыжа. Рэканструкцыя тагачаснага гербу Гомеля ўяўляе сабой ў чырвоным полі срэбны кавалерскім крыж[1]. На iтальянскай карце Азii, выдрукаванай (1565) Дж. Гастыльды горад называецца Homia, на карце Еўропы галандца П. Планцыюса (Амстэрдам, 1594) – Homei. З 1565 у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства. Гомель – старажытны цэнтр праваслаўя, найстаражытнейшая вядомая па пiсьмовых крыніцах праваслаўная царква (15 ст.) асвечана ў iмя Мiколы Цудатворца.
Падчас паўстання С. Налівайкі (1595) Гомель захоплены паўстанцамі i спалены. У часы войнаў 1648-1667 гадоў моцна пацярпеў, некалькі разоў пераходзіў з рук у рукi. У Паўночную вайну 1700—1721 у Гомелі размяшчаліся расійскія войскі пад камандаваннем А. Д. Меншыкава (1706), пасля перамогі ў бітве пры Лясной (1708) яны праходзілі праз горад і разбурылі яго. У 1-ай чвэрцi 18 ст. ў горадзе пабудаваны першы касцёл. З 1772 у складзе Расійскай імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі. З 1776 уласнасць П. А. Румянцава-Задунайскага і яго сыноў, з 1836 належаў І. Ф. Паскевічу-Эрыванскаму. З 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губерні. У 1854 да Гомеля далучаны пазаштатны горад Нова-Беліца размешчаны на левым беразе Сожа. У 1856 зацверджаны новы герб. У 19 ст. больш за палову насельніцтва горада складалі яўрэі, што было звязана з устаноўленай расійскім урадам мяжой аселасці яўрэяў.
З 1919 цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР. У 1926—1931 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, з 1938 — Гомельскай вобл. У Вялікую Айчынную вайну ў гарадскіх турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета акупанты знішчылі звыш 100 тыс. чалавек. На пач. 1941 у горадзе жылі каля 50 тыс. яўрэяў (30% насельніцтва), падчас вайны большасць мясцовых яўрэяў была знішчаная нацыстамі.
[правіць] Дэмаграфія
- 2006 — 481,5 тыс. чал.
- 2007 — 484,5 тыс. чал.
- 2008 — 493,7 тыс. чал.
[правіць] Эканоміка
Буйны прамысловы цэнтр Беларусі. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай, лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай, харчовай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў. Гомель — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырка, «Навучальна-метадычны цэнтр прафсаюзаў».
[правіць] Культура
- Гомельскі абласны краязнаўчы музей
- Гомельскі абласны драматычны тэатр
- Гомельскі гарадскі эксперыментальны моладзевы тэатр-студыя
- Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек
- Гомельскі дзяржаўны цырк
Праводзяцца фестывалі: міжнародны інструментальнай музыкі «Рэнесанс гітары», харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», рэгіянальны харавога мастацтва «Пявучае поле» і інш.
[правіць] Клубы
[правіць] Гістарычнай рэканструкцыі
У горадзе існуюць клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэднявечча, Позняга Сярэднявечча і Другой сусветнай вайны. Дзейнасць клубаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі.»[2]
Гомельскія клубы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча (у парадку ўзнікнення)[3]:
- «Сцяг Алега Святаславіча». Год заснавання - 1998. Кірунак дзейнасці — Паўднёва-Рускія княствы ў 12—13 стагоддзях. У цяперашні час існуюць у выглядзе кампаніі сяброў. Працягваюць займацца гістарычнай рэканструкцыяй і бяруць удзел у фэстах.
- «Старая Вежа». Год заснавання — 2001. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура і духоўныя каштоўнасці Святой Рымскай імперыі германскай нацыі канца 13 - пачатку 16 стагоддзяў. Праводзіць жнівеньскія рыцарскія пешыя турніры. У 2008 годзе — чацвёрты. Мае статут «зачыненага» (толькі для ўдзельнікаў) рэгіянальнага мерапрыемства.[4]
- «Грыдні Мсціслава Глебавіча». Дата заснавання — 21 лютага 2004. Кірунак дзейнасці — гарадская культура Паўднёва-Рускіх княстваў у 13 стагоддзі («ад Калкі да Нашэсця»).[5]
- Клуб старадаўняга танца «Турдыён». Дата заснавання — 17 верасня 2006. Кірунак дзейнасці — вывучэнне еўрапейскіх танцаў эпохі Сярэднявечча, Адраджэння і інш. аж да 17 стагоддзя (контрдансы).
- «Morgenstern» (Ранішняя Зорка). Год заснавання — 2007. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура Вялікага Княства Літоўскага 14-15 стагоддзяў.
- «Залатая рысь». Год заснавання — 2007. Кірунак дзейнасці — матэрыяльная культура Польскага Каралеўства 14—16 стагоддзяў.
Рэканструкцыя эпохі Другой сусветнай вайны ў Гомелі прадстаўлена падпадзяленнем «Пошук» вайскова-патрыятычнага клуба «Гонар» і прыватнымі асобамі.
[правіць] Выдатныя мясціны
- Гомельская капліца-магільны склеп Пасевічаў
- Гомельскі «Паляўнічы домік»
- Гомельскі палацава-паркавы ансамбль
- Гомельскі Петра-Паўлаўскі сабор
- будынак гомельскага «рускага тракціра»
- будынак Гомельскага духоўнага вучылішча
- будынак Гомельскай ланкастарскай школы
[правіць] Вядомыя асобы
- Аксана Бязлепкіна, пісьменніца і літаратуразнаўца
- Еўдакім Раманаў, этнограф, фалькларыст, археолаг
- Сяргей Рассадзін, доктар гістарычных навук, прафесар гісторыі
- Павел Сухі, авіяканструктар
- Леў Шнірэльман, матэматык
- ↑ Насамрэч колер поля і крыжа невядомыя, магчыма поле было блакітным або крыж —залатым
- ↑ Гомельскі Гістарычны Форум. Метады прыкладнай гісторыі.
- ↑ Гомельскі Гістарычны Форум. Клубы
- ↑ Рыцарский фест «Старая вежа» открылся под Гомелем
- ↑ «Грыдні Мсціслава Глебавіча» — гомельскі клуб гістарычнага мадэлявання
[правіць] У Сеціве
- Неафiцыйны сайт горада Гомеля - «Усё аб Гомелi»
- Здымкі на Radzima.org
- Гісторыя: гісторыя горада, ваенны перыяд, сучасны Гомель
- Грамадскі транспарт у Гомелі
- Фотаздымкі Гомеля
- Жывы Гомель — сацыяльны гомельскі навасны сайт
- (руск.) Падрабязная Гісторыя Гомеля
- Сайт "Вольны Гомель"
- Надвор'е ў Гомелі
- Рэгіянальны партал "Гомель"
| Адміністрацыйны падзел Гомельскай вобласці | ||
|---|---|---|
|
||