Гомельская губерня
Гомельская губерня — былая губерня ў складзе РСФСР.
Утворана 26 красавіка 1919 года (рашэнне зацверджана 11 ліпеня) з 9 паветаў ліквідаванай Магілёўскай губерні, 1 павета Мінскай губерні і 4 паветаў Чарнігаўскай губерні.
Першапачаткова падзялялася на 14 паветаў:
- Быхаўскі павет
- Гомельскі павет
- Гарэцкі павет
- Клімавіцкі павет
- Мглінскі павет з Пачэпскім раёнам
- Магілёўскі павет
- Навазыбкаўскі павет
- Аршанскі павет
- Рэчыцкі павет
- Рагачоўскі павет
- Старадубскі павет
- Суражскі павет
- Чавускі павет
- Чэрыкаўскі павет
У 1920 Аршанскі павет адышоў да Віцебскай губерні. У 1921 Суражскі павет пераназваны ў Клінцоўскі. У 1922 Гарэцкі павет адышоў да Смаленскай губерні. 4 мая 1922 Мглінскі і Чэрыкаўскі паветы былі скасаваны, утвораны новы Пачэпскі павет, які 5 мая 1923 пастановай Прэзідыума УЦВК быў перададзены Бранскай губерні.
У 1923 Быхаўскі, Клімавіцкі і Чэрыкаўскі паветы скасаваны, утвораны Калінінскі павет.
У сакавіку 1924 Калінінскі, Магілёўскі і Рагачоўскі паветы перададзены ў склад БССР.
У снежні 1926 Гомельская губерня скасавана: Гомельскі і Рэчыцкі паветы далучаны да БССР, Клінцоўскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі — да Бранскай губерні РСФСР.