Чачэрск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Горад Чачэрск)
Горад
Чачэрск
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Горад з
Вышыня цэнтра
146 м[1]
Насельніцтва
  • 8 927 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2332
Паштовы індэкс
247150
Аўтамабільны код
3
СААТА
3256501000
Афіцыйны сайт
Чачэрск на карце Беларусі ±
Чачэрск (Беларусь)
Чачэрск
Чачэрск (Гомельская вобласць)
Чачэрск

Чачэ́рск[3] (трансліт.: Čačersk) — горад раённага падпарадкавання ў Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Чачэрскага раёна, прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Чачора. Знаходзіцца за 65 км ад Гомеля, за 37 км ад чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (лінія Гомель — Жлобін). Аўтамабільныя дарогі злучаюць горад з Кармой, Буда-Кашалёвам і Веткай і аўтамагістраллю Гомель — Магілёў. Насельніцтва 8 312 чал. (2017)[4].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва Чачэрск пайшла ад назвы ракі Чачоры, на якой паселішча ўзнікла. Чачора — гідронім балцкага паходжання.

Гідранімічныя аналагі — літоўскія рэкі Kek-upys, Keklys[5]. Рэкі з назвамі Чачора (Kek-, -r-) ёсць таксама на Падзесенні, Верхнім Павоччы, Верхнім Паволжы[6]. У іншых балцкіх гідронімах корань Kek- пашыраны іншымі пашыральнікамі, як у назвах Чэчэна, Чэчэта або Чэчэль (-n-, -t-, -l-)[7].

Усе гэтыя назвы, уключна з назвай Чачоры, звязваюць з літоўскім kekė «гронка (арэхаў, ягадаў, кветак)», kekulas «камяк», прускім kekars «гарох» (у гарохавым струку шмат гарошынак). Яны маюць шырокія індаеўрапейскія адпаведнікі[8].

Блізкім чынам матываваныя і назвы тыпу Рэста, Рэкта, Рэхта і пад. Яны звязаныя з балцкім абазначэннем арэха (літ. riešutas, лат. rieksts, пруск. reisis) і далей з літоўскім rišti, прускім *ristun "звязваць" (арэхі растуць "звязкамі", гронкамі)[9][10].

Ва ўсіх гэтых выпадках рачныя назвы матываваныя семантыкай ушчыльнення ў выніку сціснутасці. У балцкай гідраніміі нярэдка ёсць, калі водныя назвы нясуць значэнне "сціскання" (Жлобін, Горадзен і інш.). Мяркуецца, што назвы з семантыкай "сціскання" адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[11].

Існуе і іншая версія паходжання назвы Чачэрска. Паводле яе, старажытнае слова «чачор» значыла «воск», і яго з Чачэрска адпраўлялі па Сажы і Дняпры, таму так назвалі горад[12].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Паводле археалагічных звестак, горад узнік у кан. X ст. на месцы гарадзішча Замкавая Гара на беразе Чачоры пры ўпадзенні яе ў р. Сож. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі князь Ізяслаў Давыдавіч вярнуў разам з Мазыром чарнігаўскаму князю Святаполку Алегавічу. З XIII ст. умацаваны цэнтр паселішча быў абведзены валам, найпазней з XIV ст. існаваў Чачэрскі замак (у паўночна-усходняй частцы горада).

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Ратуша, абмеры

У сяр. XIV ст. Чачэрск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці. У 13871390 гадах ён знаходзілася ў валоданні Скіргайлы, потым горадам кіравалі намеснікі вялікага князя. У гэты час на месцы дзядзінца летапіснага горада збудавалі замак. У 15011518 гадах Чачэрск належаў вялікай княгіні Алене Іванаўне, потым кіраваўся дзяржаўцамі з буйных феадалаў (Чартарыйскімі, Дашковічамі, Зяновічамі, Львом Сапегай і інш.). У 1506 годзе горад вытрымаў спярша татарскую, потым маскоўскую аблогу.

У 1509 Чачэрск упамінаецца як мястэчка Віленскага ваяводства[13]. У 1510 ён стаў цэнтрам Чачэрскага староства і атрымаў Магдэбургскае права[14]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) Чачэрск увайшоў у склад Рэчыцкага павета Менскага ваяводства. 22 кастрычніка 1629 года мястэчка Чачэрск і вёска Зяцькавічы па просьбе мяшчан атрымалі ад караля і вялікага князя Жыгімонта III права на правядзенне таргоў — 2 двухтыднёвыя кірмашы ў год[15].

У 1704 у Чачэрску было 542 будынкі і 7 вуліц, дзейнічалі 4 царквы і касцёл, працавалі карчма, 3 крамы, млын і мытня. У 1754 у месце пачала дзейнічаць езуіцкая місія. Пад 1765 у попісе Чачэрску ўпамінаюцца замак і гарадскія ўмацаванні.

Пад уладай Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Царква Раства Багародзіцы, абмеры

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Чачэрск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Рагачоўскага павета Рагачоўскай правінцыі, пазней — цэнтрам воласці Рагачоўскага павета. У 1774 годзе падораны Кацярынай II генерал-губернатару графу З. Г. Чарнышову, паводле ініцыятывы якога ў горадзе пабудаваныя ратуша, 3 царквы, касцёл, тэатр, 2 шпіталя і інш. Праведзена перапланіроўка горада паводле рэгулярнага плана, пры гэтым былі разбураныя замак і гарадскія ўмацаванні, якія згадваліся яшчэ ў «Попісе» Чачэрска за 1765 год.

У 1780 годзе ў мястэчку пачала працаваць шкляная мануфактура, у 1788 — паштовая кантора, у 1796 — цагельня. У другой пал. XVIII ст. у Чачэрску існавалі царква, мураваная ратуша, парк, 2 лякарні, прыстань «Крэмень». Апроч таго, тут збудавалі 3 царквы, касцёл і палац. З 1788 дзейнічала езуіцкая школа. На 1838 у мястэчку было 273 двары.

На 1880 у Чачэрску было 266 двароў, працавалі 2 вучылішча і 76 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1885 пачала працаваць метэаралагічная станцыя. Паводле вынікаў перапісу (1897) у мястэчку было 328 двароў, дзейнічалі 4 цэрквы, касцёл і 6 іўдзейскіх малітоўных школ, працавалі бальніца, аптэка, паштова-тэлеграфнае кантора, паштовая станцыя, 80 крамаў, карчма; працавала прыстань на рацэ Сож, з якой у 1900 адправілі 21 судна і 48 плытоў з грузам 1530 тыс. пудоў[16]. На 1908 — 369 двароў, дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Каля Чачэрску вялася распрацоўка вапнякоў. У 1911 пры мужчынскай і жаночай вучэльнях працавалі бібліятэкі, адкрылася крэдытнае, у 1913 — спажывецкае таварыствы. З 1 сакавіка 1918 да 14 студзеня 1919 Чачэрск займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чачэрск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, дзе яно ўвайшло ў Гомельскую губерню. У 1926 годзе Чачэрск вярнулі ў БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. У 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадскога пасёлка. У Другую сусветную вайну з 14 жніўня 1941 да 27 лістапада 1943 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 19621965 Чачэрск уваходзіў у склад Буда-Кашалёўскага раёна, 3 лістапада 1971 ён атрымаў статус горада[17].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Аснову эканомікі горада складаюць прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Цэнтр мастацкіх рамёстваў (вышыўка, ткацтва і інш.).

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнічаюць бібліятэкі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі, Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Мас-медыя[правіць | правіць зыходнік]

Выдаецца раённая газета «Чачэрскі веснік».

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У Чачэрску працуюць 2 сярэднія, мастацкая, спартыўная школы.

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

У цэнтры Чачэрску канцэнтруюцца 2—5-павярховыя будынкі. Заснаваны новы мікрараён з 3—5-павярховых жылых дамоў. Пераважае індывідуальная сядзібная забудова.

Турыстычная інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнічае Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Спыніцца можна ў гарадскай гасцініцы[24].

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  4. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 151.
  6. Топоров В. Н. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования. 1981. — Москва, 1982. — С. 41.
  7. В. Н. Топоров. «Baltica» Подмосковья // Балто-славянский сборник. Москва, 1972. С. 268.
  8. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 598.
  9. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 204-205.
  10. О. Н. Трубачев. Заметки по этимологии и сравнительной грамматике // Этимология. 1968. Москва, 1971. С. 65.
  11. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
  12. Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  13. Грынявецкі В. Чачэрск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 744. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  14. Ляўковіч А. «Я не ганю землі чужыя, хай іх сонца не абміне, толькі дзе б за морам ні быў я, Беларусь мая снілася мне…» // «Народная Газета» № 121 (4536), 16 чэрвеня 2007.
  15. Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске и изданные под редакцией и. д. архивариуса сего архива Дм. Ив. Довгялло. 1900, вып. 28. С. 89-92.
  16. Чачэрск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  17. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 3 лістапада 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскіх пасёлкаў Нароўля Нараўлянскага раёна і Чачэрск Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў гарады раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 31 (1333).
  18. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. С. 472.
  19. Sulistrowski F. Czeczersk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 782.
  20. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. С. 266.
  21. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. С. 470.
  22. Перепись населения Республики Беларусь. Численность населения областей и районов. Гомельская область. (руск.)
  23. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  24. Чечерск // к // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]