Горад-спадарожнік
Горад-спадарожнік — горад ці мястэчка гарадскога тыпу, радзей сяло, якія змешчаныя і развіваюцца зблізку буйнейшага горада ці буйнага прадпрыемства (фабрыка, завод, АЭС), што складаюць з ім адзіную эканамічную і дэмаграфічную сістэму. Скупнасць гарадоў-спадарожнікаў вакол вызначанага цэнтра прыводзіць да ўтварэння агламерацыі. Роля саміх спадарожнікаў і іх геаграфічнае размяшчэнне шмат у чым залежыць ад тыпу агламерацыі (монацэнтрычная ці поліцэнтрычная), колькасці насельніцтва, эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі ў мінулым, сучасным і будучым. Важную ролю пры фармаванні гарадоў-спадарожнікаў гуляюць урадавыя органы, прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы. З часам, гарады-спадарожнікі могуць злівацца з цэнтрам агламерацыі і больш не вылучацца на яе фоне (такое адбываецца ў Маскоўскай агламерацыі, агламерацыі Сан-Антоніа).
[правіць] Гарады-спадарожнікі ў Беларусі
29 чэрвеня 2010 года пастановай №976 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь была зацверджана Дзяржаўная праграма па будаўніцтве буйных жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і вынасу (пераносу) са сталіцы ў населеныя пункты рэспублікі вытворчых аб'ектаў[1].
Заяўленая мэта праграмы - аптымізацыя колькасці насельніцтва сталіцы і вынас у населеныя пункты рэспублікі вытворчых аб'ектаў, не адпаведных рэгламентам генеральнага плану Мінска. Да 2020 года пераносу на іншыя вытворчыя пляцоўкі Мінска ці за яго межы падлягаюць 18 такіх аб'ектаў [2].
У якасці гарадоў-спадарожнікаў Мінска ў дзяржпраграму ўключаны: прамысловыя - Койданава, Жодзіна, Фаніпаль; аграпрамысловыя - Смалявічы, Стоўбцы, Узда, Рудзенск; турысцка-рэкрэацыйныя - Заслаўе, Лагойск.
