Горад Бельск-Падляшскі
| Горад
Бельск-Падляшскі
Bielsk Podlaski
|
||||||||||||||||
|
|
БЕ́ЛЬСК-ПАДЛЯ́ШСКІ, Бельск-Падляскі (польск. Bielsk Podlaski), горад у Польшчы, цэнтр павета ў Падляскім ваяводстве, знаходзіцца на поўдзень ад Беластоку, на самым захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў.
Горад размяшчаецца на Бельскай раўніне, у міжрэччы Нарава і Нурца.
Колькасць насельніцтва — 26,9 тыс. чал. (2005)
Змест |
[правіць] Гісторыя
Паводле летапісаў, Бельск-Падляшскі заснаваны князем Яраславам Мудрым. Горад упершыню згадваецца ў 1253 ў Галіцка-Валынскім летапісе. Каля 1320 Бельск як і іншыя Падляшскія землі увайшоў у склад ВКЛ. У 1495 горад атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 Бельск перайшоў да Каралеўства Польскага. У гэты перыяд ён уяўляў сабою значны цэнтр рамёстваў. Вялікія страты Бельску былі нанесены шведскім нашэсцем 1655, а пазней пажарам 1784.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Бельск-Падляшскі належаў спачатку (у 1795—1807) Прусіі, пасля чаго перайшоў да Расійскай імперыі. У 1915-19 горад у ходзе Першай сусветнай вайны быў заняты германскімі войскамі. З 1919 быў у складзе Польшчы. У 1939 ў Бельск спачатку ўвайшлі войскі фашысцкай Германіі, а ў хуткім часе ён быў перададзены пад кантроль Чырвонай Арміі. З канца 1939 Бельск увайшоў у Беларускую ССР. Пасля Другой сусветнай вайны горад, аднак, ізноў быў вернуты Польшчы.
[правіць] Гаспадарка
Гаспадарчаму развіццю горада спрыяе яго размяшчэнне на скрыжаванні важных аўтадарог і чыгунак. У Бельску-Падляшскiм ажыццяўляецца вытворчасць прамысловага абсталявання, зборачных вузлоў, будаўнiчых матэрыялаў (металiчных вырабаў і інш.). Існуе ільноапрацоўчае прадпрыемства «Lenpol», вырабляецца трыкатаж, ёсць значныя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Размешчане ў Бельску-Падляшскім малочнае прадпрыемства «Mlekovita-Bielmlek» пастаўляе прадукцыю ў розныя рэгіёны Польшчы. Бельскі аддзел прадпрыемства «Netter» прапануе мяса і разнастайныя мясапрадукты, фірма «Hoop» буйны вытворца, экспарцёр напіткаў і вод.
[правіць] Помнікі
- Гарадзішча — Замкавая гара (ХІІІ ст.)
- Кляштар і касцёл кармелітаў (ХV ст.)
- Драўляныя цэрквы (ХVІ-ХVІІІ стст.)
- Ратуша (ХVІІІ стст.)
[правіць] Беларусы ў Бельску-Падляшскім
Беларусы, разам з палякамі і ўкраінцамі, з'яўляюцца адной з трох галоўных нацыянальных груп, што жывуць у Бельску-Падляшскім. У шэрагу школ і гімназій Бельска сотні дзяцей як дадатковы прадмет вывучаюць беларускую мову. Акрамя таго, у горадзе дзейнічае Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова з'яўляецца абавязковым прадметам. Бельск-Падляшскі — адзiн з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Тут штогод адбываюцца фестывалі беларускай бардаўскай песні, фальклорныя фестывалі, дзейнічаюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы. Літаратары Бельска пішуць творы на беларускай і ўкраінскай мовах, а таксама на мясцовым падляшуцкім дыялекце.
Зацікаўленне шматлікіх наведвальнікаў выклікае Музей малой айчыны ў Бельску-Падляшскім — Студзіводах, ініцыятарам стварэння якога стаў вядомы краязнаўца, галоўны рэдактар часопіса «Бельскі гостінэць» Дарафей Фёнік.
Грамадска-палітычнае аб'яднанне Бельская кааліцыя выступае як выбарчы камітэт, што прадстаўляе інтарэсы мясцовых беларусаў пад час выбарчых кампаній. Яго прадстаўнікі ў значнай ступені кантралююць органы мясцовага самакіравання Бельшчыны.