Гарадзец (горад Полацкай зямлі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Горад Гарадзец)

Гарадзец — гіпатэтычны «горад» (умацаваны пункт) XII ст. у Полацкай зямлі.

Згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1162 годам у сувязі з паходам полацкага князя Рагвалода Барысавіча супраць менскага князя Валадара Глебавіча:

«…приходи Рогъволодъ на Володаря с Полотъчаны к Гродцю. Володарь же не да ему полку в дне но ночъ выступи нань из города с Литвой и много зла створися в ту ночь. Он их избиша а другыя руками изоимать множъства паче изъбьеных»[1]

На думку некаторых даследчыкаў Гарадзец быў добра ўмацаваны, бо палачане не здолелі ўзяць яго, і, магчыма, быў цэнтрам удзельнага княства менскіх Глебавічаў. Размяшчаўся ён, на думку некаторых даследчыкаў, сярод лясоў, магчыма, паблізу Менска. Розныя даследчыкі атаяснялі Гарадзец з шэрагам сучасных паселішч сугучнага наймення — Гарадзеяй (Нясвіжскага раёна), Гарадзішчам (Баранавіцкага раёна), Гарадком каля Маладзечна (райцэнтра Мінскай вобласці), Гарадком (райцэнтрам Віцебскай вобласці) і інш. Але ў названых пунктах археолагамі не выяўлены рэшткі старажытнага горада. Ёсць думка, што такога горада наогул не было, а летапісная згадка тычыцца самога Менска, бо ў частцы спісаў Іпацьеўскага летапісу гэтае месца відавочна сапсавана, а ў частцы чытаецца як прыход Рагвалода проста да «горада». У свой час Васіль Тацішчаў падаваў гэтыя падзеі як датычныя менавіта Менска, напэўна, Тацішчаў быў першым гістарыёграфам, які зрабіў выснову пра «Гарадзец» як памылковае прачытанне «горада» у Іпацеўскім летапісе.

Зноскі

  1. Ипатьевская летопись // ПСРЛ. М., 1962. Т. 2

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]