Горад Канды
| Горад
Канды
මහ නුවර, கண்டி
|
||||||||||||||||||||
|
|
||||||||||||||||||||
Ка́нды (сінгальск. මහ නුවර, там.: கண்டி) - горад, адміністрацыйны цэнтр Цэнтральнай правінцыі Шры-Ланкі. Другі па велічыні пасля Каломба. Насельніцтва - 125400 (2011 г.).
Змест |
Геаграфія [правіць]
Канды месціцца ў цэнтральнай частцы Шры-Ланкі, у горнай мясцовасці на аднайменным плато. Вяршыні і часткова схілы гор пакрыты лясамі. Сярэднюю частку горада займае штучнае возера.
Клімат трапічны вільготны, значна меней спякотны, чым на ўзбярэжжы. Сярэднегадавая тэмпература 23,6°C - 26°C. У красавіку - ліпені вылучаецца сезон мусонаў. Сярэднегадавыя ападкі - 1953 мм.
У гарах і ля возера захавалася частка мясцовай фаўны, у тым ліку малпы, яшчаркі, чаплі, качкі і інш.
Гісторыя [правіць]
Канды быў заснаваны ў XIV ст. як сталіца аўтаномнага сінгальскага княства. З 1592 г., калі партугальцы захапілі ўзбярэжжа, заставаўся цэнтрам апошняй незалежнай дзяржавы на востраве. У XVII ст. валадары Канды падтрымалі саюз з Нідэрландамі супраць Партугаліі. Аднак у выніку не здолелі далучыць узбярэжныя тэрыторыі, якія былі ўключаны ў склад галандскай калоніі.
У 1739 г. у Канды кіравала дынастыя Наякаў. Яны спавядалі будызм, але паходзілі з Індыі і былі таміламі. У 1761 — 1763 гг. валадар Кірці Шрыраджасінха вёў наступальную вайну супраць Нідэрландаў, але не меў поспеху. У 1796 г. галандская калонія была захоплена Вялікабрытаніяй.
Апошні манарх Канды, Шры Вікрама Раджасінха (1798 — 1815 гг.), прыйшоў да ўлады ў выніку інтрыг. Яго жорсткае кіраванне выклікала незадаволенасць падданых і суправаджалася змовамі і выступленнямі арыстакратыі. Брытанцы скарысталіся гэтай сітуацыяй. Іх умяшанне ў справы сінгальскай дзяржавы прывяла да войн 1803 — 1805 і 1815 гг. Прычым, у 1815 г. была заключана дамова з прадстаўнікамі прыдворных Канды, якая ўключала пункты аб перадачы ўлады ад Шры Вікрамы Раджасінхі да брытанскага губернатара і захаванні будызму ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. У выніку, манарх быў вымушаны зрачыся, быў адпраўлены ў Індыю, дзе і памёр у 1832 г.
У 1817 — 1818 і 1848 гг. на тэрыторыі дзяржавы Канды ўспыхвалі антыкаланіяльныя паўстанні. Паўстанне 1848 г. суправаджалася абвяшчэннем новага манарха Канды. Але паўстанцы пацярпелі паражэнне. У 1865 г. горад згубіў асаблівы статус. Замест старой сістэмы кіравання ўводзілася муніцыпальная. Арганізацыя брытанцамі каля горада чайных плантацый у кан. XIX ст. прывяла да павелічэння наёмных рабочых-тамілаў, якія ахвотней супрацоўнічалі з каланіяльнай адміністрацыяй. Але ў той жа час Канды з'яўляўся адным з галоўных цэнтраў сінгальскага адраджэння.
У 1944 — 1945 гг. ў Канды размяшчаўся штаб саюзнага камандавання Усходне-Азіяцкага фронту (супраць Японіі).
Эканоміка [правіць]
Асноўныя галіны эканомікі: турызм, пераапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі (у тым ліку вытворчасць чая), швейная прамысловасць, ювелірная прамысловасць, рамесная вытворчасць і г. д.
Славутыя мясціны [правіць]
Дзякуючы сваім славутым мясцінам Канды з'яўляецца важным турыстычным цэнтрам.
Найбольш выбітныя мясціны Канды:
- Святы горад або старая частка Канды складаецца з храма Шры Малігава Даладала, у якім захоўваецца Зуб Буды - галоўная будысцкая рэліквія Канды і ўсёй Шры-Ланкі (сам Зуб схаваны пад дагобай і наведвальнікам не паказваецца), некалькі храмаў мясцовых багоў і палац уладароў Канды. У 1988 г. Святы горад трапіў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
- Штучнае возера Канды, якое займае цэнтральную частку сучаснага горада і прымыкае да старой часткі Канды. Яно было створана ў 1807 г. па загаду Шры Вікрамы Раджасінхі. Пратэст некалькіх кандыйскіх арыстакратаў супраць прыцягнення вялікай колькасці працоўных быў спынены забойствам незадаволеных, а іх целы кінулі на дно. На возеры месціцца востраў, на якім быў пабудаваны гарэм апошняга ўладара. Пад час брытанскага панавання востраў выкарыстоўваўся для захоўвання боепрыпасаў.
- Запаведны лес Удаватакеле знаходзіцца каля гарадскога цэнра на пагорках, адкуль добра бачны Святы горад. У ім шмат старых дрэў, птушак, малп, казурак і г. д.
- Батанічныя сады Перадэнія ў маляўнічай мясцовасці ў прыгарадзе Канды
- Індуісцкія храмы дэвалі
- Будысцкія кляштары віхара
- Брытанскія ваенныя могілкі
Музеі Канды:
- Нацыянальны музей месціцца каля Святога горада ў доме канкубіны Шры Вікрамы Раджасінхі. Экспазіцыя прадстаўляе рэгаліі валадароў Канды, гістарычныя рэліквіі, у тым ліку копію дагавора 1815 г. паміж брытанцамі і арыстакратамі Канды.
- Музей чая ў будынку чайнай фабрыкі (1925 г.). Тут можна ўбачыць старое начынне чайных фабрык XIX - пач. XX стст., а таксама экспазіцыю, прысвечаную Томасу Ліптану.
- Музей каштоўных камянёў
Традыцыі [правіць]
Адна з найбольш яркіх гарадскіх традыцый Канды - свята Эсала Перахера, прысвечанае Зубу Буды, якое праводзіцца ў месяц Эсала напярэдадні поўні (канец ліпеня - пачатак жніўня) на працягу 10 дзён. Упершыню яно было апісана ў 1681 г., хаця будысцкая традыцыя адносіць яго да III ст. да н. э. Свята складаецца з маляўнічых працэсій перахера, што суправаджаюцца выступленнямі танцораў, акрабатаў, сланоў і г. д. Пакольку пад час Эсала Перахера шануецца не толькі Буда, але і шматлікія багі, аднолькавыя для будыстаў і індуістаў Шры-Ланкі, то ў свяце прымаюць удзел прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій.
| Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 450 рус. • англ. • фр. |
Спасылкі [правіць]
Шаблон:Сталіцы правінцый Шры-Ланкі Шаблон:Старажытныя сталіцы Шры-Ланкі Шаблон:Сусветная спадчына на Шры-Ланцы