Горад Магілёў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Горад
Магілёў
Магілёў. Цэнтр.JPG
Гарадская ратуша
Сцяг Герб
Сцяг
Герб
Каардынаты Каардынаты: 53°55′00″ пн. ш. 30°21′00″ у. д. / 53.916667° пн. ш. 30.35° у. д. (G) (O) (Я)53°55′00″ пн. ш. 30°21′00″ у. д. / 53.916667° пн. ш. 30.35° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна
Вобласць
Раён
Першае згадванне
Плошча
118,50[1] км²
Насельніцтва
358 279[2] чалавек (2009)
Шчыльнасць
3 285 чал./км²
Нацыянальны склад
беларусы — 87,43 %,
рускія — 7,15 %,
украінцы — 1,06 %,
іншыя — 4,36 %[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 222
Паштовы індэкс
212xxx
Аўтамабільны код
6
Афіцыйны сайт
Афіцыйны сайт
(бел.)  (англ.)  (руск.) 
Магілёў (Беларусь)
Магілёў
Магілёў
Магілёў (Магілёўская вобласць)
Магілёў
Магілёў

Магілё́ў (афіц. транс.: Mahilioŭ) — горад абласнога падпарадкавання ва ўсходняй частцы Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Магілёўскага раёна і Магілёўскай вобласці. Порт на р. Днепр. У 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў, аўтамабільных дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Насельніцтва 358,2 тыс. чал. (2009), трэці паводле колькасці пасельніцтва горад краіны.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Тапонім «Магілёў», відавочна, мае патранамічнае паходжанне — ад асабістага імя Магіла, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад адпаведнай славянскай асновы[3]. Выказваліся таксама меркаванні пра сувязь тапоніма з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім князем Львом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў у 1267 годзе замак у сутоках рэчак Дубравенка і Дняпро (археалагічныя раскопкі не выявілі гэтага ўмацавання). Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкага Льва Уладзіміравіча (Льва Магутнага)[4].

Народнае паданне звязвае назву горада з імём асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы Магілай Льва (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэту легенду ў аднайменную паэму. Паводле «Запісак ігумена Арэста», у старажытнасці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іх атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узнікла вёска Магілка[5].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле археалагічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасада яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіла мелася даўняе ўмацаванне[6]. У пач. XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам феадальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. У пач. XIV ст. горад далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці.

Упершыню Магілёў згадваецца пад 1267 годам у «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх», што датуецца канцом XIV ст., паводле якога горад нібыта залежыць ад віцебскіх князёў, таксама паведамляецца аб заснаванні горада галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам, ад якога горад нібыта атрымаў сваю назву, але гэтыя звесткі неверагодныя. Імаверна, горад заснаваны ў 2-й пал. XIV ст., больш ранняга матэрыялу археалагічныя даследаванні не выявілі, і на месцы будаўніцтва першага замка будаўнікамі быў выяўлены вялікі старажытны грунтавы могільнік — відаць, адсюль пайшла назва горада. У гэты час Магілёў знаходзіўся ва ўладанні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князя Ягайлы. У 1431 ён перайшоў да вялікага князя Свідрыгайлы, а ў 1503 — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.

У XV ст. Магілёў быў адным з важных пунктаў на гандлёвых шляхах, што вялі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, тут мелася ўласная мытня. Пад 1447 згадваеца праваслаўная Спаская царква. У пач. XVI ст. горад увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.

У звязку з падзеннем Смаленска (1514) і пераходам яго на стагоддзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта яго ваколіцы неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535) цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, якія, аднак, самім горадам авалодаць не здолелі. У 1526 скончылася будова новага замка. У 1561 горад атрымаў права на войтаўства.

28 студзеня 1577 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву поўнае Магдэбургскае права і першы герб. У вялікакняжацкай грамаце зазначалася[7]:

" А иж бы тое место неякою помноженья оздоб своих не мело, с тое ласки нашего господарское надаем тому месту печать мескую. Вежу мурованую, высоко выведеную, которую врат того места. У судов и инших справах и потребах печатовоти и того герба уживати мает вечными часы. "

Станам на 1577 у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588 — 1500 жылых дамоў[8]). У Інфлянцкую вайну 27 чэрвеня 1581 маскоўскія захопнікі цалкам знішчылі Задубровенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога горада і замка быў безвыніковым[8]. Пад 1588 упершыню згадваецца тутэйшы рымска-каталіцкі касцёл. Недзе ў 15901592 у Магілёве адкрылася агульнаадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. Цягам 15941604 ішло ўзвядзенне першага мураванага будынка — Фарнага касцёла. 13 снежня 1595 казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40% забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў[8], і знішчылі значную колькасць гараджан. Захавалася паведамленне пра тыя падзеі:

" У рок 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама, з якіх прычын гэта сталася, ні з гyльтайства, ні з маскоўскага нацкоўвання, бо ў гэты час міру з Масквою нe было. Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку; Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта з людской памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму месту бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог гараджан-мучанікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў.
Магілёўская хроніка
"

У 16011633 завяршылася будова развітой абарончай сістэмы гарадскіх умацаванняў з трох ліній абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокі горад», другая лінія ўмацаванняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Стары горад і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасць брамаў. Станам на 1604 тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 сотняў. У межах Старога горада (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астрожская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку размяшчалася Ледкаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзенееўская, Перахрысценская, Слабодская, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трысненская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.

У пач. XVII ст. Магілёў быў адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага1604 налічваў 15 тыс. жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў[9]), меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў. У 1616 пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой на працягу XVIIXVIII стст. надрукавалі каля 40 кніжак. У 1632 тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную епархію[8]. У сяр. XVII ст. умацаванні Старога горада налічвалі 4 брамы: Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які абкружаў Новае горада, стаяла 8 драўляных брамаў: Курдзенеўская (Гваздоўка), Лядвееўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трысненская, Быхаўская, Папінская.

З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 магілёўцы здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага 1661 у выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйную залогу[10]. За выяўленую ў час паўстання мужнасць 9 чэрвеня 1661 кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй. Апроч таго, горад атрымаў новы герб «у блакітным полі тры срэбныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[11]. У 1681 на гандлёвай плошчы ўзвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). Цягам XVIII ст. у горадзе дзейнічаў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.

У Вялікую Паўночную вайну (17001721) 8 верасня 1708 расійскія войскі па загаду цара маскоўскага Пятра I спалілі Магілёў. Станам на 1745 у горадзе быў 1301 будынак[8], працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіннікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасад знаходзіліся «ізба цэху шавецкага... цэх гарбарскі... дом цэхавы пякарскі... цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Св. Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювеліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 дзейнічала 9 праваслаўных цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Уваскрэшання Хрыстова і Покрыва Прасв. Багародзіцы), 6 рымска-каталіцкіх касцёлаў і 3 кляштары (кармелітаў, езуітаў і бернардзінцаў). На 1765 у горадзе налічвалася 1879 будынкаў.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Магілёў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам аднайменнай губерні. 22 лістапада 1773 тут размясціўся цэнтр Беларускай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, пры якой адкрыліся семінарыя і акадэмія. У 1780 у горадзе адбылася сустрэча паміж расійскай імператрыцай Кацярынай II і аўстрыйскім імператарам Іосіфам II, у гонар чаго быў закладзены Сабор Св. Іосіфа. У 1781 расійскія ўлады даравалі Магілёву новы герб, таксама з выявай Пагоні. У кан. ХVIII ст. у горадзе было 22 вуліцы, 32 завулкі, 2000 будынкаў; працавала 33 прадпрыемствы, у тым ліку 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельні, 2 вадзяныя млыны, каля 240 крамаў, праводзілася 3 кірмашы на тыдзень.

У 1809 на базе народнага вучылішча (дзейнічала з 1789) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 года горад на пэўны час занялі французскія войскі. У 1838 пачала выдавацца газета «Могилевские губернские ведомости». У 18481856 праз горад прайшла шаша, у 1902 — Пецярбургска-Адэская чыгунка. У 1867 у Магілёве заснавалі музей, у 1888 завяршылася будова гарадскога тэатра. У 1879 з'явіўся водаправод. Падчас Усерасійскага перапісу (1897) 12 847 магілёўцаў (або 29,79% ад усіх гараджан) назвалі роднай мовай беларускую, што было найвышэйшым паказчыкам сярод усіх гарадоў на этнічнай тэрыторыі беларусаў.

У Першую сусветную вайну цягам жніўня 1915 — лістапада 1917 у Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у горадзе спыняўся расійскі цар Мікалай II. У 1918 Магілёў быў акупаваны польскімі легіянерамі, затым германскімі войскамі, у тым жа годзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, якая, аднак, не змагла супрацьстаяць сілам Чырвонай Арміі.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з'езду КП(б) Беларусі Магілёў увайшоў у склад БССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала горад разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Магілёў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі і раёна (з 1938 цэнтр Магілёўскай вобласці).

У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 да чэрвеня 1944 Магілёў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. Акупанты стварылі Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, перасылачны лагер для ваеннапалонных. Загінула 70 тыс. чал. У Магілёве дзейнічала падполле. Горад вызвалены ў чэрвені 1944 войскамі 2-га Беларускага фронту падчас Магілёўскай аперацыі. У пасляваенныя гады Магілёў быў адбудаваны.

У 1946 тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 адбыўся пуск тралейбуса. У 2005 гістарычны герб горада атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя горада падзяляецца ракой Дняпро на дзве няроўныя і неаднолькавыя па рэльефе часткі. Правабярэжная частка ўяўляе сабой паката-ўзгорыстае плато, якое абрываецца крутым уступам у даліне Дняпра. Левабярэжная частка горада размешчана ў даліне ракі Дняпро, на яго пойменай тэрасе. У тэктанічных адносінах тэрыторыя горада размешчана ў межах Маскоўскай упадзіны.

Даледавіковыя асадкавыя пароды выходзяць на дзённую паверхню ў агаленні рэк у выглядзе чацвярцічных адкладанняў. Яны з'яўляюцца ападкамі мораў палеазойскай і мезазойскай эр, што неаднаразова пакрывалі сучасную тэрыторыю Магілёўшчыны. Карэнныя пароды ў межах горада залягаюць пад моцнай тоўшчай чацвярцічных адкладанняў.

З чацвярцічнымі адкладаннямі звязана наяўнасць у наваколлях Магілёва карысных выкапняў — лесавідных і альвіальных суглінкаў, што ідуць на выраб цэглы. Пад суглінкамі ляжаць пяскі, што змяшчаюць жвір, які здабываецца для патрэб будаўніцтва. Валуны, што знаходзяцца ў пясках, служаць для пакрыцця дарог. Кварцавыя пяскі з'яўляюцца сыравінай для вытворчасці шкла, сілікатнай цэглы, бетону. У мелавых адкладаннях сустракаюцца фасфарыты. У пойме Дняпра, паблізу Палыкавіч, маюцца значныя залежы балотных жалезных руд[12].

Гідраграфія і гідралогія[правіць | правіць зыходнік]

рака Дубравенка

На тэрыторыі горада цякуць з поўначы на поўдзень і ўпадаюць у Дняпро справа невялікая рака Дубравенка (з прытокам Струшня) і ручай Дзебра. У межах Магілёва Дубравенка працякае па старой добра распрацаванай даліне, шырынёй да 150 м. Крутыя схілы карэннага берага падымаюцца на 18—20 м, прарэзаны шматлікімі ярамі. Рэчышча ракі моцна меандыруе і падмывае карэнныя берагі. Паблізу вусця схілы Дубравенкі маюць шматлікія сляды аплывін і апоўзняў. У цяперашні час гэтыя працэсы тармозяцца ненатуральнымі насаджэннямі дрэў і кустоў ці тэхнічным спосабам (забіўка свай, цэментаванне водаатводаў і г. д.). Зімою рака амаль не памяншае свой дэбет, замярзае толькі ў самыя моцныя маразы, ды і то не цалкам, заўсёды застаюцца праталіны. Пры паслабленні марозу ўтвораны лёд зноў растае, паводкі на Дубравенцы звычайна праходзяць хутка, за некалькі дзён. Пасля таго, як выйдзе з берагоў Днепр, Дубравенка ў нізоўях амаль спыняе цячэнне, яе падпіраюць воды Дняпра. Струшня — прыток Дубравенкі, які пачынаецца 2 вытокамі ў раёне станцыі Магілёў II з невялікіх лагчын. У межах горада даліна ракі мае крутыя схілы і шырыню днішча 5—7 м. Ніжэй элеватара ў Струшню справа ўпадае ручай, пасля чаго пачынаецца яго пастаянны вадаток, які хутка расце за кошт крыніц. Набліжаючыся да вусця, даліна Струшні прыкметна пашыраецца і ўступае ў крутыя, моцна расчлянёныя схілы, зложаныя рыхлымі пародамі, схільнымі да працэсаў апоўзняў і асыпкаў. Дзебра — правы прыток Дняпра. Цалкам працякае ў межах горада. Пачынаецца ў раёне станцыі Магілёў III з плоскай лагчыны, дзе калісьці было балота. На ўсім працягу даліна Дзебры добра выражаная. Схілы крутыя, сфарміраваныя рыхлымі пародамі, моцна расчлянёныя і зрэзаныя ярамі.

Азёр у наваколлях Магілёва няма. Ёсць сажалкі — Пашкаўская і Любужская[13].

У 6 км на паўночны ўсход ад Магілёва са шчыліны здабываюць сульфатна-хларыдныя, кальцыева-натрыевыя воды сярэдняй мінералізацыі, рэкамендаваныя для лячэння страўнікава-кішачных захворванняў. У 15 км на паўднёвы захад ад Магілёва здабываюць сульфатныя магніева-кальцыевыя маламінералізаваныя воды. Выкарыстоўваюцца ў якасці лекавых сталовых водаў пры страўнікава-кішачных захворваннях. У 5 км на поўнач ад Магілёва здабываюцца маламінералізаваныя сульфатныя магніева-кальцыевыя воды[14].

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат Магілёва
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 9,8 12,9 19,8 29,1 32,0 33,0 36,3 36,8 30,6 25,5 14,5 10,9 36,8
Сярэдні максімум, °C −3 −2,5 3,0 12,0 18,6 21,5 23,6 22,7 16,7 9,9 2,3 −2 10,2
Сярэдняя тэмпература, °C −5,3 −5,5 −0,8 6,7 12,9 16,1 18,1 17,0 11,6 6,0 −0,1 −4,2 6,0
Сярэдні мінімум, °C −7,8 −8,5 −4,2 2,0 7,3 10,8 12,7 11,6 7,1 2,6 −2,3 −6,6 2,1
Абсалютны мінімум, °C −37,3 −34,7 −35 −17,7 −4,4 −0,7 3,0 0,9 −4,8 −14,8 −23,5 −33,4 −37,3
Норма ападкаў, мм 39 34 39 41 53 75 81 65 55 54 45 41 622
Крыніца: Надвор'е і Клімат

Клімат Магілёва ўмеранна-кантынентальны. Больш за 100 дзён у год няма сонца. У сярэднім у зімовым месяцы няма сонца 17—20 дзён. Найбольш халодны месяц — студзень. Вясна пачынаецца ў канцы сакавіка, калі сярэднесутачная тэмпература паветра становіцца плюсавой. Лета цёплае, сонечнае. Дажджы ў асноўным ліўневыя, кароткатэрміновыя. Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца — ліпеня — +18 градусаў, у чэрвені і жніўні на 1,5 градуса ніжэй, чым у ліпені. Усяго ў летнія месяцы ў сярэднім бывае 22 гарачыя дні з сярэднесутачнай тэмпературай вышэй +20 градусаў. Восень пачынаецца пры пераходзе сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +10 градусаў (22 верасня) да меншага значэння і завяршаецца пры пераходзе праз 0 градусаў (14 лістапада). У першай палове восені шмат сонечных дзён, для другой паловы найбольш характэрна пахмурнае надвор'е з зацяжнымі імжачымі дажджамі.

Для Магілёва, як і для ўсёй Беларусі, характэрна высокая адносная вільготнасць, якая з кастрычніка па сакавік перавышае 80% і такой застаецца ў начныя часы астатніх месяцаў, толькі днём паніжаецца да 50—60%. Усяго за год у горадзе бывае 134 вільготныя дні (з вільготнасцю больш як 80%) і толькі 12 сухіх (вільготнасць хаця бы на кароткі час роўная ці ніжэйшая за 30%). 62% часу года над горадам захоўваецца пахмурнае неба, 22% — яснае. У астатні час пануе пераменная воблачнасць. У сярэднім за год выпадае 679 мм ападкаў, адзначаецца 182 дні з ападкамі. 2/3 ападкаў прыпадае на красавік — кастрычнік. З агульнай колькасці ападкаў 72% выпадае ў вадкім відзе, 15% — у цвёрдым і 13% — у змешаным.

Сярэдняя шматгадовая велічыня атмасфернага ціску ў раёне метэаралагічнай станцыі Магілёў —745 мм рт. сл. (993 гПа). Змяненні ціску на працягу года невялікія. Са змяненнем ціску звязана ўзмацненне ветру. Вятры ўсіх напрамкаў амаль раўнападобныя, у халодны перыяд года трохі пераважаюць паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія, летам — паўночна-заходнія, восенню — заходнія. Максімальная хуткасць ветру — 25—30 м/с. Туманы бываюць 65 дзён за год[15].

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Тыповы прадстаўнік магілёўскай арнітафаўны — верабей палявы

У Магілёве і наваколлі жывуць 200 відаў пазваночных, з якіх 25 млекакормячых, каля 100 птушак, больш 20 відаў рыб, 8 земнаводных, 3 віды паўзуноў, а таксама больш як 300 відаў беспазванковых[16]. Сярод млекакормячых лесапарку сустракаюцца вавёрка, крот, вожык, на ўскраінах горада сустракаецца заяц, вядомы выпадкі заходу ў горад лася, янотападобнага сабакі. З драпежнікаў сустракаюцца гарнастай, чорная тхара, ласка. Часам у межах горада на вадаёмах паяўляюцца бабры. Шматлікія пацукі (чорны і шэры), мышы (хатняя, палявая, лясная), палёўка (рыжая, звычайная).

Багатая арнітафаўна. Па колькасці асобін першае месца належыць вераб'ям (палявы, дамавы), часцей сустракаюцца галкі, гракі, вароны, сарокі, сініцы, шпакі, сустракаецца голуб шызы, на пойменных азёрах-старыцах — вадаплаўныя. Зімою ў горад прылятаюць сойкі, снягіры, свістаці. У парках і садах жывуць: дрозд-рабіннік, зяблік, мухалоўка-стракатка, салавей, канаплянка, зелянушка, садавая слаўка, шчыгол, гарыхвостка. У наваколлі горада гняздуюцца белы бусел, палявы жаваранак, зязюля, круцігалоўка, у пойме Дняпра — чайка звычайная, берагавая ластаўка, пліска белая, кнігаўка і іншыя пароды[17].

Рыбы прадстаўлены некалькімі сем'ямі. Пераважаюць карпавыя: плотка, верхаводка, лешч, карась, ялец. Сустракаюцца акунь, шчупак, галец.

З паўзуноў і земнаводных водзяцца вужы, яшчаркі, жабы, рапухі.

У горадзе і наваколлі сустракаюцца прадстаўнікі жывёльнага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу і патрабуюць аховы. З адзначаных для Магілёўшчыны ахоўных жывёл у прыгараднай зоне могуць сустракацца: з млекакормячых — барсук; з птушак — чорнаваллёвая гагара, звычайны зімародак, звычайная пустальга, шэры саракуш; з земнаводных і паўзуноў — балотная чарапаха, мядзянка; з рыб у Дняпры і яго прытоках — рыбец, вусач; з насякомых — матылі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Магілёў падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі. Цэнтральны раён скасаваны ў 2003 годзе.

Ленінскі раён Магілёва заснаваны 25 снежня 1962 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, згодна з якім у горадзе было створана два раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі. У 1979 годзе Ленінскі раён даў нараджэнне яшчэ адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы — Цэнтральнаму раёну. Плошча Ленінскага раёна — 24,9 км², у тым ліку каля 500 га зялёных насаджэнняў, у прыватнасці — Пячэрскі лесапарк. Колькасць жыхароў раёна паводле перапісу 1999 г. — 95958 чалавек. У раёне размешчана 22 прамысловыя прадпрыемствы. Яго эканоміка прадстаўлена наступнымі галінамі: машынабудаванне, прыборабудаванне, дрэваапрацоўчая вытворчасць, лёгкая і харчовая прамысловасць і інш. Да паслуг жыхароў раёна — Дом спорту, спорткомплекс «Лакаматыў», фізкультурна-аздараўляльны камбінат, 23 спартыўныя залы, 3 басейны і г. д. Вельмі папулярныя масавыя святы, якія праходзяць на стадыёне «Лакаматыў». У Ленінскім раёне дзейнічаюць абласны тэатр лялек, Цэнтр культуры і вольнага часу, два Домы культуры, 6 клубаў, 11 творчых калектываў, працуе дзіцячая школа мастацтваў, музыкальная школа, 5 масавых бібліятэк, ведамасныя бібліятэкі і інш.[18]

7 снежня 1979 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў указ, паводле якога шляхам разбуйнення ўжо існуючых Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў у Магілёве быў створаны новы раён горада — Цэнтральны. На тэрыторыі раёна знаходзіліся: Магілёўскі ўніверсітэт імя А. Куляшова, Магілёўскі недзяржаўны фінансава-эканамічны інстытут, педагагічны факультэт Беларускай акадэміі музыкі, 6 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 7 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, 17 школ; абласны драматычны тэатр і 3 кінатэатры; 5 музеяў; касцёл Св. Станіслава (18 ст.), жаночы манастыр (17—18 стст.), архіярэйскі і архіепіскапскі палацы (18 ст.). На тэрыторыі раёна знаходзілася больш за 35 прадпрыемстваў: завод «Зеніт» па вытворчасці апаратуры высокачастотнай сувязі, завод «Электрарухавік», Магілёўская фабрыка марожанага, ПКФ «Валеры», адкрытае акцыянернае таварыства «Лента» і інш.[19] Раён скасаваны ў 2003 годзе.

Кастрычніцкі раён г. Магілёва заснаваны 25 снежня 1962 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1980-я гады пачалося жыллёвае будаўніцтва для хімікаў. У раёне сканцэнтравана больш за палову прамысловага і тэрытарыяльнага патэнцыялу Магілёва. Два прадпрыемствы Кастрычніцкага раёна — вытворчае аб'яднанне «Хімвалакно» і сумеснае прадпрыемства «Белпак» — вырабляюць 77% прадукцыі раёна, а разам з аўтазаводам імя С. Кірава і мясакамбінатам — 90%. Гэтыя прадпрыемствы вызначаюць палажэнне не толькі ў раёне, але і ў горадзе ў цэлым. Акрамя гэтага, у раёне знаходзіцца яшчэ 27 прадпрыемстваў: аўтобусны парк, АП «Вольт» і інш. Працуе больш за 30 магазінаў, бібліятэкі, дзіцячы парк, кінатэатры «Ветразь» і «Космас», Палац культуры «Хімвалакно», «Лядовы палац», Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Сучасны гуманітарны інстытут[20].

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Буйны прамысловы цэнтр. Дзейнічае больш як 60 прадпрыемстваў машынабудавання, металаапрацоўкі, металургіі (Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. Кірава, завод «Магілёўліфтмаш», Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», завод «Электрарухавік», металургічны завод), хімічнай («Магілёўхімвалакно»), дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, лёгкай, харчовай прамысловасці. Горад здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і мастацкіх промыслаў.

Магілёў — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Магілёў», «Турыст», «Космас-Корт», «Кім», «Ліра», «Севяранка», «Сігнал», гасцініца ААТ «Магілёўхімвалакно».

Таксама створана СЭЗ Магілёў.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

У Магілёве працуюць аўтавакзал, чыгуначныя станцыі Магілёў 1, Магілёў 2, Магілёў 3, Лупалава.

Паблізу горада размешчаны аэрапорт Магілёў.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Тэатры: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек. З 1990-х у Магілёве праводзяцца міжнародныя фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» і інш. З 2006 года праводзіцца маладзёжны тэатральны форум «М@rt.кантакт».

У горадзе знаходзіцца 5 музеяў: Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей, Музей Бялыніцкага-Бірулі, Музей этнаграфіі, Музей гісторыі горада.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гарады-пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  2. 2,0 2,1 Вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 2009 года
  3. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 237.
  4. Легенды аб заснаванні Магілёва на Магілёўскі гарвыканкам
  5. Ігар Марзалюк, Алена Марзалюк. Магілёў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 243.
  6. Ігар Марзалюк, Алена Марзалюк. Магілёў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 243—244.
  7. Сімволіка. Гербы края на Магілёўская абласная бібліятэка
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 8,4 Ігар Марзалюк, Алена Марзалюк. Магілёў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 244.
  9. В. Б. Караткевіч, Т. І. Чарняўская. Магілёў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988]. С. 44—50.
  10. Беларускія летапісы і хронікі: пер. са старажытнарус., старабел., пол. / склад. У. Арлоў; рэд. В. Чамярыцкі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. С. 294.
  11. Магілёў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
  12. Физико-географические условия и особенности города // Климат Могилёва. — Л., 1982. — С. 5—8.
  13. Поверхностные воды // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 10.
  14. Гидрогеология месторождений полезных ископаемых // Кудельский, А. В. Подземные воды Беларуси / Кудельский А. В., Пашкевич В. И., Ясовеев М. Г. — Мн., 1998. — С. 222—235.
  15. Общая характеристика климата Могилёва // Климат Могилёва. — Л., 1982. — С. 120—127.
  16. Животный мир // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 11—12.
  17. Птушкі паркаў і садоў Магілёўшчыны. Іх ахова // Радзімазнаўства. — Магілёў, 1992. — Вып. 6. — С. 163
  18. Ленинский район // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 207—208
  19. Центральный район // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 436—437.
  20. Октябрьский район // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 316—317
  21. Чжэньчжоу стаў горадам-пабрацімам Магілёва - Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • (Збор помнікаў) В. Б. Караткевіч, Т. І. Чарняўская. Магілёў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988]. — С.44—50.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons