Горад Мядзел
| Горад
Мядзел
|
Мядзел, Мядзель — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мядзельскага раёна. Размешчаны паміж азёрамі Мястра і Баторына, у 160 км да паўночным захадзе ад Мінска, у 35 км ад чыгуначнай станцыі Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. Насельніцтва 7,2 тыс. чалавек (2006).
|
[правіць] Гісторыя
Археалагічныя даследаванні выявілі, што першапачаткова ў 10-11 ст. умацаванае драўлянае паселішча Мядзель знаходзілася на самым буйным востраве возера Мядзел (цяпер — востраў Замак), дзе і сёння захаваліся рэшткі ўмацаванняў. Верагодна ў 11 ст. Мядзель быў памежным горадам Полацкай зямлі. Летапісныя назвы горада: Мядзнозол, Мядела, Мядзела, Мядзила, Мядюль, Медело, Меднол, Медюль, верагодна, паходзяць ад літоўскага слова medinis — лясны, драўляны. У кан. 14 — пач. 15 ст., з-за невядомых да канца прычын, паселішча было перанесена на паўночна-ўсходні бераг воз. Мястра (10 км ад былога месцазнаходжання). Верагодна, прычынай гэтаму стаў мор — насельніцтва, што здолела выжыць падчас эпідэміі, заснавала новае паселішча са старой назвай ужо на беразе воз. Мястра. У пісьмовых крыніцах Мядзель упершыню згадваецца ў 1324 у лацінамоўным лісце вялікага князя Гедзіміна рыжскаму архібіскупу, у якім ён скардзіцца на дзеянні братоў-рыцараў Тэўтонскага ордэна:
«Мы паведамляем Вам, … што мір… зараз без якой-небудзь віны нашай па варожаму парушаны крыжакамі — братамі Тэўтонскага ордэна, якія прычынілі вялікую шкоду землям, якімі мы валодалі. Таксама яны напэўна захапілі б наш замак Медзела, каб не быў ён так добра ўмацаваны, аднак мноства людзей яны забілі і многіх павялі з сабой.»
Да сяр. 15 ст. мястэчка Мядзель ужо падзялялася на Стары (паўночная частка) і Новы (паўднёвая частка) Мядзель. Стары Мядзел вядомы з 1457 года, а Новы Мядзел — з 1527 года. Стары Мядзель у розны час быў у валоданні шмат якіх магнатаў і памешчыкаў — Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабкоўскіх, Кошчыцаў, а Новы Мядзел заставаўся у ліку вялікакняскіх (каралеўскіх) ўладанняў.
Жыхароў Новага Мядзела, вялікакняскага (іншым разам «кароннага») мястэчка (часам званага і горадам), ужо ў сяр. 16 ст. называлі «мяшчанамі гаспадарскімі», т.б. вялікакняскімі, дзяржаўнымі. Неаднаразова жыхары Новага Мядзела атрымлівалі прывілеі ад валадароў Рэчы Паспалітай на правядзенне кірмашоў. Таксама мястэчка было надзелена разнастайнымі падатковымі ільготамі. Новы Мядзель быў абведезны валам, на паўвостраве воз. Мястра ў 16 ст. быў каменны вялікакняскі («каралеўскі») Мядзельскі замак (захаваліся руіны). Па некаторых звестках, жыхары Новага Мядзела атрымалі ад Жыгімонта Старога з просьбы яго жонкі Боны Сфорца магдэбургскае права[1], але цяпер няма дакументальных пацверджанняў гэтаму. Новым Мядзелам, як дзяржаўным уладаннем, кіравалі старасты, спецыяльна прызначаныя вялікім князем. Сярод мядзельскіх старостаў з 1590 года быў і канцлер літоўскі Л. І. Сапега, які меў на Мядзельшчыне вялікія ўладанні.
Стары Мядзель у 1736 атрымаў статус мястэчка, а ў 1762 магдэбургскае права з правам на 4 кірмашы на год.
З 1793 пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай Стары і Новы Мядзел у складзе Расійскай імперыі, Мядзел — мястэчка ў складзе Вілейскага павета Мінскай губерні, з 1842 — Віленскай губерні. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, 15.1.1940 утвораны Мядзельскі раён. З 1959 гарадскі пасёлак, з 1998 — горад.
У горадзе тры аўтобусныя маршруты, лінія маршрутнага таксі.
[правіць] Эканоміка
Горад інтэнсіўна развіваецца як цэнтр курортнай зоны вакол возера Нарач. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. 2 гасцініцы. Філіял дзіцячай турбазы.
[правіць] Культура
Мядзельскі музей народнай славы. Дзейнічаюць дзве сярэднія школы і гімназія, два дзіцячыя садкі. Дзіцячы інтэрнат. У 1930-я ў Старым і Новым Мядзелі было два касцёлы, царква, сінагога і мячэць. На сённяшні дзень захаваўся адзін касцёл (1754), касцёл св. Станіслава быў спалены ў 1942 годзе. У 2006 у Мядзелі пабудаваная Траецкая царква.
[правіць] Выдатныя мясціны
- Гарадзішча (10—17 ст.), на паўвостраве воз. Мястра
- Мядзельскі касцёл (1754)
- Мядзельскі кляштар кармелітаў.
[правіць] Вядомыя асобы
Зноскі
- ↑ А. Сапуноў ??
[правіць] Літаратура
- Мядель // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
[правіць] У Сеціве
- Інфармацыйна-гістарычны партал Мядзельскага району — www.myadel.info
- Мядзел — westki.info
- Мядзел на Radzima.org