Горад Мінск
| Горад
Мінск
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Мінск (да 1939 года — Менск[3][4]) — сталіца Рэпублікі Беларусь, адміністрацыйны цэнтр Мінскай вобласці (не ўваходзіць у яе склад) і Мінскага раёна (не ўваходзіць у яго склад), горад-герой. З'яўляецца сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Насельніцтва — 1,9 млн чалавек (2012 год)[5], найбуйнейшы горад краіны. Утварае агламерацыю, у межах якой пражывае звыш 2,645 млн чалавек або ⅓ насельніцтва Беларусі[6]. Горад размешчаны недалёка ад геаграфічнага цэнтра краіны, на берагах ракі Свіслач. Займае плошчу ў 307,90 км².
Гістарычны цэнтр утвараюць Верхні горад, Ракаўскае і Траецкае прадмесці, плануецца таксама аднавіць Замчышча. Горад быў моцна разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Упершыню згадваецца у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам. У канцы XI — пачатку XII стагоддзя цэнтр Менскага княства. З пачатку XIV ст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1793 годзе ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай далучаны да Расійскай імперыі, цэнтр аднайменный губерніі. Падчас вайны 1812 года акупіраваны французскімі войскамі, разбураны і разрабаваны. У сакавіку 1917 года ў Мінску абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. У 1918 горад занялі кайзераўскія, а спачатку 1919 — балшавіцкія войскі. У 1919—1920 — ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, адміністрацыйны цэнтр Мінскай акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Усходніх Земляў. Сталіца БССР з моманту яе утварэння. У 1924—1930 гадах цэнтр акругі, з 1934 года — раёна, з 1938 года — вобласці. У Вялікую Айчынную вайну акупіраваны, дзейнічала патрыятычнае падполле. У Мінску і яго наваколлях акупацыйны рэжым стварыў 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш 400 тыс. чалавек, горад пераўтвораны ў руіны. Адноўлены ў 1946—1950-я. З 1992 года сталіца незалежнай Беларусі.
З 25 чэрвеня 2010 года старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта (мэрам горада) з'яўляецца Мікалай Аляксандравіч Ладуцька (у 2009-10 ён выконваў абавязкі старшыні)[7].
Змест |
Назва
Сучасная форма назвы «Мінск» была ўведзеная ў ліпені 1939, пастановай Другой сесіі Вярхоўнага Савета БССР (25-29.7.1939)[8]. Такая форма, згодна з тлумачэннем Уладзіміра Васільевіча Анічэнка, паходзіць ад усходнеславянскай назвы ў формах «Менеск», «Менск», якая ў 1920-я гады была перапісаная ва ўкраінскай агаласоўцы з перадачай літары «Ѣ» праз «і» (гл. «яць», украінізмы, назва Пінска)[9].
Гістарычная форма назвы «Менск» афіцыйна ўжывалася ў БССР з 1919 года, калі была ўведзеная «Маніфэстам Часовага работніча-сялянскага правіцельства Беларусі»[8]. У 1991 гарадскі Савет народных дэпутатаў накіраваў Вярхоўнаму Савету просьбу аб вяртанні гораду гістарычнай назвы «Менск», але ў гэтай просьбе было адмоўлена.
Гістарычна, назва выключна ў форме «Менск», «Меньск» ужывалася да канца 15 ст., напр., у Прывілеі на Магдэбургскае права (1499). У 16 ст. пад польскім уплывам з'явілася дублетнае напісанне «Мінск», якое на працягу канца 16 — 17 ст. цалкам выцясніла ранейшую форму назвы. У такім выглядзе назва была замацаваная і ў дакументах часоў Расійскай імперыі.[8]
Гісторыя
Старажытны горад
Самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага горада вядомыя з IX стагоддзі. Даліна ракі Свіслач была заселена дзвюма усходнеславянскімі плямёнамі крывічы і дрыгавічы. Каля 980 года тэрыторыя ўваходзіць у Полацкае княства.
Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесць мінулых часоў» пад 1067, калі быў спалены аб'яднанымі войскамі Яраславічаў (вял.кн. кіеўскага — Ізяслава, кн. пераяслаўскага — Святаслава, кн. чарнігаўскага — Усевалада) у час вайны з Усяславам Полацкім. Месца і час узнікнення Мінска дасюль дыскусійнае, адны даследчыкі лічаць, што Мінск узнік у яшчэ даслявянскія часы на р. Менцы прытоку Пцічы, што 16 км да захаду ад сучаснага цэнтру горада і дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца пасля 1085, калі ў другі раз быў спалены ўжо Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Няміга ў 2-й пал. 11 ст., т.б. напярэдадні падзей 1067 года, для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства (далей: Узнікненне Мінска).
Менскага княства
У кан. 11 — пач. 12 ст. цэнтр Менскага княства, першы менскі князь Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскаў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, але ў 1119 годзе горад быў захоплены і далучаны да яго ўладанняў, князь Глеб Усяславіч быў зняволены і памёр у кіеўскай турме. З сяр. 12 ст. Менск зноў цэнтр незалежнага княства і адзін з буйных гарадоў Заходняй Русі, менскія князі вялі барацьбу за гегемонію ў Полацкай зямлі і неаднакроць займалі полацкі сталец.
Вялікае Княства Літоўскае
З пач. 14 ст. у складзе ВКЛ. У 1499 атрымаў магдэбургскае права[10]. У каралеўскай грамаце 1444 Менск названы ў ліку найболей развітых гарадоў ВКЛ. З 1565—1566 цэнтр ваяводства, з кан. 16 ст. тут праходзілі паседжанні вышэйшага судовага органа ВКЛ — Трыбунала ВКЛ. У 1591 горад атрымаў герб. Архітэктуру ў 16—17 ст. вызначалі вуліцы, прылеглыя да Менскага замка, Верхняга горада (рынку), Ніжняму рынку і Траецкай гары, забудаваныя домами феадалаў, купцоў, багатых рамеснікаў. На плошчы Верхняга рынку сфарміраваўся ансамбль, мастацкі сілуэт якога стваралі групы культавых будынкаў (касцёл і манастыр бернардзінак, касцёл і манастыр бернардынцаў, царква Святога Духу і манастыр базыліянінаў, ратуша і інш.). Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад разбураны. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 Мінск у 1707 быў заняты войскам Карла XII, у 1710—1711 перажыў эпідэмію чумы.
У складзе Расійскай імперыі
З 1793 у складзе Расійскай імперыі, цэнтр губерніі. Падчас вайны 1812 акупіраваны французскімі войскамі, разбураны і разрабаваны. Да сяр. 19 ст. адноўлены. У 1870-я праз Мінск пракладзеныя Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская чыгункі.
XX стагоддзе
У 1-ю сусветную вайну з кастрычніка 1915 — прыфрантавы горад, у якім размяшчаліся штаб Заходняга фронту і інш. франтавыя арганізацыі і ўстановы, шпіталі. У 1917 у Мінску праходзіў Усебеларускі з'езд, у сакавіку абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 1918 горад акупіравалі германскія, спачатклу 1919 — балшавіцкія войскі. У 1919—1920 — ў складзе Другай Рэчы Паспалітай, адміністрацыйны цэнтр Мінскай акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Усходніх Земляў Другай РП[11]. З утварэння БССР Мінск — яе сталіца. У 1924—1930 цэнтр акругі, з 1934 — раёна, з 1938 — вобласці. У Вялікую Айчынную вайну акупіраваны, дзейнічала патрыятычнае падполле. У Мінску і яго наваколлях акупацыйны рэжым стварыў 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш 400 тыс. чалавек, горад пераўтвораны ў руіны. Адноўлены ў 1946—1950-я. 26.6.1974 Мінску прысвоена ганаровае званне горад-герой.
Сталіца незалежнай Беларусі
З 1991 года Мінск з'яўляецца сталіцай суверэннай Беларусі. 5 верасня 1991 года гарадскі Савет народных дэпутатаў зацвердзіў старадаўні гістарычны герб горада. Сёння ў сталіцы звыш 600 вуліц і праспектаў. З 1991 года з горадзе размяшчаецца Выканаўчы камітэт СНД.
Геаграфія
Геаграфічнае становішча
Мінск знаходзіцца на паўднёва-ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора 220 м. Найбольш прыпаднятая частка Мінска размяшчаецца на дзялянцы паміж вуліцамі Ціміразева і Харкаўскай (у ваколіцах Ракаўскай шашы). Яе абсалютная вышыня 280,4 м. Найніжэйшая адзнака (181,4 м) знаходзіцца на паўднёвым усходзе горада ў абалоне Свіслачы ў раёне Чыжоўкі.
Клімат
Умерана-кантынентальны, са значным уплывам атлантычнага марскога паветра. Сярэднегадавая колькасць ападкаў - каля 700 мм. Лета цёплае, але не гарачае. Сярэднясутачная тэмпература ў ліпені 18,5 °C. Зіма мяккая, з частымі адлігамі, сярэднясутачная тэмпература ў студзені -4.5 °C. У апошнія гады намецілася выразная тэндэнцыя да падвышэння тэмпературы ў зімовы перыяд.
- Сярэднегадавая тэмпература - 6,7 °C
- Сярэднегадавая хуткасць ветра - 2,4 м / с
- Сярэднегадавая вільготнасць паветра - 77%
| Клімат Мінска | |||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
| Абсалютны максімум, °C | 10,3 | 13,6 | 18,9 | 26,0 | 30,9 | 32,5 | 33,9 | 34,6 | 30,3 | 24,7 | 16,0 | 10,3 | 34,6 |
| Сярэдні максімум, °C | −2,1 | −1,4 | 3,8 | 12,2 | 18,7 | 21,5 | 23,6 | 22,8 | 16,7 | 10,2 | 2,9 | −1,2 | 10,6 |
| Сярэдняя тэмпература, °C | −4,5 | −4,4 | 0,0 | 7,2 | 13,3 | 16,4 | 18,5 | 17,5 | 12,1 | 6,6 | 0,6 | −3,4 | 6,7 |
| Сярэдні мінімум, °C | −6,7 | −7 | −3,3 | 2,6 | 8,1 | 11,7 | 13,8 | 12,8 | 8,2 | 3,6 | −1,3 | −5,5 | 3,1 |
| Абсалютны мінімум, °C | −39,1 | −35,1 | −30,5 | −18,4 | −5 | 0 | 3,8 | 1,7 | −4,7 | −12,9 | −20,4 | −30,6 | −39,1 |
| Крыніца: Надвор'е и клімат | |||||||||||||
Водная сістэма
Каля горада праходзіць водападзел басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Праз Мінск цячэ рака Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у якую ў межах горада ўпадаюць яшчэ шэсць невялікіх рэчак. Усе яны належаць да Чарнаморскага вадазбору. У 1968—1976 гг. для водазабеспячэння Мінска пабудавана Вілейска-Мінская водная сістэма, якая ў межах горада ўтварае т.з. водна-зялёны дыяметр. У яго ўваходзяць вадасховішчы Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, вадаём цэнтральнай часткі горада, Лошыцкае (в-шча ЦЭЦ-2) і Чыжоўскае вадасховішчы.
У 1981—1985 для збеспячэння вадой прамысловых раёнаў пабудавана ўнікальная па горадабудаўнічым і ландшафтным асаблівасцям Сляпянская водная сістэма), якая складалася з Цнянскага і Чыжоўскага вадасховішчаў і р. Цнянкі, і якую планавалася замкнуць у кальцо Лошыцай воднай сістэмай.
Насельніцтва
| Змяненне колькасці насельніцтва Мінска ў XVII—XXI стст. (тыс. чал)
|
|---|
Колькасць насельніцтва Мінска на пачатак 2009 склала 1829,1 тыс. чал. і ў параўнанні з пачаткам 2008 павялічылася на 14,1 тыс. чал. Прырост адбываецца пераважна за кошт міграцыі. Паводле апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў кастрычніку 2009 года, ў Мінску пражывала 1,836,808 чалавек.
Колькасць насельніцтва (тыс. чал.):
- 2007 — 1797,5
- 2008 — 1814,8
- 2009 — 1829,1
Нараджальнасць — 11,4 на 1000 насельніцтва, смяротнасць — 9,7 (2008). Колькасць нараджэнняў на 1000 жанчын ва ўзросце 20—24 гады за перыяд 1990—2005 знізілася са 138 нованароджаных да 58, у жанчын 25—29 гадоў — з 95 да 75 адпаведна. У 2008 нарадзілася каля 20,8 тыс. дзяцей.
Перавышэнне жаночага насельніцтва над мужчынскім: жанчын — 53,7%, мужчын — 46,3%.
Узроставая структура насельніцтва Мінска: дзяцей — 13,3%, падлеткаў — 4,5%, асоб працаздольнага ўзросту — 67,9%, асоб старэйшых за працаздольны ўзрост — 17,6%. Доля дзяцей і падлеткаў за апошнія 5 год знізілася з 20,6% да 17,6%. Колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце павялічылася за гэты перыяд з 66,5% да 67,9%; асоб старэйшай узроставай катэгорыі — з 16,5% да 17,6%.
На 1000 шлюбаў прыходзіцца 416 разводаў (2006).
25 красавіка 2007 Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў зацверджана Праграма дэмаграфічнай бяспекі г. Мінска на 2007—2010 гады.
У суткі насельніцтва горада спажывае 230 тон малака, каля 110 тон кісламалочных вырабаў, 35 тон смятаны, 50 тон тварага, 30 тон сычужных сыроў (кастрычнік 2007).
Нацыянальны склад
| Народ | Перапіс 1926 | Перапіс 1939[12] | Перапіс 1959 | Перапіс 1970 | Перапіс 1979 | Перапіс 1989 | Перапіс 1999 | Перапіс 2009[13] |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Беларусы | 55.778 | 124.061 | 325.026 | 601.890 | 871.210 | 1.153.991 | 1.333.222 | 1.455.825 |
| Рускія | 12.617 | 28.711 | 116.327 | 214.260 | 282.977 | 325.125 | 264.020 | 184.070 |
| Украінцы | 1.465 | 6.650 | 18.345 | 35.214 | 46.226 | 53.244 | 39.948 | 27.362 |
| Палякі | 4.481 | 3.364 | 5.580 | 9.419 | 14.647 | 18.479 | 17.581 | 13.420 |
| Яўрэі | 53.686 | 70.998 | 38.842 | 47.058 | 46.332 | 39.154 | 10.141 | 5.187 |
| Армяне | 16 | 142 | … | 687 | 1.096 | 1.746 | 2.039 | 1.955 |
| Татары | 1.618 | 1.749 | 2.182 | 2.875 | 2.925 | 2.102 | 1.239 | |
| Азербайджанцы | 39 | 217 | 591 | 1.102 | 1.559 | 1.517 | ||
| Кітайцы | 10 | … | … | … | … | … | 1.349 | |
| Туркмены | 1.016 | |||||||
| Літоўцы | 377 | … | 757 | 695 | 892 | 724 | 935 | |
| Арабы | 787 | |||||||
| Грузіны | 147 | … | 324 | 518 | 897 | 828 | 687 | |
| Цыганы | 111 | … | 953 | 1.056 | 1.369 | 1.239 | 573 | |
| Малдаване | 21 | … | 360 | 496 | 839 | 511 | 392 | |
| Казахі | 74 | … | 223 | 297 | 526 | 189 | 386 | |
| Таджыкі | 326 | |||||||
| Туркі | 4 | … | … | … | … | … | 314 | |
| Усяго | 238.948 | 509.667 | 917.428 | 1.273.496 | 1.607.077 | 1.680.567 | 1.697.340 |
Жыллё
Пасля ВАв актыўна будаваліся буйныя заводы (машынабудавання, станкабудавання), што прывяло да прытоку насельніцтва ў горад і ўтварылася ўстойлівае адставанне ўмоў пражывання грамадзян ад колькасці тых, хто прыязджае. Для зніжэння праблем з жыллём актыўна будаваліся інтэрнаты (у 60-70-я гады). У 1990-х гадах змяніліся ўмовы для пастаноўкі на ўлік — з 6 м² жылой плошчы на 15 м² агульнай плошчы, што змяніла 60 тыс. тых, хто мае патрэбу ў жыллі 110 тыс. На пачатак 2010 года ў інтэрнатах пражывае каля 33 тыс. сем'яў[14]. На 2010 год у арэнду пад жыллё здавалася 32 тысячы кватэр[15].
У 2010 годзе аб'ём уводзімага жылля з дзяржпадтрымкай складаў каля 80%, у 2011 годзе — 75%, у 2012 годзе не павінен перавысіць 50% і потым — паступова змяншацца[16].
На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на канец 2010 года знаходзілася 855,6 тыс. грамадзян (сем'яў), што на 62,4 тыс. больш, чым на канец 2009 года[17]. На пачатак 2011 года ў Мінску ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў знаходзяцца 280 тыс. сем'яў[18].
Кошт 1 м² агульнай плошчы кватэр жылых хат устанаўліваецца Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам[19]. Тым не менш, рэальныя кошты на жыллё вызначаюцца рынкам. У 2010 годзе самым дарагім жыллём (па даных Нацыянальнага кадастравага агенцтвы) была трохпакаёвая кватэра па вул. Масквіна, 10 (520000 долараў ЗША, 3235,8 долара за м²)[20][21].
Па меркаванні Аляксандра Лукашэнка, колькасць насельніцтва Мінска варта абмежаваць 1,8 млн чалавек[22].
Беспрацоўе
Па афіцыйнай статыстыцы, узровень беспрацоўя ў Мінску складае 0,3% ад агульнага ліку эканамічна актыўнага насельніцтва (3340 чалавек; даныя на люты 2011 года)[23]. У той жа час, у Мінгарвыканкаме прызнаюць існаванне значнага незарэгістраванага беспрацоўя на падставе даных перапісу 2009 года: тады 5,6% працаздольнага насельніцтва Мінска (каля 70 000 чалавек) вызначылі свой статус як беспрацоўныя[24]. У якасці прычын значнага разыходжання афіцыйнага і рэальнага ўзроўня беспрацоўя завуць неабходнасць удзелу ў грамадскіх працах і невялікі памер дапамогі па беспрацоўі[24]. Напачатку 2011 года ў Мінску дапамога складала 68,2 тысяч рублёў — $22,5 па курсе на люты 2011 года[23] пры сярэднім памеры бюджэту пражытковага мінімуму ў 296,9 тысяч рублёў[25], а ў другой палове 2010 года — 50 тысяч ($16), што з'яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў на тэрыторыі былога СССР[26]. У той жа час, Аляксандр Лукашэнка агучыў меркаванне пра неабходнасць памяншэння памераў дапамогі па беспрацоўі як занадта вялікага[26].
Па даных Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, у сярэднім на пошук працы ў зарэгістраваных беспрацоўных сыходзіла не больш за дзвюх з паловай месяцаў[24]. Сярэдні ўзрост зарэгістраванага беспрацоўнага — 34,6 года[24].
Здароўе
Залішняя маса цела: атлусценнем пакутуюць ад 10 да 13% дзяцей [27]
Кіраванне горадам
Прадстаўнічая ўлада прадстаўлена гарадскім Саветам дэпутатаў, выканаўчая — гарадскім выканаўчым камітэтам. Кіраўнік Мінгарвыканкама з 2010 — Мікалай Ладуцька.
Адміністрацыйны падзел
Адміністрацыйны падзел города Мінска быў праведзены ў 1938 годзе ў сувязі са значным ростам насельніцтва горада (да 218 тыс. чалавек). Пастановай ЦВК БССР ад 17 сакавіка 1938 года былі створаны Сталінскі (з 2 лістапада 1961 г. Заводскі), Варашылаўскі (з 2 лістапада 1961 г. Савецкі) і Кагановіцкі (з 20 ліпеня 1957 г. Кастрычніцкі) раёны.
Зараз тэрыторыя Мінска дзеліцца на 9 адміністрацыйных раёнаў, якія кіруюцца раённымі адміністрацыямі.
Абмяркоўваецца варыянт злучэння Мінскага раёна Мінскай вобласці з г. Мінскам у агульны рэгіён са спецыяльным (сталічным) статусам.
Жылыя раёны
Афіцыйныя сімвалы горада
Герб быў нададзены Мінску 12 студзеня 1591 года вялікакняжацкім прывілеем. На гербе і флазе адлюстравана Ушэсце Багародзіцы: Багародзіца ў чырвона-фіялетавай адзежы на срэбным воблаку, яе ўзносяць у неба два анёлы, якія ляцяць, а над імі два херувімы. Паводле легенды абраз з выявай Ушэсця прыбыў ў горад уверх па цячэнню Свіслачы з Кіева, разбуранага татарамі.
Герб і сцяг г. Мінска зацверджаны рашэннем Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 27 сакавіка 2001 г. №160 «Аб зацвярджэнні палажэння аб гербе горада Мінска і палажэння аб сцягу горада Мінска».
Эканоміка
Мінск — найбуйнейшы эканамічны цэнтр Беларусі. Сукупны аб'ём падатковых паступленняў складае каля паловы ад агульнага аб'ёму па краіне[28]. Найбуйнейшымі падаткаплатнікамі горада ў першым квартале 2011 гады былі ААТ «Белтрансгаз», ЗП «Лукойл-Беларусь», РУП «Мінск Крышталь» (вытворца лікёра-гарэлкавых вырабаў), ЗП «Велкам», УП «Мінгаз», РУП «Мінскэнерга», РУП «Белтэлекам», ТАА «Тытунь-інвест», ЗТАА «Юніс ойл» і ААТ «Прыёрбанк»[29][30]. У сукупнасці яны забяспечылі 40% паступленняў[30]. У першым квартале 2011 года 54% паступленняў у кансалідаваны бюджэт горада прыйшлося на недзяржаўныя прадпрыемствы, у той час як у 2010 годзе на іх долю прыпадала 46,6% паступленняў[29][31]. У 2010 годзе каля 25% падатковых паступленняў забяспечыў малы бізнес[32].
Прамысловасць
Мінск — найбуйнейшы прамысловы горад краіны. Тут знаходзяцца найбуйнейшыя зборачныя прадпрыемствы: трактарны завод МТЗ, які выпускаў каля 8-10 % ад сусветнага рынку колавых трактароў, МАЗ, завод колавых цягачоў VOLAT, вытворца дызельных рухавікоў ММЗ, тры станкабудаўнічых заводы, а таксама завод Амкадар — вытворца дарожна-будаўнічай і іншай спецыялізаванай тэхнікі і абсталявання. У горадзе таксама размешчаны шэраг прадпрыемстваў па вытворчасці камплектуючых (рысорны завод, завод шасцерняў і інш.), вагонарамонтны завод, матацыклетна-веласіпедны завод, гадзіннікавы завод «Луч», абароннае прадпрыемства Мінатор-Сэрвіс. Параўнальна развіта электронная прамысловасць: у Мінску працуюць вытворца электроннай прадукцыі «Інтэграл», вытворца тэлевізараў, DVD-прайгравальнікаў і бытавой тэхнікі «Гарызонт», вытворца халадзільнікаў і бытавой тэхнікі «Атлант», вытворца бытавой тэхнікі Беларускі радыёэлектронны завод (БелВАР), электрамеханічны і электратэхнічны заводы. Пасля распаду СССР былі арганізаваны новыя прадпрыемствы, такія як Белкамунмаш, цяпер адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў электратранспарта, які быў створаны напачатку 1990-х гадоў на базе рамонтнага трамвайна-тралейбуснага завода.
Харчовая прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі лікёра-гарэлкавым заводам Мінск Крышталь, піўзаводамі «Крыніца» (брэнды «Крынiца», «Александрыя», «Kult» і «Кaltenberg») і «Аліварыя» (брэнды «Аліварыя» і «Бровар»), кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» і «Слодыч», некалькімі хлебазаводамі, холадакамбінатамі і мясакамбінатам. У Мінску дзейнічае гадзіннікавы завод «Прамень», прадпрыемствы па выпуску адзежы і бялізны («Элема», «Мілавіца», «Serge» і іншыя), вытворцы касметыкі «Беліта-Вітэкс», Модум — наша касметыка, «Белор-Дызайн», а таксама шэраг невялікіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці.
Усяго на 2005 год налічвалася больш за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў.
Працуюць 4 ЦЭЦ.
Турызм
Мінск — цэнтр міжнароднага турызму ў краіне. Сталіца валодае найболей развіты турыстычнай інфраструктурай (звыш 1/5 ёмістасці гасцінічнага фонду) і прымае амаль 1/4 арганізаванага ўязнога турыстычнага патоку. Сярэдняя працягласць знаходжання замежных турыстаў у Мінску складае 4,5 турадні, што ў 2 разы вышэй сярэдняга паказчыку па краіне. Мінск з'яўляецца і найбуйнейшым цэнтрам попыту на выязныя туры, галоўным чынам з мэтай адпачынку.
У горадзе створаны турыстычныя зоны Верхні горад, Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, турыстычныя маршруты «Музеі Мінска», «Мінск тэатральны», «Мінск археалагічны», «Помнікі забудовы горада XVIII — пач. XX стст.», «Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь», «Горад на Менцы» і іншыя.
У горадзе турагенцкую і тураператорскую дзейнасць здзяйсняюць (на 1.1.2007) 342 юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, у т.л.:
- РУП «Белінтурыст»,
- ДУ "Цэнтр па санаторна-курортнай працы «Центркурорт»,
- РУП «Дартурсервіс» Беларускай чыгункі,
- прыватнае УП «Беларустурыст»,
- ТАА «Вакол света»,
- «Сакуб»,
- «Сані Трэвел»,
- «Смок Трэвел»,
- «Смалянка»,
- «Топ-Тур»,
- СП «Алатантур»,
- прыватнае УП «Мінсктурыст»,
- ТДА «Экатур-6»,
- УП «Экалогіятур»,
- грамадскае аб'яднанне «Агра- і экатурызм» і інш.
Мінскі турыстычны клуб, Мінскі дзяржаўны турысцка-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, цэнтр турызму і краязнаўства моладзі, інфармацыйна-экалагічны турыстычны клуб «Пошук», турыстычны клуб «Гарызонт» БДПУ імя М. Танка і інш.
У Мінску (на жнівень 2011 г.) функцыянуюць 27 гасцініц (5,4 тыс. месцаў)[33], сярод іншых «Crowne Plaza», «Агат», «Алімпіец», «Акадэмічная», «Алгарытм», «Арбіта», «Беларусь», «Вікторыя», «Гарні», «Дружба», «Еўропа», «Жэлонь», «Журавінка», «Звязда», «Мінск», «Паркавая», «Планета», «Палёт», «Свіслач», «Спорт», «Спутнік», «Стандарт», «Турыст», «Урсула», «Экспрэс», «Юбілейная», «40 гадоў Перамогі», МУС, Мінскага маторнага завода, РУП «МАЗ» (гасцініца і гасцінічны комплекс), «МТЗ», спартыўнага клуба міністэрства абароны, кінастудыі «Беларусьфільм» і інш. Пераважае дзяржаўная (16 гасцініц) форма ўласнасці. Ад 2 да 5 зорак маюць 11 гасцініц Мінска[34].
Пры гасцініцах (і не толькі[35]) маюцца бары, рэстараны, клубы і дыскатэкі.
Гл. таксама Спіс новабудоўляў горада Мінска
Транспартная сістэма
Мінск з'яўляецца буйным транспартным цэнтрам. Пасажыраперавозкі забяспечваюцца развітай сеткай грамадскага транспарта. Таксама Мінск з'яўляецца найбольшым транспартным вузлом Беларусі. Ён размешчаны на скрыжаванні транспартных калідораў, якія злучаюць Расію з Польшчай і Украіну ў Прыбалтыкай. На Мінск прыпадае каля 30% чыгуначных пасажыраперавозак, 20% аўтамабільных грузаперавозак па ўвозе і 40% па вывазе.
Грамадскі транспарт
Мінск мае добра развітую сетку грамадскага транспарта. Апроч мінскага метрапалітэна маецца больш 167 аўтобусных і больш 64 тралейбусных маршрутаў, працуе трамвай і сетка маршрутных таксі. Мінскія аўтобусы перавозяць 35,7% пасажыраў, метрапалітэн — 32,8%, тралейбусы — 26,4%, трамваі — 5,1%[36].
Гарадскі грамадскі транспарт Мінска актыўна развіваецца: з 1995 года ў дадатак да 15 станцый метро, якія былі на той момант, адкрыта яшчэ 10, чарговыя тры станцыі адкрыліся ў лістападзе 2012 года. Рухомы састаў наземнага транспарта таксама актыўна абнаўляецца. Так у перыяд 2004—2007 было закуплена больш 820 новых аўтобусаў, больш 430 тралейбусаў, 53 трамвая. Уся тэхніка вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў МАЗ, Нёман, Белкамунмаш.
Мінск таксама з'яўляецца найбуйнейшым транспартным вузлом Беларусі. Ён размешчаны на скрыжаванні транспартных калідораў, якія злучаюць Расію з Польшчай і Украіну з Прыбалтыкай. Адлегласць ад Мінска да Масквы па аўтамабільнай дарозе М1 — каля 800 км. На яго долю прыпадае каля 30% чыгуначных пасажыраперавозак, 20% аўтамабільных грузаперавозак па ўвозе і 40% — па вывазе.
Мінскі метрапалітэн
У Мінске дзейнічае адзіная ў рэспубліцы сістэма метрапалітэну. Першая чарга Мінскага метрапалітэна адкрылася ў 1984-м годзе. Цяпер ён складае дзве лініі, 25 станцыі, агульная даўжыня — 30,3 км. З цэнтрам ён злучае Першамайскі, Партызанскі і Фрунзенскі раёны. Ідзе будаўніцтва галіны на Малінаўку (Маскоўскі раён). Адкрыццё наступных 3-х станцый запланавана на 2012 г. У будучыні плануецца трэцяя лінія, якая злучыць цэнтр горада з Кастрычніцкім і Савецкім раёнамі.
Мінская гарадская электрычка
З 2011 года рэалізуецца праект па стварэнні гарадской электрычкі — сеткі маршрутаў чыгуначнага грамадскага транспарта ў межах Мінска і найбліжэйшага прыгарада. На наступны момант дзейнічае дзве лініі гарадской электрычкі, да Заслаўя і Рудзенска. Плануецца адкрыццё яшчэ трох.
Аэрапорты
Горад абслугоўваюць два аэрапорты[37] — Мінск-1 і Нацыянальны аэрапорт Мінск, у якія здзяйсняюць рэгулярныя рэйсы 18 авіякампаній.
Культура
Музеі
У Мінску 18 музеяў:
- Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
- Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
- Нацыянальны музей гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь
- Літаратурны музей Янкі Купалы
- Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
- Літаратурны музей Максіма Багдановіча
- Літаратурны музей Петруся Броўкі
- Мемарыяльны музей Заіра Азгура
- Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь
- Музей гісторыі беларускай літаратуры
- Мінскі музей сучаснага выяўленчага мастацтва
- Мінскі музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Мінскі музей гісторыі медыцыны
- Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь
- Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь
- Мінскі музей Ваньковічаў
- Дом-музей I з'езду РСДРП
- «Музей валуноў»
- Музей старажытнабеларускай культуры
Тэатры
У горадзе 17 тэатраў: Нацыянальны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, Тэатр-студыя кінаакцёра, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Дзяржаўны маладзёжны тэатр эстрады, Драматычны тэатр Беларускай арміі, Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, Новы драматычны тэатр, Сучасны мастацкі тэатр, ІнЖэст, Эксперыментальны тэатр EYE, Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч», Тэатр сатыры і гумару «Хрыстафор»
- Тэатры Мінска
Працуюць: Беларуская дзяржаўная філармонія, Мінскі цырк, кінастудыя «Беларусьфільм», Мінскі заапарк. 11 дамоў культуры, 9 палацаў культуры, у т.л. Палац Рэспублікі. 8 народных тэатраў.
Грамадства
Сістэма адукацыі
У Мінску размешчана 22 вну дзяржаўнай формы ўласнасці[38] (у тым ліку Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, і іншыя), 9 прыватных вну і 1 прафсаюзны (Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных зносін)[39].
Таксама ў горадзе дзейнічае больш 200 сярэдніх агульнаадукацыйных школ, больш 25 гімназій, 33 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў[40].
Спорт
-
- Футбольныя:
- Стадыён «Дынама» (41 020 месцаў)
- Стадыён «Трактар» (17 600)
- Стадыён «Тарпеда» (5200)
- Стадыён «Дынама-Юні» (4500)
- Стадыён «Лакаматыў»
- Футбольны манеж[41]
-
- Хакейныя:
- Мінск-Арэна (15 000)
- Лядовая пляцоўка Палаца спорту (3311)
- Мінскі лядовы палац спорту (1823)
- Крыты каток парку імя Горкага (767)
-
- Іншыя:
- Палац спорту
- Палац тэніса
- Палац воднага спорту
- Скейтпарк[42]
У 2007 у Мінску 3519 спартыўных будынкаў, у т.л. 18 буйных стадыёнаў, 664 спартыўныя залі, 57 плавальных басейнаў, 6 манежаў, 5 спартыўных будынкаў са штучным лёдам, 138 стралковых ціраў. У ліку найболей буйных: «Мінск-Арэна», Мінскі палац спорту, палац воднага спорту, Футбольны манеж, Мінскі лядовы палац спорту, палац тэніса, стадыёны «Дынама», «Трактар», спартыўны аздараўленчы комплекс «Алімпійскі» і інш.
У горадзе маюцца дзве футбольныя каманды, якія ўваходзяць у вышэйшую лігу Беларусі — «Дынама» і «Мінск». Раней у вышэйшай лізе ўдзельнічалі прафесійныя футбольныя каманды з Мінска «Тарпеда» (у 2004 годзе клуб збанкрутаваўся, выступае ў ніжэйшых лігах), «Партызан» (раней — «МТЗ-РІПА»; з 2012 года па фінансавых прычынах клуб выступае ў ніжэйшых лігах), «Зорка-БДУ» (выступае ў другой лізе), «Лакаматыў» (зараз — СКВІЧ, выступае ў Першай лізе), «Атака» (спыніў існаванне ў 1997 годзе), «Дынама-93» (спыніў існаванне ў 1998 годзе). У горадзе базуюцца хакейныя клубы «Дынама» (КХЛ), «Юнацтва-Мінск» (ВХЛ), «Юніёр» (Беларуская экстраліга) і «Юнацтва» (МХЛ). Таксама ў горадзе ёсць 3 мужчынскіх баскетбольных клуба: Цмокі-Мінск, Віталюр, Бдуір, і 2 жаночых: Цмокі-Мінск і Гарызонт. У горадзе ёсць тытулаваная мужчынская каманда па гандболу — клуб СКА, а таксама створаны ў 2008 годзе клуб «Дынама».
Экалогія
Мінск знаходзіцца на другім месцы ў Беларусі па ўзроўню забруджвання паветра (31 тыс. тон супраць 50 тыс. тон у Наваполацку)[43]. Узровень забруджвання значна скараціўся за 20 год удвая з 65 тыс. тон[44]. Агульны ўзровень забруджвання ў Мінску склаў 247,4 тыс. тон, у тым ліку 85% — ад аўтамабіляў[45]. Найбольш распаўсюджаныя небяспечныя забруджвальнікі — азон, хром-VI, дыяксід азоту і вуглевадароды C12-C19[45]. Рэспубліканскі цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя кантралюе сярэднесутачныя канцэнтрацыі цвёрдых часціц РМ-10, дыяксыду азоту, узровень фармальдэгіду, дыяксыду вугляроду, дозы гама-выпраменьвання[46] Часам у Мінску назіраецца перавышэнне дазволенага ўзроўню фармальдэгіду і аміаку ў паветры[45]. У 2008 годзе былі агучаны планы вынясення МАЗ і МТЗ за гарадскую мяжу[44].
Архітэктура і славутасці
У Мінску створана 5 ахоўных зон:
- Траецкае прадмесце,
- Ракаўскае прадмесце,
- Верхні горад,
- Новае месца,
- ахоўныя аб'екты даваеннай забудовы.
Каля былога Мінскага замчышча сфарміравалася ахоўная зона гісторыка-культурнай спадчыны.
Захаваліся помнікі архітэктуры:
- Мінская Марыі-Магдалінская царква,
- Мінская Аляксандра-Неўская царква,
- Мінскі Свята-Духаўскі кафедральны сабор,
- Мінскі Петра-Паўлаўскі сабор,
- Мінскі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар езуітаў,
- Мінскі касцёл святога Іосіфа і манастыр бернардынцаў,
- Мінскі касцёл Сімяона і Алены (Чырвоны касцёл),
- Мінскі Крыжаўзвядзенскі касцёл (Кальварыйскі касцёл) і брама (1839—1841),
- Мінскі касцёл Найсвяцейшай Троіцы (Траецкі залатагорскі касцёл святога Роха),
- Мінскі Пішчалаўскі замак,
- Мінскія гандлёвыя рады,
- гасціны двор (18—20 ст.),
- будынкі мужчынскага духоўнага вучылішча (2-я пал. 18 ст.),
- ваенны шпіталь (1830-я),
- будынак Мінскай жаночай гімназіі,
- духоўнай кансісторыі (19 ст.),
- жаночай Марыійскай гімназіі (1879),
- адміністрацыйны будынак (1852),
- будынак гарадскога тэатра (1890),
- Мінская гарадская сядзіба (Белая дача),
- Мінскія сядзібы Ваньковічаў,
- Сінагога Зальцмана
- шэраг будынкаў—помнікаў жылой, грамадскай, культавай і прамысловай архітэктуры 19 — пач. 20 ст.
Страчаная спадчына
- Сакральныя збудаванні:
- Грэка-каталіцкія (уніяцкія): царква Святога Духа (XVII ст.), царква Уваскрэшання Хрыстова (XVІII ст.)
-
- Магаметанскія: мячэць (1905)
- Праваслаўныя: капліца Святога Аляксандра Неўскага (1869), манастыр Праабражэння Гасподняга (1618), царква Маці Божай Казанскай (1912—1914), царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Архірэйскім падвор'і (1885)
- Пратэстанцкія: Лютэранская кірха (1846), царква Святога Мікалая на Нямецкіх могілках (XIX ст.)
- Рымска-каталіцкія: калегіум езуітаў (XVII—XVІII стст.), касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (вядомы таксама як Фарны касцёл[47], 1390, 1720), касцёл Святога Антонія і кляштар францысканцаў (XVII—XVIII стст.), касцёл Святой Веранікі і кляштар рохітаў (XVIII ст.), касцёл Святога Войцеха і кляштар бенедыкцінак (1640), касцёл Святой Марыі Магдалены і кляштар кармелітаў (1763), касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бенедыкцінаў (XVIII—XIX стст.), касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканцаў (1605—1640), касцёл Святога Яна і кляштар баніфратаў (1709), кляштар марыявітак, Юбілейная капліца (1826)
- Іўдзейскія: Халодная сінагога (1590)
- Мінскае капішча
- Мінскі замак (XI—XVIII стст.)
- Гарадскі тэатр (XVIII ст.)
- Нізкі Рынак
- Няміга (XVII—XIX стст.)
- Палацы, сядзібы: гарадская сядзіба Сапегаў (XVII ст.), палац Чапскага (1894)
- Плябанскія млыны
- Польскі банк (1910-я)
- Цёмныя Крамы (XVII—XVIII стст.)
Гісторыя архітэктурна-горадабудаўнічага аблічча
| Гэты раздзел не завершаны. Вы дапаможаце праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |
Сады і паркі
У Мінску налічваецца 26 паркаў, 159 сквераў і 26 бульвараў агульнай плошчай больш 2 тыс.га. Шматлікія паркі пабудаваны яшчэ ў 80-я гады XX-га стагоддзі і на сапраўдны момант маюць патрэбу ў рэканструкцыі. Акрамя таго, тэмпы будаўніцтва новых аб'ектаў зялёнай гаспадаркі адстаюць ад тэмпаў узвядзення жылля. Таму ў 2011—2015 гадах у Мінску будзе рэалізавана праграма будаўніцтва і рэканструкцыі паркаў, сквераў і бульвараў[48].
Вакол Мінска і ў гарадскіх межах створаныя зоны адпачынку мясцовага значэння:
- Мінскае мора,
- Пціч,
- Стайкі,
- Раўбічы,
- Вяча і інш.
Побач з горадам размешчаны курорт рэспубліканскага значэння «Ждановічы». У прыгараднай зоне адпачынку находзяцца спартыўна-аздараўленчыя комплексы «Стайкі» і «Раўбічы».
Музеі
| Гэты раздзел не завершаны. Вы дапаможаце праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |
У Мінску размешчана больш 20 музеяў (з улікам ведамасных — 150). У іх прадстаўлены як сталыя экспазіцыі, так і перыядычна дзеючыя выстаўкі.
Кінатэатры
На снежань 2010 года ў Мінску працавалі наступныя кінатэатры[49]:
- Аўрора
- Аўтакінатэатр
- Беларусь
- Бярэсце
- Дом Кіно
- Дружба
- Кіеў
- Камсамолец
- Мір
- Масква
- Кастрычнік
- Піянер
- Перамога
- Ракета
- Салют (быў на рамонце да 1 студзеня 2011 года, як і «Цэнтральны»[50])
- Цэнтр-відэа
- Цэнтральны
- Электрон
У канцы 2010 года адкрыўся першы недзяржаўны 3D кінатэатр горада, першы прэміум-класа[51]
Помнікі
- На плошчы Перамогі ўстаноўлены манумент Перамогі,
- на праспекце Пераможцаў — архітэктурна-скульптурны комплекс «Мінск — горад-герой»,
- на востраве мужнасці і смутку на р. Свіслач — мемарыяльная капліца-помнік «Сынам айчыны, якія загінулі за яе межамі» і інш.
- Я. Купале, Я. Коласу, М. Багдановічу, А. Міцкевічу, Я. Драздовічу, М. Горкаму, Ф. Дзяржынскаму, У. Леніну, Т. Шаўчэнку, А. Пушкіну, С. Грыцаўцу, К. Цыялоўскаму, М. Казею;
- на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка БДУ помнікі Е. Полацкай, К. Тураўскаму, Ф. Скарыне, М. Гусоўскаму, С. Буднаму, В. Цяпінскаму.
Фантаны
Міжнародныя адносіны
Прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый[52]
- Сусветны Банк
- Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцці
- Выканаўчы Камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў
- Офіс АБСЕ (зачынены ў 2011 годзе[53])
- Міжнародная арганізацыя па міграцыі
- Міжнародная федэрацыя таварыства Чырвонага Крыжа
- Міжнародная фінансавая карпарацыя
- Міжнародны валютны фонд
- Міжнародны навукова-тэхнічны цэнтр
- Прадстаўніцтва Еўракамісіі
- Прадстаўніцтва ААН/ПРААН
- Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ)
- Штаб кватэра Садружнасці Незалежных Дзяржаў
- Эканамічны Суд Садружнасці Незалежных Дзяржаў
Гл. таксама Спіс дыпламатычных місій у Беларусі
Гарады-пабрацімы
У Мінска ёсць некалькі гарадоў-пабрацімаў[54][55][56]:
Нотынгем, Вялікабрытанія (з 1957 года)
Сэндай, Японія (з 1973 года)
Бангалор, Індыя (з 1973 года)
Ліён, Францыя (з 1976 года)
Белу-Арызонці, Бразілія (з 1987 года)
Чанчунь, Кітай (з 1992 года)
Лодзь, Польшча (з 1992 года)
Бон, Германія (з 1993 года)
Эйндховен, Нідэрланды (з 1994 года)
Кіеў, Украіна (з 1997 года)
Душанбэ, Таджыкістан (21 ліпеня 1998 года)
Кішынёў, Малдавія (з 2000 года)
Гавана, Куба (з 2005 года)
Тэгеран, Іран (з 2006 года)
Абу-Дабі, ААЭ (з 2007 года)
Анкара, Турцыя (з 2007 года)
Ціраспаль, Прыднястроўе
Дэтройт, ЗША
Гарады-партнёры[57]:
Алма-Ата, Казахстан (з 1994 года)
Санкт-Пецярбург, Расія (з 2000 года)
Бішкек, Кіргізія (з 2008 года)
Хашымін, В'етнам (з 2008 года)
Ханой, В'етнам (з 2008 год)
Вядомыя асобы
- Міхась Багун
- Фелікс Баторын
- Кацярына Дзегалевіч
- Анатоль Куляшоў (нар. 1959) — міністр унутраных спраў Беларусі.
- Аляксандра і Раман Зарэцкія — ізраільскія фігурысты.
Гл. таксама
- Служба Хуткай Медыцынскай Дапамогі, Мінск
- Плошча Парыжскай камуны
- Дзяўчынка з парасонам
- Асвета
- 11-я гарадская клінічная бальніца
Зноскі
- ↑ Адзіны рэестр адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь (дадзенае значэнне, пачынаючы з 2008 г., з'яўляецца актуальным)
- ↑ В Минске проживают 1 млн 906 тыс. человек
- ↑ 69 гадоў таму Менск стаў Мінскам, (бел.)
- ↑ Крамко І. І. Штыхаў Г. В. Калі Менск стаў Мінскам // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 36
- ↑ Численность населения Минска превысила 1,9 млн. человек
- ↑ К ВОПРОСУ О ВЫДЕЛЕНИИ ГРАНИЦ МИНСКОЙ АГЛОМЕРАЦИИ Озем Г.З., Запрудский И.И.
- ↑ Мікалай Ладуцькастаў мэрам Мінска без усякіх в.а. , naviny.by (2010-06-25).
- ↑ 8,0 8,1 8,2 Лемцюгова. Тапонімы распавядаюць. Мн., 2008.
- ↑ У. В. Анічэнка. Украінізмы // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т.5. С.351.
- ↑ Тэкст Магдэбургскага права
- ↑ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 19, poz. 174
- ↑ Дэмаскоп Weekly — Дадатак. Даведнік статыстычных паказчыкаў
- ↑ http://belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/vihod_tables/5.8-5.pdf
- ↑ Часопіс «Пра нерухомасць» № 7 ад 5 красавіка 2010 г.
- ↑ У Мінску пабудуюць два прыбытковых дома
- ↑ Каго выкінуць з «чаргі» на жыллё і што будзе з льготнымі крэдытамі
- ↑ Чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жылля, за год вырасла больш за на 62 тысячы сем'яў
- ↑ Будаўніцтва жылля для чаргоўнікаў у Мінску падаражэе не больш чым на 12 %
- ↑ Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт: Рашэнне ад 23 верасня 2010 года № 2214
- ↑ У Мінску пачалі скупляць кватэры коштам ды мільёна долараў і даражэй
- ↑ Топ-10 самых дарагіх кватэр Мінска
- ↑ Лукашэнка: «Не трэба збіраць у Мінску ўсё насельніцтва Беларусі»
- ↑ 23,0 23,1 У Мінску сярэдні дапаможнік па беспрацоўі складае каля 22 долараў , telegraf.by (2011-02-28).
- ↑ 24,0 24,1 24,2 24,3 Колькі рэальна беспрацоўных у Мінску? , Беларускія навіны (2011-02-23).
- ↑ Бюджэт пражытковага мінімуму павялічылі амаль на 5% , Беларускія навіны (2011-02-03).
- ↑ 26,0 26,1 Лукашэнка запатрабаваў паменшыць дапамогу па беспрацоўі , telegraf.by (2010-09-16).
- ↑ Каля чвэрці мінскіх школьнікаў маюць залішнюю масу цела
- ↑ Чацвёртую частку паступленняў у бюджэт Мінска забяспечылі 5 платнікаў , afn.by (2011-02-23).
- ↑ 29,0 29,1 Топ-10 найбуйнейшых падаткаплатнікаў Мінска , Беларуская дзелавая газета (2011-04-22).
- ↑ 30,0 30,1 Больш 55% паступленняў у бюджэт Мінска за першы квартал забяспечана платнікамі недзяржаўнага сектара эканомікі , БелаПАН (2011-04-22).
- ↑ Мінск - асноўны плацельшчык ПДВ , Беларуская дзелавая газета (2010-01-26).
- ↑ Чвэрць падатковых паступленняў у бюджэт Мінска прыйшло ад малога бізнесу , Беларускія навіны (2011-02-04).
- ↑ У Мінску 15 гасцініц прывядуць у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі
- ↑ У Мінску 15 гасцініц прывядуць у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі
- ↑ Начныя клубы і дыскатэкі Мінска
- ↑ В минувшем году минчане и гости столицы личным авто и такси чаще предпочитали общественный транспорт, Минский курьер (2 марта 2010)
- ↑ Аэрапорты Мінска
- ↑ Спіс дзяржаўных вну
- ↑ Спіс прыватных вну
- ↑ Спіс дзяржаўных ССНУ Мінска
- ↑ Футбольны манеж
- ↑ Помнік Максіму Багдановічу ідэальны для катання на скейце
- ↑ За 2010 год забруджванне паветра ў Беларусі зменшылася на 17,5 %
- ↑ 44,0 44,1 Заводы МАЗ і МТЗ вынесуць за рысу гораду
- ↑ Анастасия Янушевская. Данные мониторинга свидетельствуют об ухудшении состояния атмосферного воздуха в Минске за последнюю неделю // «БелаПАН», 4 красавіка 2009.
- ↑ Аляксей Ярмоленка. Мінская Фара // «Наша Вера», № 2 (44), 2008.
- ↑ Паркі Мінска з 12 верасня пераходзяць на восеньскі рэжым працы
- ↑ Кінатэатры сталіцы
- ↑ Сталічныя кінатэатры «Салют» і «Цэнтральны» адкрыюцца 1 студзеня
- ↑ У Мінску адкрыўся першы недзяржаўны 3D кінатэатр прэміум-класа
- ↑ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы замежных дзяржаў у Рэспубліцы Беларусь
- ↑ ПРАВА.RU — У Мінску зачынены офіс АБСЕ
- ↑ Гарады, пародненыя з г. Мінскам
- ↑ Ёсць нагода: Сусветны дзень гарадоў-пабрацімаў
- ↑ Пекін стане пабрацімам Мінска
- ↑ Гарады, з якімі ў г. Мінска падпісаны дагаворы пра супрацоўніцтва
Літаратура
- Минск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
Спасылкі
- Ратуша ў Mінску
- Царква Свв. апп. Пятра і Паўла ў Мінску
- Царква Святога Духа і былы кляштар бернардзінак ў Мінску
- Касцёл Імя Дзевы Марыі Мінск
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Горад Мінск- www.minsk.gov.by
- Старонка пра стары і новы Мінск (руск.)
- Здымкі на Radzima.org
- МЕНСК.BY
| Жылыя раёны Мінска | |
|---|---|
| Мінск | |
| Мікрараёны |
Азярышча • Акадэмгарадок • Ангарская • Аэрадромная • Баравая • Брылевічы • Вялікі Лес • Вясёлкавы • Вяснянка • Грушаўка • Дамброўка • Дражня • Дразды • Дружба • Захад • Зялёны Луг • Калядзічы • Каменная Горка • Кунцаўшчына • Курасоўшчына • Лошыца • Малінаўка • Малы Трасцянец • Масюкоўшчына • Міхалова • Навінкі • Паўднёвы Захад • Паўночны пасёлак • Пятроўшчына • Ржавец • Серабранка • Сокал • Сосны • Сцяпянка • Сухарава • Уручча • Усход • Усходні • Хмарынскія Пасекі • Цна • Цнянка • Чыжоўка • Чырвоны Бор • Шабаны |
| Глядзіце таксама | Праспекты Мінска • Адміністрацыйны падзел Мінска • Гістарычныя раёны Мінска • Вуліцы Мінска |
