Горад Паставы
| Горад
Паставы
Касцёл Св. Антонія Падуанскага
|
Паста́вы — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Пастаўскага раёна, на р. Мядзелка. У 250 км да захаду ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва). Вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзель, к.п. Нарач і інш. Насельніцтва 19,8 тыс. чалавек (2009).
|
[правіць] Гісторыя
Вядомы з 1409 як паселішча Пасаднік, пазней назва была замененая на сучасную, а паселішча атрымала статус мястэчка. У 1522 вядомы як прыватнае мястэчка Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ. Належалі магнатам Дэспатам-Зяновічам. У 1522 пабудаваны драўляны касцёл Божай Маці (перабудаваны ў 1760, не збярогся). У часы Лівонскай вайны (1558—1583) кароль і вял.кн. Стэфан Баторый адпраўляў адсюль плыты з артылерыяй да Полацка. Паводле інвентара 1628 цэнтрам Паставаў была гандлёвая плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). На вуліцах-дарогах, што вялі на Мядзел, Глыбокае і Друю, было 26 двароў. За ракой Мядзелка размяшчалася прадмесце Зарэчча, якое мела 17 двароў. Былі таксама 2 пасады па 8 і 9 двароў. Усяго ў Паставах было 66 двароў. За межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не зберагліся). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у Паставах застался 5 двароў. У 1692—142 двары, 994 жыхары. У 2-й палове 18 ст. Паставы перайшлі да Тызенгаўзаў. Па ініцыятыве Антонія Тызенгаўза ў 2-й пал. 18 ст. у Паставах пабудаваныя фабрыкі (папяровая — заснавана ў 1728, палатняная, паясоў), некалькі млыноў, гарбарня, архітэктурны комплекс з жылых дамоў, гандлёвых радоў і палаца. З Мядзела быў перавезены гродскі суд. У 1782—1785 у Паставах дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, перавезеная з Гродна. З 1791 горад, цэнтр Завілейскага павета. З 1793 у складзе Расіі, горад, да 1796 цэнтр павета, затым мястэчка, цэнтр воласці Дзісненскага павета. У 1814—1853 валоданне К. Тызенгаўза. У 1-й пал. 19 ст. заснаваны арніталагічны музей і мастацкая галерэя, дзейнічалі папяровая фабрыка, 2 млыны, сукнавальня, было 111 двароў. У 1880 маёнтак Паставы пераходзіць ва уласнасць графіні Пшадзецкай. З 1897 чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына—Пабраддзе. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр павета Віленскага ваяводства. У канцы 1920-х працавалі 2 лесапільныя заводы (належалі Пергаменту і Зінгеру) і цагельня (належала Райхелям), паравы млын, бровар, пякарня і інш. З 1939 у БССР, 3,4 тыс. жыхароў. З 1940 цэнтр раёна Вілейскай вобласці. З 1944 — у складзе Маладзечанскай вобласці. У 1970 — 15,1 тыс. жыхароў. У 2001 — 21,1 тыс. жыхароў.
[правіць] Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай (кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод), лёгкай (прадпрыемства «Беліт», ільнозавод), дрэваапрацоўчай прамысловасці («Паставы-мэбля»), тыпаграфія, лясгас. Гасцініца. Дом паляўнічага.
[правіць] Культура
Пастаўскі краязнаўчы музей. У горадзе праводзіцца фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».
[правіць] Выдатныя мясціны
- Пастаўскі вадзяны млын
- Пастаўскія гандлёвыя рады
- Пастаўскі архітэктурны ансамбль забудовы
- Пастаўскі касцёл святога Антонія Падуанскага
- Пастаўскі палацава-паркавы комплекс
- Пастаўская Свята-Мікольская царква