Готарпскае пытанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Готарпскае пытанне — пытанне аб прыналежнасці Даніі часткі Шлезвіг-Гольштэйна.

Пытанне бярэ пачатак у 1544 годзе, калі Шлезвіг-Гольштэйн быў падзелены на 3 часткі:

  • Сёдэрбаргскую, якая адышла да Даніі;
  • Готарпскую, якая кіравалася герцагамі з дынастыі Гольштэйн-Готарпаў (Готарпамі);
  • Хадэрслеўскую.

Канфлікт паміж Даніяй і Готарпамі з-за так званай «готарпскай спадчыны» пачаўся пасля падзелу паміж імі ў 1581 годзе Хадэрслеўскай часткі. Барацьба асабліва абвастралася ва 2-й палове XVII стагоддзя і падчас Паўночнай вайны 1700—21 гадоў. У барацьбе з Даніяй готарпскія герцагі абапіраліся на падтрымку Свяшчэннай Рымскай імперыі, падданымі якой з'яўляліся.

Пасля таго, як гольштэйн-готарпскі герцаг Карл Петэр Ульрых стаў у 1761 годзе расійскім імператарам Пятром III, сітуацыя для Даніі стала пагрозлівай. Аднак імператрыца Кацярына II у 1767 годзе заключыла з Даніяй дагавор аб саюзе, пацверджаны трактатам 1773 года (так званы Царскасельскі трактат), які цалкам урэгуляваў «готарпскае пытанне».

Паводле заключанага трактата, спадчыннік расійскага прастола Павел (I), які быў адначасова гольштэйн-готарпскім герцагам, адмаўляўся на карысць Даніі ад готарпскай спадчыны ў абмен на графствы Ольдэнбург і Дэльменгорст у Паўночнай Германіі, кіраўніком якіх стаў Фрыдрых Аўгуст I Ольдэнбургскі. У выніку такога рашэння ўвесь Шлезвіг-Гольштэйн увайшоў у склад Даніі.

Размен паміж Готарпскім домам і Даніяй па Царскасельскім трактаце 1773 года стаў адным з буйных абменаў тэрыторыямі ў Еўропе ў XVIII стагоддзі.