Грамадская думка

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Грамадская думка — сукупнасць адносін розных сацыяльных груп і слаёў насельніцтва да праблем, працэсаў і фактаў сацыяльна-палітычнай і сацыяльна-культурнай рэчаіснасці.

Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сацыяльных груп і супольнасцей, а таксама сацыяльных інстытутаў у грамадстве, выпрацоўваючы пэўныя нормы грамадскіх адносін са сферы культуры, навукі, рэлігіі і пашыраючы іх сярод насельніцтва. У залежнасці ад зместу выказванняў (ацэначных, аналітычных і канструктыўных), ацэнкі (станоўчай ці адмоўнай) можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай ці рэгулятыўнай функцыях. Грамадская думка здаецца дынамічнай, зменлівай, аднак у кожным асобным выглядзе яна з'яўляецца больш або менш тоесным выяўленнем народнага характару. Яна дзейнічае і ў межах грамадства ў цэлым, і ў розных сацыяльных групах ці супольнасцях. У гэтым сэнсе можна гаварыць пра грамадскую думку пэўнай краіны, нацыі або асоб адной прафесіі, канфесіі, субкультурнай групоўкі ці пэўнага горада, вёскі, раёна, вобласці. Таму носьбітам грамадскай думкі можа выступаць і грамадства ў цэлым, і сацыяльныя групы ў яго складзе (напрыклад, жанчын, мужчын, моладзі, гараджан, сялян, прадпрымальнікаў, рабочых, інтэлігентаў, вернікаў і інш.). Яна можа быць аднадушная або плюралістычная. У дэмакратычным грамадстве найбольш актыўна дзеючымі каналамі яе фармавання і функцыянавання з'яўляюцца рэферэндумы, выбары органаў улады, сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навуковая распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася з 2-й паловы 19 ст. ў працах французскага сацыёлага Г.Тарда, а ў 20 ст. - амерыканскіх сацыёлагаў і палітыкаў інстытута Дж.Гэлапа А.Хоўэла, У.Ліпмана і інш.

У Беларусі тэндэнцыю развіцця грамадскай думкі даследуюць інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, недзяржаўная арганізацыя «Грамадская думка» і іншыя сацыялагічныя даследчыя групы. Актуальнасць і важнасць вывучэння грамадскай думкі абумоўлены тым, што менавіта такім чынам можна даведацца пра інтарэсы, спадзяванні, чаканні, патрэбы розных сацыяльных груп, супольнасцей, насельніцтва краіны ў цэлым.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7