Груман

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

«Гру́ман» (англ.: Grumman) — колішняя авіякасмічная кампанія ў ЗША. Заснаваная пад назвай «Груман-Эркрафт-Інджынірынг-Карпарэйшан» (англ.: Grumman Aircraft Engineering Corporation) кіраўніцтвам Л. Грумана і В. Швендлера 2 студзеня 1930[1] у Болдвіне, штат Нью-Ёрк. Купленая кампаніяй «Нортрап» у 1994.

У 1930-я гады кампанія пусціла ў серыйную вытворчасць рад мадэляў знішчальнікаў і гідрасамалётаў (FF-1/JF-1, JF-2, F2F, F3F, G-21 «Гуз»). Сталыя ваенныя заказы дазволілі кампаніі не скарачаць вытворчасці нават у часы гаспадарчага спаду 1930-х гадоў — у 1937 кампанія пераехала ў г. Бетпейдж і збудавала новы завод. Увосень 1941 кампанія мела 6,5 тыс. работнікаў.

У гады 2-й сусв. вайны прадукцыя кампаніі стала адной з асноваў марской авіяцыі ЗША (знішчальнікі F4F «Вайлдкет», F6F «Хелкет», тарпеданосец TBF «Эвенджар»), і вытворчыя магутнасці кампаніі былі аднымі з найбольшых у ЗША (25,5 тыс. работнікаў у верасні 1943, вытв. плошчы 246,2 тыс. кв.м).

Прадукцыя кампаніі захавала ключавую пазіцыю ў марской авіяцыі ЗША і пасля вайны, нягледзячы на пасляваенныя скарачэнні вытворчасці[2] (F9F «Пантар», S2F «Трэкер»). Часова прайграўшы барацьбу за пазіцыю галоўнага знішчальніка марской авіяцыі «Макдонелу» з яго «Фантомам», кампанія ў канцы 1950-х адкрыла лінію самалётаў радыёэлектроннай разведкі (WF-2 «Трэйсер», E-2 «Хокай»), пачала выпуск даўгавечнага штурмавіка А-6 «Інтрудар». Дыверсіфікацыя вытворчасці сяр. 1950-х дала такія прадукты як сельскагаспадарчы самалёт «Аг-Кет», серыю малых пасажырскіх самалётаў «Галфстрым», рад мадэляў караблёў і аўтатамабіляў.

Вельмі значным рынкам для кампаніі з канца 1950-х стала касмічная вытворчасць. У 1960-я кампанія выпускала серыю касмічных тэлескопаў ААА (англ.: OAO) і месяцавыя модулі апаратаў «Апалон».

У сяр. 1960-х гадоў кампанія наймала 37 тыс. работнікаў. У 1970-х гадах кампанія вярнула сабе ролю пастаўшчыка асноўнага знішчальніка марской авіяцыі (F-14 «Томкет»). У 1980-х кампанія адчула фінансавыя цяжкасці, а канец халоднай вайны і скарачэнне ваенных заказаў канчаткова падарвалі эканамічнае становішча кампаніі. У 1994 годзе кампанія была цалкам купленая «Нортрапам».

Першы серыйны прадукт: самалёт FF-1. Вядомыя і шырокаўжываныя прадукты: самалёты FF-1, JF-1, JF-2, F2F, F3F, G-21, F4F, F6F, TBF, F9F, S2F/WF-2, E-2, A-6/EA-6, F-14; КА OAO, Апалон (месяцавы модуль).

Зноскі

  1. Дата адкрыцця вытворчасці, фармальная арганізацыя адбылася 5 снежня 1929.
  2. Каля 3 тыс. работнікаў у першыя пасляваенныя гады.