Грэта Гарба

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Грэта Гарба

Грэта ГАРБА, нар. Грэта Луіса Густаўсан (18 верасня 1905, Стакгольм15 красавіка 1990, Нью-Ёрк) – шведская і амерыканская кінаактрыса.

Грэта Луіса Густаўсан нарадзілася ў беднай сям’і. Калі Грэце было 14, яе бацька загінуў, і дзяўчына мусіла пакінуць школу і пайсці на працу ў стакгольмскі універмаг "Пуб". Там заўважылі яе яркую знешнасць і запрасілі зняцца ў якасці мадэлі для каталога "Тавары поштай", а потым і для трох рэкламных стужак. Якраз тады ў Грэце прачнулася цікавасць да тэатра. У 1922 годзе яна атрымала стыпендыю на навучанне ў Школе драматычнага майстэрства першай сцэны краіны, Каралеўскага драматычнага тэатра, які часцей за ўсё завецца папросту "Драматэн".

Менавіта там, у "Драматэне", Грэту ўбачыў легендарны шведскі рэжысёр Морыц Стылер, які даў ёй першую вялікую ролю ў сваёй стужцы "Сага пра Ёсту Берлінга". Аднак перад здымкамі фільма ён выставіў пульхнаватай Грэце адно патрабаванне скінуць вагу. Грэта схуднела і ўзяла з такой нагоды новае прозвішча — Гарба, што з італьянскай мовы перакладаецца прыкладна як "грацыёзны рух". "Сага пра Ёсту Берлінга" стала пачаткам зорнай кар’еры шведскай актрысы.

На пачатку 1920-х гадоў Грэта Гарба перабралася ў Галівуд. Яе дэбют адбыўся ў 1926, у меладраме "Паток", але сапраўдны прарыў здарыўся пасля стужкі "Плоць і д’ябал". На здымках гэтай стужкі у Грэты Гарба пачаўся раман з Джонам Гілбертам. У 1927-м яны разам зняліся ў стужцы "Каханне". Аднак, у тым самым годзе Грэта пакінула Джона Гілберта чакаць яе пры алтары: шлюб скончыўся, так і не паспеўшы пачацца. Магчыма, менавіта ў часе гэтага раману, які прыцягваў шмат увагі публікі, у Гарба ўзнік недавер да Галівуду і друку. Яна не давала інтэрв’ю, не прысутнічала на сваіх прэм'ерах.

Першая гукавая стужка Грэты Гарба "Ана Крысці", знятая паводле п'есы Юджына О'Ніла, была спецыяльна выбраная для яе. Галоўная гераіня Ана Крысці, сялянская дзяўчына, размаўляла са шведскім акцэнтам. Фільм пабіў рэкорды касавых збораў, крытыкі ўсхвалялі ігру і голас Грэты Гарба.

За 20 год Грэта паспела сыграць 27 роляў, сярод якіх — Мата Хары, каралева Хрысціна, Анна Карэніна, камуністка Ніначка. У 1941 годзе, на самай вяршыні славы, трыццацішасцігадовая зорка раптоўна і без тлумачэнняў пакінула Галівуд. Яна пасялілася ў Нью-Ёрку, вяла там сціплае жыццё і хавалася ад публікі.

У 1990 годзе, у Нью-Ёрку, вялікая актрыса памерла. Праз 9 гадоў парэшткі Грэты Гарба былі перавезеныя ў Швецыю і пахаваныя на могілках Скугсшуркугордэн у Стакгольме.

Commons

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах