Гуанахатабеі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гуанахатабеі
Кубінскія індзейцы, мал. 1558 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Куба
Мова гуанахатабейскія мовы
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы сібанеі Гаіці

Гуанахатабе́і (ісп.: Guanajatabey) — карэннае насельніцтва заходняй часткі Кубы да іспанскага заваявання (пачатак XVI ст.).

Назва гуанахатабеяў трапіла ў іспанскую мову ад аравакскіх насельнікаў Кубы, аднак не мае яснага тлумачэння. У канцы XV ст., калі Кубу наведаў Х. Калумб, ён заўважыў, што яго аравакскія індзейцы-перакладчыкі не разумеюць мову жыхароў заходняй часткі вострава.

Сучасныя вучоныя звычайна атаясняюць гуанахатабеяў з сібанейскім насельніцтвам Вялікіх Антыльскіх астравоў. Але, калі паходжанне сібанеяў Гаіці застаецца спрэчным, і іх апошнім часам адносяць да сваякоў таіна, то гуанахатабеяў Кубы археолагі лічаць прамымі нашчадкамі культуры казіміроідаў (названы па найменню мястэчка Казіміра на поўдні Дамініканы) — перасяленцаў з Цэнтральнай Амерыкі 4 - 1 тысячагоддзяў да н.э.

Даследчыкі вылучаюць 3 асноўныя хвалі міграцыі казіміроідаў:

  • Прадстаўнікі непасрэдна казіміроіднай культуры (на востраве Гаіці датуецца 36202165 гг. да н.э.)
  • Курыянцы (на востраве Гаіці датуецца 2630 г. да н.э. - 240 г. н.э.)
  • Культура Рэдонда (на Кубе датуецца 2050 г. да н.э. - 1300 г. н.э.)

Хутчэй за ўсё, гуанахатабеі былі нашчадкамі культуры Рэдонда або ўсіх трох культур. Яны займаліся збіральніцтвам, рыбалоўствам і паляваннем. Кераміку не выраблялі, не ведалі апрацоўку металаў. Земляробства з’явілася адносна позна і важнай ролі ў гаспадарцы не мела.

У XVI ст. гуанахатабеі былі знішчаны іспанцамі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]