Гуарані (група народаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Гуарані, група народаў)
Гуарані
(avá, guaraní)
Агульная колькасць 7 213 000 (2021)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Амерыка
Мова гуарані
Рэлігія політэізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тупі, гуараю, кавахіва, ваямпі

Гуарані́, або ўарані́ (саманазва: avá, guaraní) — група народаў у Паўднёвай Амерыцы. Размаўляюць на мовах гуарані моўнай галіны тупі-гуарані індзейскага паходжання. У нашы дні прадстаўлены як дробнымі індзейскімі супольнасцямі, так і метысамі. Найбольшая колькасць тых, хто размаўляе на гуарані, жыве ў Парагваі. Агульная колькасць (2021 г.) — 7 213 000 чалавек[1][2][3][4][5].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна найбольш распаўсюджанай версіі, індзейцы тупі і гуарані паходзяць з рэгіёна Амазоніі, адкуль у старажытнасці перасяліліся на поўдзень[6]. Да моманту прыходу еўрапейцаў у Паўднёвую Амерыку розныя групы гуарані займалі тэрыторыі паміж ракой Паранай і атлантычным узбярэжжам на поўдні і да паўднёвых прытокаў Амазонкі на паўночным захадзе. Прыкладныя падлікі паказваюць, што агульная іх колькасць магла дасягаць 400 тысяч чалавек. Паўднёвыя групы знаходзіліся ў варожых адносінах з суседзямі, асабліва з гуайкуру. Паўночна-заходнія вялі несупынныя войны з інкамі і аравакамі.

У 1537 г. іспанскія канкістадоры заснавалі ў месцы, населеным гуарані, крэпасць Асунсьён. Губернатары Новай Андалусіі клапаціліся пра захаванне мірных адносін з тубыльцамі і заахвочвалі супольныя шлюбы. У той жа час іспанскія землеўласнікі эксплуатавалі індзейскую працоўную сілу, у тым ліку з дапамогай прымусу. Гуарані цярпелі на хваробы, завезеныя еўрапейцамі.

Важную ролю ў лёсе паўднёвых гуарані адыгралі езуіцкія місіі, што пачалі засноўвацца з канца XVI ст. Каля місій ствараліся сталыя паселішчы, жыхары якіх захоўвалі самакіраванне пад кантролем місіянераў, прымалі хрысціянства, асвойвалі новыя віды земляробства і жывёлагадоўлі, мелі магчымасць навучацца ў школах. У XVII ст. для абароны ад партугальскіх бандэйрантаў пры місіях былі арганізаваны ўзброеныя сілы гуарані. У 17541756 гг. спроба іспанскіх улад перадаць землі 7 місій у склад партугальскіх калоній прывяла да ваеннага супраціўлення іх насельнікаў на чале з правадыром Сэпэ Тыраю. Хаця так званая «вайна гуарані» скончылася паразай паўстанцаў, Іспанія была вымушана адмовіцца ад дагавора з Партугаліяй. Аднак у 1767 г. па загаду Карла III місіі былі зачынены. Чырыгуана, групы гуарані, што жылі на паўночны захад ад Параны, даўжэй захоўвалі папярэдні лад жыцця. Яны былі хрысціянізаваны францысканцамі толькі ў XVIII — 19 стагоддзе стст. У 1574 г., 1584 г., 1727 г., 1750 г., 17931799 гг. чырыгуана паспяхова стрымлівалі спробы іспанскіх салдат і жывёлагадоўцаў падпарадкаваць іх.

Пасля набыцця лацінаамерыканскімі краінамі незалежнасці большасць гуарані першапачаткова апынулася ў межах Парагвая і Балівіі. У Парагваі метысы, якія размаўлялі на мове гуарані, а потым і індзейцы атрымалі грамадзянскія правы і права карыстання дзяржаўнай землёй (у другой палове XX ст. яна была перададзена ім у прыватную маёмасць). Гэта садзейнічала іх інтэграцыі ў цывільнае грамадства. У Балівіі гуарані імкнуліся захоўваць незалежнасць ад урада, рабілі напады на паселішчы балівійцаў-жывёлагадоўцаў. У вайне 18741877 гг. і падчас паўстання 1892 г. чырыгуана пацярпелі паражэнні і страцілі большую частку сваіх зямель. Рух за грамадзянскія правы гуарані ўзнік у Балівіі толькі ў 1930-я гг. Спробу арганізацыі паўстання сялян-гуарані ў 1967 г. прадпрыняў Чэ Гевара. Складанае сацыяльнае становішча і парушэнне грамадзянскіх правоў гуарані фіксуюцца ў Балівіі і ў нашы дні.

У 1870 г. Парагвай пацярпеў паражэнне ў вайне і страціў частку сваіх тэрыторый, населеных гуарані, на карысць Бразіліі і Аргенціны. Масавае перасяленне гуарані ў Аргенціну таксама адбывалася падчас вайны ў Гран-Чака паміж Балівіяй і Парагваем у 19321935 гг. Гуарані Аргенціны засталіся без правоў на зямлю і былі вымушаны шукаць працу на сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемствах у якасці наёмных рабочых.

З 1882 г. бразільскія ўлады перадавалі землі далучаных тэрыторый прыватным кампаніям і перасяленцам з іншых частак краіны. У 1928 г. было канчаткова зацверджана права гуарані на 8 надзелаў агульнай плошчай усяго 18,1 га. Да 1988 г. іх плошча пашырылася да 22 400 га. Аднак вяртанне зямель карэнным насельнікам спарадзіла канфлікт з астатнімі землеўласнікамі. Часам ён суправаджаецца чалавечымі ахвярамі.

У другой палове XX ст. індзейцы-гуарані розных краін пачалі рабіць захады для каардынацыі культурнай і прававой дзейнасці. З 1991 г. адбываюцца супольныя сустрэчы і рады прадстаўнікоў індзейскіх абшчын.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Кераміка гуарані

Да кантактаў з еўрапейцамі гуарані складаліся з мноства вандроўных груп, якія займалі пэўную тэрыторыю 2 або 3 гады, а потым пакідалі яе на карысць іншай. Яны тлумачылі гэта пошукамі чароўнай краіны. Аднак у рэчаіснасці сталыя міграцыі тлумачацца асаблівасцямі іх ладу жыцця і гаспадаркі. Гуарані прытрымліваліся комплекснага забеспячэння. Значную ролю адыгрывалі паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Яны не мелі сезоннага характару і практыкаваліся на працягу года. Галоўнымі паляўнічымі прыладамі былі лук і стрэлы. Па сведчанню іспанцаў, гуарані валодалі імі па-майстэрску. Яны таксама займаліся ручным земляробствам. Найбольш важнымі культурамі з’яўляліся маніёк і кукуруза. Акрамя таго вырошчалі тытунь, бавоўнік, гарбузы і г. д. Мужчыны выпальвалі надзелы лесу або хмызняку, пасля чаго апрацоўвалі зямлю завостраным калом. Былі вядомы завостраныя лёзы з каменю, якія выкарыстоўвалі для рыхлення або збору ўраджая. Калі глеба траціла ўрадлівасць, надзелы пакідалі і шукалі новае месца пасялення. Характэрна, што большасць міграцый адбывалася ўздоўж рэк, дзе з-за сезонных паводак сустракаюцца найбольш урадлівыя глебы.

У дакалумбавы перыяд гуарані не здабывалі і не апрацоўвалі металы, хаця былі знаёмы з імі дзякуючы абмену з народамі Анд. Металічныя прылады сустракаліся рэдка, пераважна ў форме ўпрыгожванняў. Шырокае распаўсюджанне меў выраб керамікі. Вялізарныя керамічныя пасудзіны выкарыстоўвалі для захоўвання кукурузы, прыгатавання ежы, у якасці пахавальных урн. Гуарані займаліся пляценнем, апрацоўкай косці і скур.

Вёскі гуарані складаліся з 4 — 8 доўгіх драўляных хацін з саламянымі дахамі, разлічаных на некалькі сваяцкіх сем’яў. Часам у адной хаціне месцілася да 60 чалавек. Знутры рабілі лавы і падвешвалі гамакі для сну. На чале насельнікаў вялікай хаціны стаяў правадыр. Ён аддаваў загады сваякам, звычайна меў некалькі жонак. У вёсцы кіраваў супольны правадыр. Яго ўлада лічылася свяшчэннай, ён не апрацоўваў зямлю, а атрымоўваў паднашэнні аднавяскоўцаў. Але, як заўважалі іспанцы, спрэчкі паміж правадырамі стваралі пэўнае безуладдзе. Арганізацыяй рытуалаў і лекаваннем супляменнікаў займаўся шаман. Адлік сваяцтва вёўся па мужчынскай лініі. Мужчыны і жанчыны часам сыходзіліся да афіцыйнага шлюбу. Былі вядомы дзіцячыя шлюбы. Найчасцей мужчыны жаніліся на стрыечных сёстрах або пляменніцах. Палігінія разглядалася як прыкмета сацыяльнага прэстыжу. З пачаткам каланізацыі вялікія пашыраныя сем’і распадаліся на малыя нуклеарныя, замест доўгіх хацін з’явіліся невялікія, разлічаныя на адну сям’ю.

Супольная назва гуарані значыла воінаў[7]. Сапраўды, яны стала вялі войны супраць іншых індзейскіх народаў. Адной з прычын збліжэння паўднёвых груп з іспанцамі маглі быць паражэнні ад гуайкуру. Болей паспяховымі былі групы гуарані, што мігрыравалі ўздоўж ракі Пілкамаё і ў XVI ст. дасягнулі усходніх перадгор’яў Анд. Яны суседнічалі з дзяржавай інкаў і стваралі пагрозу для яе. Гарсіласа дэ ла Вега паведамляў, што двухгадовая вайна інкаў супраць гуарані скончылася беспаспяхова. У вачах інкаў іх ворагі выглядалі як чырыгуана (літаральна «дзікуны»)[8]:

…тубыльцы былі надзвычай грубымі, горшымі за дзікіх звяроў; што яны не мелі рэлігіі і нічога не шанавалі; што яны жывуць без закона і добрых звычаяў, але як жывёлы ў гарах, без гарадоў і дамоў, і што яны ядуць мяса.

Пасля заваявання дзяржавы інкаў іспанцы таксама сутыкнуліся з пагрозай з боку гуарані. У 1574 г. Франсіска дэ Таледа, віцэ-кароль Перу, арганізаваў ваенную экспедыцыю супраць чырыгуана, але быў імі разгромлены. У наступнае стагоддзе чырыгуана значна пашырылі свае тэрыторыі, заваявалі і падначалілі аравакаў Гран-Чака.

Конніца гуарані ў езуіцкай місіі

Нават у каланіяльны час асноўнай ваеннай зброяй гуарані былі лук і стрэлы. Гэтаму садзейнічаў недахоп агнястрэльнай зброі, які адчуваўся ва ўнутраных раёнах Паўднёвай Амерыкі. У 1640 г. езуіты дамагліся дазволу іспанскага караля для ўзбраення гуарані супраць бандэйрантаў і пачалі вытворчасць агнястрэльнай зброі ў місіях. Аднак ваенныя сілы езуіцкіх місій ніколі не былі добра ўзброены мушкетамі і гарматамі. У XVIII ст. сярод іх зброі былі гарматы з трыснёгу, прыстасаваныя для 1 або 2 стрэлаў, конніца місій карысталася лукамі. Тым не меней, ваенныя сілы місій дзейнічалі паспяхова супраць нерэгулярных войскаў. Хаця ваенныя кампаніі мелі абарончы характар і часам планаваліся езуітамі, на чале апалчэння гуарані стаялі іх традыцыйныя правадыры. Аб’яднанне ваенных сіл жыхароў розных вёсак і раёнаў для вайны з супольным ворагам было вядома і да кантактаў з еўрапейцамі. Аднак такія ваенныя кааліцыі не былі ўстойлівымі. Да прыняцця хрысціянства гуарані практыкавалі канібалізм у дачыненні да палонных, ператваралі захопленых жонак і дзяцей у канкубінаў і залежных рабоў.

Курупі

Старажытныя рэлігійныя вераванні абапіраліся на шанаванне шматлікіх багоў і духаў. Гуарані верылі, што сусвет і першыя людзі былі створаны богам Тупам, які, аднак, пазней амаль не ўплываў на паўседзённае жыццё. Большую ролю адыгрывалі міфы і абрады шанавання бога рэк Мбоі Туі, бога лясоў і ўрадлівасці Курупі, бога матэ Ясі Ятэрэ, замагільнага бога Луісона, начнога духа-гарэзы Памбера, духа-людажэра Ао-Ао і інш. Ім прыносіліся ахвяры, у тым ліку чалавечыя. Шанаваліся некаторыя прыродныя аб’екты, у прыватнасці вадаспады Ігуасу. Арганізацыяй абрадаў займаліся шаманы. Імі маглі быць мужчыны і жанчыны, часам разнаполая пара. Іх майстэрства перадавалася па спадчыне. Шаманы маглі карыстацца паміж сабою патаемнай мовай. Памерлых хавалі ў керамічных урнах. Іспанцы таксама паведамлялі пра звычай паядання нябожчыкаў сярод чырыгуана.

Гуарані знакаміты прыкладным мастацтвам — керамічнай і драўлянай скульптурай, узорыстымі плеценымі вырабамі.

Фальклор захаваўся дзякуючы шматлікім запісам, што рабіліся з XVI ст., а таксама жывой традыцыі як індзейцаў, так і метысаў. Ён адлюстроўвае шматлікія міфалагічныя вобразы, казкі і легенды. Да кантактаў з еўрапейцамі ў якасці музычных інструментаў выкарыстоўваліся барабаны, бразготкі, рытмічныя палачкі. Дзякуючы дзейнасці езуітаў гуарані пазнаёміліся з царкоўнай традыцыяй музыкі барока. Пры місіях дзейнічалі хоры. Класічная харавая традыцыя папулярна і ў нашы дні.

Сучасныя групы гуарані[правіць | правіць зыходнік]

Большасць сучасных гуарані — гэта метысы. У Парагваі яны складаюць асноўную групу насельніцтва. Мова гуарані там з’яўляецца афіцыйнай.

Захаваўся шэраг індзейскіх супольнасцей. Нашчадкі балівійскіх чырыгуана — індзейцы і метысы ава. Блізкімі па мове да іх з’яўляюцца чанэ, хаця іх продкі калісьці размаўлялі на аравакскіх мовах. Яшчэ адзін народ, блізкі па мове да чырыгуана, — н'яндэрэта, або тапіэтэ. Вучоныя спрачаюцца пра іх паходжанне.

Усходняя плыня мб’я-гуарані насяляе Бразілію, Аргенціну і Парагвай. Нягледзячы на ціск сучаснай еўрапеізаванай культуры, а таксама праблемы, што ўзнікаюць з-за жыцця ў розных дзяржавах, яны захоўваюць супольную тоеснасць і многія рэлігійныя вераванні продкаў. Наадварот, калісьці адзіны народ ітацін гуарані у нашы дні фактычна складае дзве этнічныя супольнасці пай-тавітэра ў Парагваі і каюва ў Бразіліі. Племя ачэ — абарыгены Гран-Чака. Да другой паловы XX ст. яны захоўвалі ізаляцыю ад вонкавага свету.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]