Дабруджа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анексія Паўднёвай Дабруджы Румыніяй 1913. Перадача яе Балгарыі па Краёўскім пагадненні ў 1940

Дабру́джа (рум.: Dobrogea, балг.: Добруджа, турэцк.: Dobruca), таксама Задунаўегістарычная вобласць на поўначы Балканскага паўвострава, на тэрыторыі сучасных Румыніі і Балгарыі. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя Дабруджа, стратэгічна размешчаная каля важнай дэльты Дуная стала аб'ектам тэрытарыяльных спрэчак паміж Расійскай імперыяй, Асманскай імперыяй, Румыніяй і Балгарыяй.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дабруджа з 1878 года

Гістарычная Дабруджа складаецца з Паўночнай Дабруджы, якая з'яўляецца ў наш час часткай Румыніі, і Паўднёвай Дабруджы — часткай Балгарыі. Румынская Дабруджа размешчана паміж ніжнім Дунаем і Чорным морам і ўключае дэльту Дуная і румынскае ўзбярэжжа Чорнага мора (балгарская частка Дабруджы ўключае самую паўночную частку балгарскага ўзбярэжжа Чорнага мора). На гербе Румыніі Дабруджа прадстаўлена ў выглядзе дэльфіна.

Румынская Дабруджа ўключае паветы (жудзецы) Канстанца і Тулча. Галоўныя гарады — Канстанца, Тулча, Меджыдзія (Medgidia) і Мангалія. Балгарская частка ўключае вобласць Добрыч і часткі абласцей Сілістра і Варна. Галоўныя гарады — Добрыч і Сілістра.

За выключэннем дэльты Дуная — багністага рэгіёна на паўночным усходзе вобласці, рэльеф Дабруджы пагорысты, з сярэднімі вышынямі 200—300 м. Вышэйшы пункт — пік Цуцуяту/Грэч (467 м) у горным масіве Мэчын. Плато Дабруджа займае большую частку румынскай часткі Дабруджы, у балгарскай частцы знаходзіцца і плато Лудагор'е (Лудогорие). Возера Сютгёль — адно з найважнейшых азёр гэтага рэгіёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці тэрыторыя Задунаўя была заселена фракійцамі. У V ст. да н.э. яе занялі скіфы; у I ст. — рымляне; а з III ст. зведала нашэсце готаў, гунаў, іншых плямёнаў. З пачатку VI ст. тут з'яўляюцца славяне.

Герб Дабруджы

З утварэннем Першага Балгарскага царстваVII ст.) Задунаўе ўваходзіць у яго склад. У XI — XII ст. належала Візантыі. З канца XII ст. — у складзе Другога Балгарскага царства. Паслабленне апошняга прывяло да ўтварэння на тэрыторыі Дабруджы ў XIV ст. самастойнай феадальнай дзяржавы, заснавальнікам якой быў Балік. Па імя яго пераемніка Даброціцы тэрыторыя атрымала назву Дабруджа.

У канцы 20-х гг. XV ст. тэрыторыю Дабруджы захапіла Асманская імперыя. Пасля Руска-турэцкай вайны 1877-78 гг. Паўднёвая Дабруджа адышла да Балгарыі, а Паўночная была перададзена Румыніі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 года Паўднёвая Дабруджа таксама была перададзена Румыніі, у складзе якой знаходзілася да 1940 г ., За выключэннем 1916 — 18 гг., калі ўсю тэрыторыю Дабруджы занялі балгарскія і нямецкія войскі. Паводле балгарска-румынскага дагавора, падпісанага 7 верасня 1940 г. у горадзе Краёва, Паўднёвая Дабруджа была вернута Балгарыі. У 1947 г. балгарска-румынская мяжа ў Добруджы была пацверджана мірнымі дагаворамі паміж Балгарыяй і Румыніяй.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]